Выбрать главу
* * *
Ляснымі йшлі шляхамі. Дзе былі загібы, Ламаў галінку Грышка, каб Вінцук не хібіў. Сын мусіў знак чытаць, рабіць высновак свой. Праходзячы каля бярозы маладой, З-за паса Грышка выняў вострую сякерку, Надцяў кару і здзёр, дапільнаваўшы мерку. Бяросту белую накшталт стажка скруціў, Лазовай стужкай змацаваў і затрубіў — Разлёгся голас, вабіць так самца ласіца, І з гуку, і з адлегласці не надзівіцца.
Хоць побач я стаяў, здалося мне ў барку, Што голас плыў здалёк, губляўся ў гушчаку. Мы ўсё далей, далей у цішы йшлі знямелай. Лес дзікі станавіўся і параскашнелы, Раскінуўся ў сваёй магутнасці, красе. Замілаваны мог даследнік пакрысе, Бы кнігу, тут чытаць гісторыю развою Прыроды, што спрадвек не ведае спакою. Вось волат-дуб, над гуртам дрэў дасяг ён хмар. Разложысты. Наўкол дзяржавец-валадар Забраў вялікую прастору ад суседзяў. Пад ім не маюць росту, выжываюць ледзьве Гатункаў розных карлікі — падданцы ўсе Манарха, прышласць ім надзей не прынясе. Хіба што волату імхі ўкароцяць часу, Зашмат на дубе развялося чужапасаў. Памчалася ўгару вавёрка да жытла, У жарало нарэшце скокнула дупла. За ёй яшчэ адна панеслася вяртляста: