Выбрать главу
Папуску даўшы паляўнічай раз ахвоце, Страляў калісь чачотак, вераб'ёў на плоце. Стары пабачыў Грышка, йшоў кудысь сабе, Сярдзіта плюнуў ды сказаў быў у журбе: «Панічу! эх, панічу! пахвалы не мецьмеш, Хоць стрэліш трапна й пташку, што ўпадзе, прыкмеціш. Набою шкода — раз, другое ж — без віны За што ж іх, дробных, бедных, біць, калі яны Завеяй, маразамі туляцца пад стрэхі? Дапраўды, грэх вялікі з гэтакай уцехі. Хіба ў лясох звяроў няма, панічу мой? Няхай бы волю там ахвоце даў сваёй. Забіць лася, ваўка, хоць шарака не тое, Што на чачотак, вераб'ёў псаваць набоі. Панічу, згода ёсць на ўмовіны? Як мне Пан слова дасць — ніколі ў пташку не стральне, Я сам лася аб'еду, так пастаўлю пана — За крокі будзе тры рагач неспадзявана». — «Так, згода, згода!»
* * *
Тыдня не мінула шчэ, Чакаў старога Грышку, недзе знік з вачэй, Нарэшце ён з'явіўся. Значылася з міны, Што ім прынесены шчаслівыя навіны. «Панічу, блізка, дзе чароту гушчыня, Ёсць лось-рагач, ласіха, з імі ласяня. Дык рушым заўтра з панічом, як ледзь заднее. Мароз слабы, без ветру, ёсць тады надзея На шчасце ў паляванні добраю парой. Вазьму я сані пад'яздовыя з сабой, Свайго каня, сыноў, упэўнены, панічу, Ў лася, бы ў сена стог, страляцьме паляўнічы. На паляванне ці гатовы пан як след?» — «А як жа, як заўсёды». — «Клопат наш сакрэт, Усё дапільнаваць. А стрэльба ці набіта?» — «Не». — «Што? Мы ж вырушым да дня шчэ менавіта. Зашыў у скурку кулі?.. браў іх на замер?» — «Не». — «Як жа быць, панічу?» — «Ат! зраблю цяпер, Ці стрэльбу набіваць мне будзе клопат нейкі?» — «Панічу, прабачай! Ласі не верабейкі. Не выйдзе анічога! Хай дазволіць пан Самому мне дагледзець паляўнічы стан. Трэ гэткія дапасаваць набоі ў рулю, Каб стрэліў — і пайшла раўнюткім шнурам куля. Даць пудла нельга, бо мне клопат немалы Шукаць… Вось тут мае, панічу, пасталы, У іх не холадна і ўзімку, то ж не ў ботах, Лацвей на снезе ў лапцях і трымацца потым. Апратка ё?» — «Ў мядзведжым футры йду на дзіч». — «Ха! ха! А снег? З яго не выпаўзе паніч! Лісінае ёсць бацькавае футра пану, Вось чым падперазацца?» — «Шалем». — «На загану! Дапраўды, з гэтым панам тысяча пацех! Паніч, як тычка на мяжы, то ж проста смех! Мы ж едзем на ласёў, яны ж бо не цяляты. Няхай усё абдумае стралец заўзяты, Драбніца можа загубіць надзею ў нас,
Ласі не верабейкі, паўтару шчэ раз, Ад сораму згарэць, як уцякуць з-пад носу. А Божа ж мой! паніч якую стрэльбу носіць! Цьфу! з руляў нешта сыплецца на дол само. На соек, можа, едзе пан, на дзятлаў мо? Дальбог, паніч мне насланнё ліхое! У стрэльбе бруд, ці ж пэўныя дасі набоі? Бяру я стрэльбу, зрання прынясу сюды Набітай добра, чыстай, — і палюй тады. Ха! ха! не можа ў паляўніцтве пан кумекаць. Бывай здароў! Хвала Хрысту!» — «Хвала навекі».
* * *
На ўсходзе ледзьве толькі пачало віднець, Быў да паслуг ужо стары асочнік мне. Апратку ўбачыў Грышка і здзівіўся шчасна: «Мо добры паляўнічы з пана будзе з часам. Дык едзьма, бо пара ўжо падганяе нас, На досвітку пяе пявун астатні раз. Ласі тут блізка, хутка ім заступім ховы. Не стрэлі бабы — ўдача будзе адмысловай». На санях, гэтакія толькі на Палессі, Дзе хочаш, там і едзь сабе — балотам, лесам, Не шпаркі бег у іх з-за палазоў высокіх, Затое снег ужо не падапрэ глыбокі, — Мы рушылі, радком сядзелі ўчатырох. Хоць моцны, конь ішоў ступою, сані цёг, Яны, здавалася мне, рухаюцца ледзьве. Сплыло так манатонна з дзве гадзіны недзе. Прашу я Грышку: «Едзь хутчэй! задаў нуды». — «Паспех людзям на смех. Што станецца тады? Ці ж лось прывязаны чакае ў лесе дзесьці? Пайсці ён можа і далёка нас завесці, А конь прыстане, ўнікне ўся яго мага, І працай марнаю прыніжаны слуга!» Я змоўкнуць мусіў і сумотнаю хвілінай, Перш грэбліва чамусь, паглядваў на мясціны. Абшары дзікія, без сцежак і дарог, Асочнік толькі знаць ды звер палескі мог. Край гожы, некрануты быў перада мною, Чарот бязмежны, пушча з сіняй глыбінёю, Дзе хвой выносістых завершаны стажок, Як галаву, траха пасерабрыў сняжок, А побач клён раскошны, дуб стары, гарбаты, З разлогаю сукоў магутных, вузлаватых. Падшыта ўсё густым ляшчыннікам, лазой, Каб таямніцы ў глыбіні схаваць лясной. Ціхота… толькі дзятла стук заўзяты, бойкі, Ці крыкне папялістая ў спалоху сойка, Ці свіст арэхаўкі, аўсянкі цвірк чуваць, Ці піск гілёў, што чырванню зімой гараць. Язда мне здоўжылася, і сказаў тут Грышка: «Хай папяроскі курыць пан, як часу лішкі. Сваё як толькі зойме ў лесе месца хтось, Курыць ні-ні! бо не падыдзе блізка лось. Нюх добры мае. Я дзе сена жменьку кіну, Хай там саскокне пан у гэтую ж хвіліну, Ціхутка стане за алешынай грубой, Наставіць вушы ды глядзіць перад сабой — Прыйсці да пана мае лось-рагач з чароту. Няхай паніч падпусціць, цэліцца трэ потым У грудзі, ў шыю, пад лапатку — як зручней, Абы папаў, каб марна не ўпусціць надзей! Ласі тут блізка. Пан, пабач! — то ж след ласёвы. Цішэй! не гаманіць, бо звера спудзіць мова». Падрыхтаваўся скокнуць і сяджу маўчком… Мы едзем, едзем!.. Знецярпеўся і цішком Спытацца вырашыў: «Ці скора?» — ў гэту хвілю Заўважыў, што набок штось голаў Грышка хіліць І сена кінуў жменьку. Гоп! — я ў гушчары. Паехаў Грышка. Справа — волат-дуб стары, А злева цягнецца чарот густы, балота. Парушыў цішыню крумкач паспешным лётам. Каля алешыны я ўперад паглядзеў, Непадалёку ад мяне чарот радзеў, У ім неспадзявана вынікла паляна, Яна была лясной гушчэчай прыхавана. Я пільна слухаў, пільна ўглядваўся ў чарот, Вялікі пазначаўся ім абшар балот. Калі мяцёлкі пташка парушала часам, Стаяў як укапаны, сэрца біла часта. Здавалася ад шамацення шмат разоў: То ж лось надходзіць! — Не! — я памыляўся зноў! Бо шолах той змаўкаў, была наўкола ціша, Мяцёлкі ветрык ледзьве толькі пакалыша, Як пташка толькі сядзе, хіліцца гучок, Сініччын толькі чуўся ценькі галасок. Трывала гэтае чаканне мо з гадзіну, Заеў быў нуд. І вось шчаслівая хвіліна — Бег ліс палянай. Цэль хоць ледзь відаць, Сабе падумаў: стрэлю! Стане там чакаць Хто тых ласёў, няхай іх д'яблы!.. Ліс наўцёкі, Як бы пачуў мяне за вольхаю высокай. Шчыпаў марозік злёгку і калоў траха, Зноў думаю: да ліха! рукі грэць жа льга. Спусціў куркі, засунуў я ў кішэні рукі, Прысеў на снег, гляджу бяздумна ў даль з дакукі. Ахвотна папяроску закурыў пасля. Ці ж можа дым той даляцець аж да лася? І раптам нешта затрашчэла на паляне, Як быццам чую я каня: то йдзе, то стане… Ускокваю! шчоўк! шчоўк! куркі. Лаўлю гук той, А сэрца б'ецца, хваляў у грудзёх прыбой. Яшчэ хвіліна — рукі, ногі задрыжэлі: За крокаў сто мо лось стаяў вялікі вельмі, Выцягваў храпы звер — адразу, як нюхнуў, І дух чужы пазнаў, і небяспеку ўчуў. Раз! два! з дзвюх руляў пакаціўся гром усюды, Лось скочыў у чарот маланкай з перапуду — Ягоны тупат чуецца штораз слабей. Зноў цішыня, чарот калышацца сабе. Дзесь грымнуў стрэл, за ім другі адразу ляснуў, Зноў ціша мёртвая. Мінула многа часу, Аж бачу — на паляне рухаецца штось, Прыгледзеўся: там Грышка, з ім сыны і лось На санях. Звер прыкметна іх сабой абцяжыў. Курылі люлькі, йшлі радком утрох паважна.