Выбрать главу
* * *
Разводдзем човен дзесь пад вечаровы час У Ляды Чорныя занёс на спевы нас. За мшарамі пачаўся лес штораз цямнейшы Ды больш дрымучы, чым далей — дзічэйшы. Не чуешся ў магутнай пушчы векавой Прыроды панам, а часцінкаю малой. Рыгор тут раз, другі і трэці пагалёкаў, Прыслухаліся: нам адказ ляціць здалёку. «Там хлопцы! то і добра, што прыйшлі раней, Агледзелі, начлег спарадкуюць лацвей». На выспе гэтак званай, на малым пагорку, Чакалі нас дарослыя сыны Рыгора, Два хлопцы. Мокрыя, з гразёю, пасталы І крыссе ўподтык прамаўлялі, што паслы Рыгоравы балота мусілі так мераць. У кожнага ў іх стрэльба, торба і сякера, Заткнутая за пас сырцовы на баку. «Хвала Хрысту!» — «Навекі!» — «Янку, Вінцуку І панічу трэ спевакоў сачыць на токах, Я завінуся тут, ачышчу месца збоку Нам пад начлег, з ламачча раскладу агонь. Ідзеце з Богам, бо запала ўжо сутонь». Штораз цямней. Здаецца, хвоі ды яліны Вышэйшыя шчэ сталі ў гэтыя хвіліны. Ківаюць, здэцца, веліканы галавой І з вышыні няспынна сочаць за табой. Таемнасць шолаху, гамоняць ціха дрэвы, Крык сойкі, чорнага дразда ліюцца спевы. Далей праз гушчыню! Як плавень без стырна, Як птах начны, бясшумна ў морак парынаў! Штокрок стаю і слухаю… прысеў, чакаю… Зблудзіць я не баюся, лес вялікі знаю. Ад вусцішнае цішы, мроку, сценяў тых Уражанне на нервах дзіўнае маіх. Я ўслухаўся… пачуўся раптам лопат крылаў, Ляціць над самай галавой глушэц-страшыла, Адразу завярнуў улева неўспадзеў, Залапатаў і сціх — на дрэва, пэўна, сеў. Я чуў, як сэрца стукацела з хвалявання,
Каб не парушыць цішы, стрымліваў дыханне. Глушэц затакаваў і змоўк, зноў песні зык, Птушыны спеў разлёгся. Брава! такавік! Назад стараўся адыходзіць асцярожна, Бо ў лесе кожны сук заўсёды здрадзіць можа. Дапамагаў мне мяккі пад нагамі мох, Без шолаху, паціху адыходзіць мог. Сцямнела ўжо, прыкмеціў зорачкі паходню І вырашыў урэшце йсці далей свабодна. Агледзеўся, вагаўся шчэ ў душы крыху, Ці не змыліўся, ці патрапіць я змагу. Ды зніклі думкі невясёлыя адразу, Як стук Рыгоравай сякеры ўчуў выразна — Звароту нітка вось. І неўзабаве стрэў Святло пурпурнае на вершалінах дрэў Ад вогнішча начнога. Лесам брыў цямраным, Спыніўся, тым відовішчам зачараваны: Эфект святла і ценю панаваў наўкол, Забарвіліся дрэвы, мох, кусты і дол, А людзі пры агні — не ўздумаеш такога, Як быццам з чарадзейскага жыцця ляснога.
* * *
«Шатана ці русалак бачыў ты хіба?» — «Фу!.. цьфу!.. Панічу! ну навошта пахвальба? Нібыта не баіцца сілы пан нячыстай?!. Мо тут шатан сядзіць на хвоі дзе камлістай! Нячысціка ды клікаць?!. У імя Айца!.. Мы ў пушчы, а не ў хаце свячанай!.. Жыцця Яе не перадаць… гм!.. кніжкі пан чытае І верыць, што бязлюдны лес душы не мае? Прабач. Дык слухайма, лавем жа кожны гук, Ад пушчы пан не спадзяецца гэткіх штук. . . . . . . . . Паніч ці чуе?!. Я звяроў і птахаў знаю, Ды што за д'ябал, голас чый, не адгадаю!.. Фу!.. цьфу!.. спакуса панава… пачаў вярзці! Я ж вернік, пад святой апекай у жыцці!» . . . . . . . . Шаптанне пацераў… Дапраўды ў пушчы ночнай Усякіх гукаў тысяча. Пазнаць захочаш, Не разбярэш дзесятай часткі з іх ніяк. Хіхікне хтось, а там заплача горка так, Тон часам жаласлівы, часам востры, дзікі. Таемныя спрадвеку пушча мае зыкі. Хто скажа, што ў сабе захоўвае яна?.. Яе ўрачысты й грозны голас — цішыня, Як тону вушы аніводнага не ўловяць. Не дзіва, што ў праявы верыць люд вясковы. До ў пушчы раз паначаваць і там без слоў У гукі ўслухацца таемных тых размоў. Так думалася мне, як лёг я адмыслова, Акрыўся буркаю на купе лап яловых, Яліну Грышка ссек. Прыемнае цяпло Ад полымя вялікага няспынна йшло. Снапы бліскучых іскраў угару ляцелі Зігзагам фантастычным. Ніклі летуценні. На ловах лёгка спіцца… Цёмнай шчэ парой, Нібы вупыр, схіліўся Грышка нада мной: «Панічу, трэ ўставаць!» Мяне прабрала крыху, Дарма што цёплае адзенне. Цёмна й ціха. Між хмарак дыяменты зор. Я ўстаў, мацней На голаў шапку нацягнуў і сеў хутчэй Да вогнішча. «Глушца на токах не адстрашыш, Калі з'ясі на адыходзе цёплай кашы, Сагрэе пэўна… Ўчора запытаўся пан, Ці ў пушчы часам Грышку не спаткаў шатан? Гм!.. Што ж сказаць на гэта?!. Кпяць за кожным разам З нас, прасцякоў, панове… Трасца й ёсць жа назва Таго вось ліха. Пан жа згодны! На яе, Як чар, стары тут Грышка радзіў бы свае Спажывы з'есці цёплай… Выбач, пане, ўчора Быў не да смаку жарт!.. нядобра!.. Што ж да чорта? Ці ёсць? не знаю… Пан па гутарцы такой Хай будзе асцярожны ў глыбіні лясной… Дахаты мой Вінцук пабег быў ночай цёмнай Па казанок… Заснуў пан без вячэры цёплай».