Выбрать главу
Да іх каб выязджаў і як мага раней. Пытаецца пра пана Грышка безустанку». — «Мяне вы разбудзеце заўтра на світанку». І я задумаўся ад сумнай явы той: Мой дружа, маю развітацца ўжо з табой! Чужыя мы зусім паводле роду, стану, Ды я ўспамінамі з табою паяднаны, Давеку спараднілася душа мая, Мяне заўсёды шчырасць вабіла твая, Вартнейшая яна за ўсякія пышноты, Што ў сэрцы спараджаюць пачуццё самоты. . . . . . . . . Рыгор, сівы як лунь, з вялікай барадой, Быў на палацях, павітаў мяне рукой, Парупіўся стары адразу злезці з печы, Як я ўвайшоў, сказаў, што вельмі недарэчы Быць там пры мне. Яго занеслі два сыны На ложак, бо хадзіць стары не мог з вясны… Я сеў пры ім, руку ўзяў ён маю ў далоні, Маўчалі мы, мне слёзы падступілі ў лоне. «Гм! — пан старэе ўжо!.. а мо вачэй падман? То ж лысінка?.. Няхай жа схіліць голаў пан, А як жа!.. Што ж такое?.. не пара, так скора!.. А ці ж даўно было, як на руках Рыгора Пан жвава ножкамі перабіраў, дзіцём Да стрэльбы ўсё цягнуўся?.. Як бяжыць жыццё!» — «Ужо мінуў чацверты крыжык мне, зазначу». — «Што кажа пан? Скуль — столькі? Жарты, і няйначай!» — «Мы ж аднагодкі, я і вось Вінцэсь, сын твой». — «То праўда! так, то праўда!.. Як жа, Божа мой, Павырасталі ўсе!.. Пятрусь, унук мой, бачу, Баранаваць ідзе, ўжо б'е драздоў і качак І хваліцца на ўцеху дзеду пра паход. То ж блага, пан не мае дзетак! Знікне род. Адзінае на старасць шчасце ў бобе гэтым, Лягчэй развітвацца з людзьмі і белым светам, Як пакідаеш нешта… Ўнукі цепляць нас! Хоць, праўду кажучы, калі б мне Бог шчэ раз Пражыць мой век судзіў, было б ужо няміла, Другі стаў свет!.. Змірыцца чалавек з магілай Тут мусіць… Мне ж з натураю маёй як жыць! Нялёгка сакалу, пан, курыцаю быць, Ды трэба!.. Нашы мовы пан ці памятае? Што ж? — на маё не выйшла?.. Праўда ёсць святая І ў тым, што не пускаў на вецер пан слаўца: Балота асушылі — прыбыло сянца, І сталася, што родзяць даўнія аблогі, Дык маем болей хлеба… Краявід убогі Там, дзе прыроду глуміць прагны чалавек, Дзе гінуць соткі, тысячы за грош, дзе здзек
Канца не мае: шэльма лупіць скуру з люду, Пустошыць, нішчыць Божыя дары прыблуда!.. Праз Кругліцу пан ехаў, дзе ж яе краса? Як выглядае тая пустка, бачыў сам? Ні роляў там не будзе, ні лугоў, ні пашы — Зямліца мёртвая людзей пустэчай страшыць! Які раскошны лес спакон вякоў там быў! Дзе ж ён? — у злодзея, кішэню жыд набіў. Пры дубе скрадзеным яму я ўсыпаў, браце, Стоўк пыку ўсю, цёг за каўнер і калашмаціў! У нас над Файтэля няма багатыра: Купец і два фальваркі тут у махляра! Вось так!.. Сабе падумаў: жыцьмуць як унукі?! І паўтараю перад смертухнай: навукі! Навукі дзецям даць!.. З надзеяй у душы Чакаў я пана дзень пры дні ў лясной глушы. Радзь, золатца!» — «Ісці да школкі трэба дзеткам». — «І я цвярджу: Вінцэсь! прадай валоў улетку І да мястэчка шлі дзяцей! Сваё тут ён: Ляпей куплю ім, кажа мне, зямлі загон. Вы чуеце, што мовіць пан?!. Кхэ!.. кхэ!.. О Божа, Слабею я!» — «Рыгору, спадзявацца можаш! Паводле волі станецца тваёй, павер, — Да школкі пойдуць дзеці. Добры й той намер — Ралліцу прыспараць. І роздум Вінцуковы — Мацней узяцца за зямлю — не памылковы. Знясілены цяжкою працай просты люд Спазнае, што нядоля гаспадарыць тут, Як ашуканец, што купаецца ў раскошах, Сок высмакча апошні, каб нагрэбці грошай. Святло навукі ў хатку нізкую сягне, Як не цяпер, то ў блізкай яве, а не ў сне. На ўсе ж варункі сёння нельга даць адгадкі, Як будуць жыць, што будуць мець твае нашчадкі. Таму сябе дарэмна мучаеш думой, Лепш будзе — верма». — «Веру сэрцам і душой! Каго стварыў Пан Бог, таму дасць хлеб збавенны». — «Абы нашчадак працавіты быў, сумленны». — «Таго я спадзяюся!.. Нейк лягчэй вось мне. Я знаў, што пан развее гэты мой сумнеў. Няма з кім радзіцца, не скажаш анікому: Той знае, ды маўчыць, не веру сам другому. Дзе час той? З панам палявалі мы калісь, Успомніць нават міла. Забрыдзем кудысь Глыбока ў пушчу. Дзесьці ў старане бязлюднай Сабе начлежым, вогнішча гарыць заўсюдна, Ляжаў Каро пры пану, выжал, а пры мне… Маю старую Непту помніць пан ці не?.. Расповяды альбо старыя пераказы Пан слухаў і запамінаў за кожным разам, Не спаў, пра ўсё распытваўся, мой галубок, А я выцягваў з пана тое, што з кніжок. Ого — навука!.. Помню, як дакладна панам Шлях, дзе капаць з дрыгвы канал, быў адгаданы. Там выкапалі. На заломе, што й казаць, Была, як бездань, багна — зараз сенажаць. Пан меў мо сто прафесароў, сядзеў над кніжкай, Ды ў пушчы акадэмія была пры Грышку! Бурчу, бывала, строю жарцікі свае, Пан за навукі не загневаўся мае. І як ні лез я ў вочы з павучаннем, Пан да старога быў прыхільны без хістання. Люблю я пана… Паляўнічы хоць з яго Такі, як люлька за тры грошы, і ўсяго. Ахвота ёсць, — што з гэтага? — намер дарэмны! На носе ў пана акуляры, бачыць дрэнна, І блудзіць, і гарачы, як страляць, заўжды, Не ўмее вабіць і знайсці след звера… Ды Нікога не любіў над пана з паляўнічых, За шчасце хвілі, як быў з панам, Грышка лічыць. Ёсць пану памятка. Стары і хворы ўжо Нейк выдаўбаў. З каморы дайце мне ражок!.. Ён з дзіўнай верабіны, адшуканай мною, Расла й звівалася вужакаю даўгою. Ражок я гладкай скураю паспеў абшыць, Далёка голас чысты ў пушчы паляціць. У лесе паляўнічаму блудзіць ганебна, Ражок на паляванні пану мець патрэбна. Прыгадвай Грышку… Раджу, будзе моц пакуль, Няхай шануе паляванне пан паўсюль, Не тое моднае, дзе знік лавецкі звычай, Нішто стральца не вабіць, апрача здабычы, А нашае — ў палёх, дуброве, мшарах, брат, Здароўе што змацняе і не чыніць страт. Не буду спору прыракаць наперад ловам, Даўно жыды ў арэнду ўсё забраць гатовы. Як апануе сэрца смутак, неспакой, Душу суцешыць лесу шум над галавой. Як тлум людскі далёкі свет пазаглушае, Хай пан у наш куток зацішны паспяшае». Замоўк стары ляснік, жыцця і веку схіл Змарыў яго, але здабыў ён трохі сіл На гутарку. Няхай стары спачне ў дрымоце. Мы выйшлі зараз жа без шуму і ў нямоце. Калі вяртаўся я, раі тужлівых дум Навеялі на сэрца несуцешны сум. З вачэй не сходзіў Грышка… На дарозе Божай Спакойны, — эх! хто з маладых быць гэткім зможа!