VII. Аблава на ваўкоў
«Паночку, ёсць!.. знайшоў! каб колька ім падпала!
Ажно за Цэпрай, пад смалярняй заняпалай.
Нядобры час цяпер, каб іх упаляваць.
Ці — мала ўжо ваўкоў? Бадзягі ўсё чуваць,
Тут сёння абзавуцца, заўтра аж за мілю!
Тутэйшыя лясы я знаю непамыльна,
Цвярджу: няхай мне паляўнічы плюне ў вочы,
Калі непадалёк бярлог асочыць воўчы.
Нарэшце племя іх амаль прапала марна,
Завабіць вырашыў ваўкоў аж пад смалярняй —
Маўчаць, а блізка — ранак, час ужо не той.
На спробу зацягнуў іх песню Янка мой.
Фі!.. фі!.. аркестра, пане! бы кадрылю грае!
Як з Капыля ці з Клецку музыка жывая!!.
Мы бокам — граюць зноў!..
Каб пэўнасць мець далей,
Смалярня ўчора шчэ прывеціла гасцей.
Разы чатыры з боку вабілі другога —
Тамсама выюць… Мог бы тычкамі ля логу,
Заняўшы паўвалокі, значыць іх кубло.
Сачу даўно — асочкі лепшай не было.
Аблеткі ёсць, і пераяркі, і старыя,
Ці шэсць, ці сем — да ладу не дайшоў тады я.
Кутом у лесе будзе лінія паноў,
Ваўкам канец, мы іх паб'ем, як бараноў.
Каб не марудзіць толькі, не губіць надзеі,
Хай піша пан лісты і просіць на нядзелю.
На тракце пры карчме гасцей далёкіх збор,
Туды ж аблаўнікам ісці накажа двор.
У косці ўвернем гэтым шкоднікам праклятым.
Хвала Хрысту!.. Пара вяртацца мне дахаты».
* * *
Нядзеля. Пры карчме дружына, ўсякі люд:
Паноў і з міны, і з чупрыны колькі тут,
Асобнымі грамадкамі трымацца мусяць
Пры іх службоўцы, шляхта. Кручаныя вусы,
Асмужаныя твары і адменны рух,
Мажныя, дужыя, відочнай моцы дух —
Кантраст між шляхтай і службоўцамі, бо тыя
З блядым абліччам, без крывінкі і худыя.
Далей стральцы — лясная варта, каля іх
Падпанкі, хурманы, прыслуга, між усіх
Паводзяцца свавольна франты-местачкоўцы,
Да дзевак прыстаюць, хіхікаюць бясконца,
На ўцеху ганчакоў уздумалі дражніць.
Стары іх Грышка мусіў тут жа абсадзіць.
Загоншчыкі на прызбе, ганку і пад плотам
Былі наводдаль, не раўнуючы, як сплёты
Даўжэзнае вужакі чорнай, што паўзла
І ўсю вялікую карчму апавіла.
З аблавы кожны быў узброены ці стрэльбай,
Ці кіем — помстаю кіпеў на воўка, шэльму.
Пацешныя між імі надта хлапчукі:
Ледзь ад зямлі адрос, а цягне кол такі —
Падняць яго не можа, татава налезла
На вушы шапка, голаў скрыўшы ўсю гарэзы.
Вазы і брычкі скупіліся за карчмой,
Падпіў з засценка шляхціч, пры гурме чужой
Крычыць на сына: «Паказаў сябе, праславіў!..»
Ад смеху Грышка клаўся, ведаючы справу.
«Ну й паляўнічы ў нас — на камароў яму!
Ці ў стрэльбе помніць што?.. Хто веры дасць таму?
Хай пан адкажа нам!» —
«Курок… шчэ шомпал, шрубка». —
«Ха! ха! названа драбяза — забыта рулька,
Няма чаго, так лёгка памагчы й бядзе!
А на аблаву едзе ды за мілі дзве!»
На тракце тарахценне, пыл над ім падняўся,
Чуваць званок паштовы, станавы прымчаўся.