Выбрать главу
* * *
Аблавы не ўдаюцца на ваўкоў цяпер, Малы з іх вынік, клапатных замнога мер. А вырак гэтакі гаспадароў вясковых — Ваўкоў трэ конча вынішчаць і тэрмінова. Аблавы сельскай дысцыпліна — што й казаць, Перашкаджае паспяхова паляваць. Не тыя ўжо стральцы, паводзяцца нядбайна, Ад месца ад свайго ў лес ціснуцца патайна, І ў выніку старога шкодніка ніяк Пакласці не ўдаецца, воўк стары ў гушчак Заўжды ўцякае ўмела. Грышка з тэй прычыны, Стырно ў яго руках, меў клопат не адзіны. Паліцыю і воласць упрасіў раней, Каб у аблаве паспрыялі ахватней; Загоншчыкаў спатрэбіў на гурты чатыры, Дзяўчат прагнаў. «Нідзе ні ладу з іх, ні міру! На паляванні дзеўкі — кіне й стрэльбу зух, Не йгрышча лес! Іх у запечак! у катух!.. А то пачнуцца жарты, заляцанкі, смехі, І драпануць паціху парамі ў арэхі». Дзесяткамі расставіў кожны гурт пасля, Даў палясоўшчыкаў — людзей пад іх нагляд, Асобна фракцыі стварыў, каб ім адказваць За дысцыпліну ў лесе. «Хлопцы! я адразу Задам таму, хто правароніць у кустох: Са мною справу мець — хай укрывае Бог! Фланг левы весці Базылю, Вінцэсю — правы, Пакуль не стрэнуцца, маўчыць уся аблава, І люлек не курыць нікому патайком, Бо разаб'ю, дальбог, на пысе кулаком. Праз дзесяць крокаў ставіць, дзе й гусцей, як трэба, Глядзець, вачэй не зводзіць з-за куста ці дрэва. Ну, з Богам!.. па чарзе!.. Прашу ласкава вас, Вяльможныя панове, помніце наказ Рыгораў у выправе… Пільнавацца месца, Як дзе каго пастаўлю, маю вас я весці. Бяруся сівізной маёй запрысягаць, Што ў добрым месцы будзе кожны з вас стаяць. Пазначыў пункты я галінкай заламанай,
Там толькі аднаму спыніцца трэба пану. Як ваша воля й ласка, рушма ўсе за мной!.. Не мовіць, ідучы!.. — і гэтаю парой Нікому не курыць!..» Хто ў лесе з паляўнічых, Калі надзеі не губляе таямнічай, У стане праціўляцца ўражанням жывым, На месцы ў час аблавы стоячы сваім. Той момант, мілы сэрцу, тое хваляванне, Калі губляе воля ўладу, панаванне І водзіць толькі ў ведамых стральцоў рукой, А маладым бракуе волі ўжо такой; Той электрычны ток, што перад самым стрэлам У нашай у істоце прабягае цэлай, — Як выказаць, пачуцці перадаць стральца, Калі бяжыць звер з пуду проста на лаўца. Я ў думках месца кляў, зарослае лазою, Мяне лазняк паблізу атачаў сцяною, За крокаў трыццаць не прыкмеціш тут ваўка. Зламаў галінак колькі, сцяў нажом з вяршка — І ўбачыў справа выспачку неспадзявана, На ёй быў трохі змяты куст, трава стаптана. Я ўлажу!.. Аж пярэсмык добры там знайшоў! І цэль відаць адсюль, стралец тут мае схоў. Прыгледзеўся пільней, заўважыў быў ля спуску Галінкі заламаныя. Пярэсмык вузкі, На стрэл прарэджаны, знікаў у гушчаку. Пазнаў у зробленым і вока, і руку, Меў Грышка рацыю, да месца прыглядаўся, Сюдою воўк стары не раз, напэўна, краўся. Нямая ў лесе цішыня, глухі спакой, Хоць Грышка тут аблаву чыніць на ваўкоў. Урэшце знак — далёкі стрэл — і закіпела Шырокае паўкола!.. Купка праляцела Драздоў, і цецярук мільгнуў быў, беляка Я згледзеў, выскачыў з лазы ён, даў слупка І ўцёк. А гоман рос, вось даязджачы трубіць У рог — то блізкае ваўкам спавесце згубы. Гон закіпеў, як толькі ўсім сігнал далі, На вока, пэўна, купу ганчакі ўзялі. Калі на флангах стрэлы ў лесе прагрымелі, Загоншчыкі па ўсёй аблаве зашумелі. Ваўкоў аблога прыціскае… І стральцы Ўжо сыплюць стрэл за стрэлам. У другім канцы Пачуўся крык: «Пільнуй!..» У лазняку штось рушыць, Штось шаснула і раптам выткнуліся вушы, Пад ногі выскачыў вялікі воўк з кустоў, Палю, шчаслівы момант улучыўшы той, У лоб, праз дым убачыў — лапамі накрыўся І тут жа ўскочыў і паўзе… у лес пашыўся! Надзвычай дужы звер… Чакай, чакай, дружок! Яшчэ табе дадам!.. і склаўся на разок, Ды тут аблетак трапіўся з кустоў на вочы, Палю па ім — уцэліў па баку, як скочыў — І воўк перакуліўся… Я заклаў набой. Ляжыць аблетак, а стары, вялізны той, Пацёгся, след пакінуў па сабе крывавы. Шчэ колькі стрэлаў, крык яшчэ і шум аблавы, Ды ўсё паволі моўкне, сціхла гранне псоў, Канец аблаве, паляванню надышоў. Змаўкае рог. «Што пан мне паказаць гатовы?» — «Тут малады, стары ж, як мае лоб сталёвы, То шчэ жыве… Вось кроў!» — «То ўдача паніча! Дабіты ўнізе быў кіямі з-за пляча. Яму пан перабіў пашчэнкі, выбіў вочы, Скрываўлены, ды поўз у схоў — у воступ воўчы, Ўзялі — як у цапы. Уцехі там было!.. Нябожчыка пярэсцяць шчэ й цяпер калом. А што? няблага выйшла? Столькі ўпалявалі, Як меркаваў, калі аблаву пачыналі. Вось два старыя, два аблеткі, маладых Шэсць, ліс, барсук! Як Грышкаў рэй, вось так тады. І кожны стрэліў пан або пабачыў воўка. Мо чвэрць нібыта на вайне: бах! бах! — не моўкла. Што пан старому скажа тут на гэткі рэй?» — «За ўдачу й за тваё здароўе выпіць трэ!» — «То дзякуй! Грышка і за ловы, і за пана Звяселіцца ў бары пачосткай на паляне».