Выбрать главу
* * *
Назаўтра толькі што прачнуўся пан уранку, А Грышка з стрэльбаю чакаў ужо на ганку. «Што скажаш, дзеду?» — «Ёсць, паночку, просьба шчэ, Па медзвядзя падводу дай у лес хутчэй! Ляпей бы параконку, гразкая дарога, Мядзведзь пудоў на дваццаць будзе, дзякуй Богу». — «Апавядай, як там?» — «Не памыліўся, бач, Чакаў я ноч, на досвітку прыйшоў кудлач. Як бавіўся пад хвояй з падлінай у ляпе, Пад вуха пацягнуў — перажагнаўся лапай».

X. Смерць Грышкі

Вяртаўся я праз шмат гадоў бадзяння ў свеце — Хоць раз убачыць родны кут было на мэце, І праз вакно вагона, праз імклівы дым Глядзеў удалячынь днём ясным веснавым. Лятункі-думкі з дымам ды клубамі пары
Плылі й плылі чаргою ў родныя абшары! Здзівіўся я, вачам не верачы сваім, Што наваколле ўжо інакшае зусім. І ледзьве-ледзьве змог пазнаць той край, дзе колісь Я жыў, які і ўдоўж і ўшыр схадзіў даволі. Усё, што там было вялікае даўней, З вакна вагона стала неяк мізарнець. Знаёмыя вось вёска, млын, ставок і рэчка Мільгнулі й зніклі, вось і знаны гай, дарэчы. За ім жа возера, там прыспарае бег Удалеч леснічоўка, дзе я меў начлег. Якая ніклая!.. нібы не гэта хата, Пазнаў я дрэва, моху на страсе багата. Пабежна прамільгнулі студня з жураўлём, Адрынка, дранкай крытая, радок вуллёў. Ды што ж тут?.. дзе ж лясы?.. Мо нешта ўжо з вачамі? Ці ж гэтая вялікая пустэля з пнямі І папарацяй леташняй, што крые дол, Ёсць Кругліца, дзе чуўся птушак спеў наўкол, Бярозы дзе шумелі, хвоі ды асіны?.. Дзе столькі ў гушчары таілася дзічыны! Дашчэнту ўсё жывое вынішчана скрозь, Пустэча, могільнік!.. Тут свішча паравоз: Да станцыі ўжо мала… Я пазнаў здалёку Старую брычку, што мяне чакала збоку.
* * *
Пытаюся я ў дзеда: «Што чуваць у вас?» У наваколлі знаным мы былі якраз, Дзе паравоз за гаем сіпаватым свістам Нам намякнуў на ўплывы поступу празрыста. «Багата змен, панарастала маладых, А век, паночку, сходзіць у людзей старых». — «Што з лесніком Рыгорам? Ліст мне надасланы, Што памірае». — «Акурат сягоння рана Прыбег унук яго, прасіў, як пан спачне,