Выбрать главу
* * *
Я памаленьку з астраўка пайшоў у мрок, Тут угрузаў, дугою гнуўся там штокрок, Інстынктам кіраваўся памяці ў надзеі І пільна прыслухоўваўся, што пушча дзее. Агню не бачыў я, ўрачысты супакой, Лес толькі, бы гаворыць, верх хістае свой, На смельчака дзівуецца, які пакрочыць Адважыўся ў абшары лесавыя ўночы Далей — уперад!.. Раптам блізка трэск зусім, Вушам спачатку веры не даваў маім. Прыслухаўся, дапраўды тросся куст вяршкамі, Сухое лісце шамацела гэтаксама, Ступае хтосьці… Глянуў… здрыгануўся ўвесь, Аж сталі дыба валасы на мне — мядзведзь!.. Ягоныя абрысы ў мроку ўбачыў толькі, Прыблізіўся і стаў за крокаў пяць, не болей… Ці збегчы — паратуе бліскавічны рух, Ці хуткія два стрэлы шротам з метраў двух! Пасля за дрэва. Колькі часу я выстойваў Сярод бязлюднай пушчы, ельніку густога, Не знаю, дрыжыкі ўзялі мяне суздром, Быў вока ў вока я з пушчанскім каралём… За мною раптам шолах!.. Тут мядзведзь вачыма Павёў туды, дзе шум, і з гэтае прычыны Ён адышоў, мармычучы… І там яго Замоўкла крокаў водгулле… Пасля ўсяго З палёгкай уздыхнуў — мінулася ліхое, Шчэ вуха навастрыў на месца на другое, Туды, скуль шолах даляцеў, але дарма Я сіліўся пачуць — знік шум, нідзе няма,
Спакою анішто не парушала ўранні; Я зноў уперад рушыў, яснае світанне На цёмным небе, ўжо займалася на дзень. У пушчы глуха шчэ, ды гукі дзе-нідзе Вітаюць сонца, першыя снапы прамёнаў. Агледзеўся, чакаючы знаёмых тонаў… Я не блуджу, бо той куток пазнаў, дзе быў, Дзе ўчора поблізу такавіка сачыў. Вось чую зык… выразны… то ж глушцова песня!.. Няма сумнення!.. Бы падушка, мох у лесе, Зраблю два крокі асцярожна і далей Набліжуся на столькі ж як мага цішэй. І ў спеху і ў трывозе праставаў да токаў, Дыханне стрымліваў сваё на кожным кроку. Як толькі даляціць глушцовы ў лесе спеў, Я скокну і замру ў тэй позе. Паглядзеў — Сядзіць глушэц, задраўшы дзюбу на асіне, Спявае песню, пушча гэтаю часінай Заслухалася, хвост, як веер, распусціў, Няпомны ў спеве, ў гімне любасным на здзіў. З грудзей не выскачыць ледзь сэрца, як нарэшце Наблізіўся я неяк праз замінкі ў спешцы… Пара!.. Прыцэліўся: стрэл грымнуў, дым пайшоў, Хіснуўся птах, з асіны каменем далоў, Галіны ломячы, і ў шэры мох аж бухнуў, За ім ляцяць сукі сухія, пацяруха. «Нішто сабе! нішто!.. віншую!» — «Дык ты тут?» — «А на выпадак… што?.. быў пану перапуд? Ды шчэ які!!. Я чую, хтось яшчэ там ходзіць, Падумаў, мне туды падбегчы не зашкодзіць, Падрапаць пану скуру лапай мог мядзведзь. Загнаў у рульку кулю, рупіўся паспець, Сякера шчэ за пасам… Гора з панам многа, Пільнуй яго, нібы дзіця!» — «Не знаў нічога, Твае чуў крокі, хто ж яшчэ з'явіцца мог? А што, калі другі!.. Хай укрывае Бог!.. Ды наша вогнішча было з таго вось боку Раскладзенае на начлег непадалёку, Мядзведзь стуль быць не мог…» — «Дам раду, павучу, Не трэ шукаць шатана ўночы панічу!» Пачуўся стрэл далёкі. «То Вінцук страляе!.. Вось і наслаў мядзведзя!» — «Хто?» — «Шатан пракляты… Панічу, ціха!.. добра спеў цяпер чуваць… О!.. о!.. і не перастае глушэц спяваць. Скачэм!» За гэтым разам стаўся я віною: Глушца спалохаў сук, што хруснуў пад нагою, Як блізка быў. Цьфу! цьфу! навуку кагадзе Пан меў, а на глушца, нібы на дзятла, йдзе. Тут мох кілімам, а паніч у лом паціснуў, У горшае шчэ месца пхнецца там наўмысна. Глядзець пад ногі трэ!» Пачуўшы наганяй, Не змоўчаў я: «Тут голаў толькі й задзірай, Як хочаш бачыць, дзе сядзіць». — «Ды не, наліха, Выгледжваюць пасля, як падкрадуцца ціха. Глушэц не дроздзік!.. Годзе, зачало світаць, І з дрэва мусіць такавік ужо злятаць».