Выбрать главу

Янка Лучына

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

I. Замест уступу

«Цікава, мой панічу, што ў жыцці настане? — Вёў мову Грышка, як прылёг быў на паляне, Дзе адпачыць спыніліся стральцы ў бары. — Мо не да ладу я кажу, мо ўжо стары? Што змена часу дасць нам, страты ці прыбыткі? Выходзіць, пане, як у бабкі-варажбіткі. Спрачацца не хачу, заўвага ж ёсць адна: Я, не раўнуючы, як той кравец з сукна, Вам лёгка з кожнага тутэйшага нязломка Двух выкраю мешчанчукоў ды меры ёмкай. А хіба ліха нашу чэлядзь, дабрадзей, Не гладзіць гэтак, як барсук сваіх дзяцей? Го! го!.. каб злыбеды зубоў не вышчаралі, З асілкамі-дубамі люд бы раўнавалі. Вось! — блізка беручы, на пана паглядзеў: І цьфу! — аж падступае злосць, паніч схуднеў, Запалі шчокі, не пазнаць людзіны з места! А як пашастаем па лесе мы сумесна, Дасць Бог, за восень пан паправіцца ў мяне, Пакуль зноў жыць на лад мястовы не зачне. Ды, мой панічу, праз паўгода быць вам потым, Нібыта той камар, што хворы на сухоты». — «Шчыруе той, хто мусіць». — «Думкі мне адны Спакою не даюць: хай спаляць перуны Хвалёны гэты лад і новыя парадкі!.. Чыгунку пракладацьмуць тут і даастатку Павысякаюць Ляды Чорныя, сюды Збярэцца набрыдзь, купай з'едуцца жыды, Каб зыскі выдзіраць усюды зграяй цэлай Да Князя, возера, ад Машукоў і Цэпры, Спусцее Паграбішча, пойдзе ўсё на звод, І ў Муты схоча ліпкі на прыбыткі зброд, Сок высмакчуць увесь, нібы кляшчы, з зямелькі, Прастоту ўрэшце высмее прыблуда нейкі, Да ніткі абскубуць… Як рады дасць жыхар, Што ў Чорных Лядах меў усё як гаспадар, Калі за венік нават, што цяпер дармовы, Плаціць з кішэні будзе!.. А кантракту ўмовы, Калі падпіша?.. Год ад году — і канец, Не толькі знікне звер у нас, але й глушэц. А прыйдзе час, што й качкі не пабачаць людзі, Што на драздоў і дзятлаў ставіць сеткі будзем, Цьфу!» — гэтак правіў Грышка погляд просты свой. Аблічча, постаць, а таксама світкі крой Яскрава сведчылі, што ён дзіця прыроды, Палесся сын і спадкаемец варты, годны, Выхоўвалі яго імшарыны, чарот, Віры і плыні, душагубкі, што з калод. Спрачацца з Грышкам цяжка, лоб яго закуты На дыспуты, на спосаб новы і нячуты. Ляпей узважма, скідку робячы прытым, Ці ёсць хоць частка праўды ў поглядзе старым? Ідзе да люду поступ, хай ідуць і людзі, Гудок фабрычны кліча, паравозы будзяць, Свет белы абягае тэлеграф ганцом, Развеяў цемру Томас Эдысан святлом. Што ўбачым, цяжка праракаць, як ад навукі Дужэць, спрытнець у чалавека будуць рукі! Пад ногі поступ падабраў вякі, падспод, Усё, што адпадзе, асуджана на звод. Пратэставаць дарэмна і навошта збочваць, Бо людзі кажуць: «Жыць і карыстаць мы хочам!» На акіяне хвалі марна люцяць бой: Іх топча карабель, з іх пена за кармой. Што небасяжных гораў тоўшча значыць будзе, Калі тунэлі іх наскрозь прабілі грудзі? Які ты ў нашым часе, о палескі край, З адменаю тваёй, куды ні завітай, Дзе гожасць дзікае прыроды — ад пачатку, Дзе памяткі князёў, тых Рурыка нашчадкаў, Што ў стэп на полаўцаў збіралі вояў раць, На дзіды тураў колісь сілу мелі браць? Ты край глухі, твае аблогі векавыя Плуг поступу ўзарэ пад нівы залатыя. Вы, мшары й пушчы, знікнеце, як марны сон! Звядзецца звычай, зменіцца стары закон, І ўсё, што слушна да мінуўшчыны належыць, Памрэ павольным сконам зубра ў Белавежы. Паверма, шчасце заквітнее на зямлі, Шумець там жыту, дзе балоты век былі. Палескай простай грамады нашчадкі ў хатах За стол шырокі сядуць у бяседзе братняй, Нарэшце скажуць: шчасце — ява нашых мар! Паверма!.. хоць і Шапенгаўэр скрывіць твар. Вось колькі абразкоў, сабраных у прастоты На полі, сенажаці, ў пушчы, на балотах, Каму сама прырода твор складае свой З найцікавейшым зместам, з моваю жывой, Каму і рыфмы (што цяпер выходзяць з моды) Не замінаюць і не чыняць перашкоды. Хто мае за людзей усіх палешукоў, Таму не збрыдзее змест гэтых абразкоў. Мы з праўдаю не размінуліся ў прысудзе, Што гэтак ёсць, што так было, ды так не будзе.

II. Першае маё паляванне на ласёў