Выбрать главу
Выходзіць, смерць гасцюе ў волаце дуплястым. Дарма ўдаваў ласіху на трубе Рыгор, Дарма напагатове штуцэр быў яго, Бо толькі адказала здрадным тонам рэха, Ўзляцелі з крыкам сойкі ў палахлівым спеху. Брыдзем далей. «Няхай паніч у хмызняку Схаваецца і пытлю дасць таму ваўку, У гэтым месцы, шэльма, часта прабягае, І стрэліць тут лацвей, заслона не густая. Наўкола абыду, здаля мой будзе ваб». Нырнуў я ў куст ляшчыны. Побач волат-граб. Прысеў я. Грышка знік у лесавой гушчэчы. Ніжэла сонца, спёка ўнікла, камарэча Напала, толькі й чуў дакучны звон, Пісклівы не сціхаў каля вушэй паўтон. Пабольшала ў аркестры камаровых піскаў, Хоць і замоўкла шмат на твары ад прыціскаў. Не адстрашала нават кара камарні, Маглі заесці крыважэрныя раі, Свярбела скура — насланнё на паляўнічых. Не бачыў я красы, ў якую таямніча Прыбрала пушчу развітальнае святло, Калі да сну хіліцца сонца пачало, Залоцячы вяршкі хваінаў. Грышка ў лесе Здалёк, нібы ласіха, абазваўся дзесьці, Пасля завабіў зноўку і крыху счакаў, Хацеў я ўстаць і тут жа высачыў ваўка, Убачыў, як перамахнуў кусток лазовы І лесам пёр далей. Кроў хлынула раптова Да галавы… Чакай, дружок! Зручней я стаў, Прыцэліўся й трымаў на мушцы з-за куста, Націснуў. Тут жа засціла мне ўсё дымота. Я выскачыў, бы з прашчы, і панёсся лётам Туды, дзе трапіў пад прыцэл лясны хіжак. Ваўчугі не было — ну хоць бы нейкі знак. Я схібіў!.. Злы й нямы стаю. Уцёк ён, значыць. У гэты момант Грышка надышоў. «Пабачым, Як пан патрактаваў ваўка. Здаецца мне, Панёс ён кулю. Згледзеў — штось не тое, не. І вушы прытуліў, ішоў не так, як трэба. Як браў, паніч?» — «А па баку». — «Дзесь лапай трэпле. Ці бачыш?.. юха!.. о!.. ў ляшчыннік шыўся звер!.. Вось дык сумеўся ўрэшце з міны кавалер!.. Пазнаў адразу я! о!.. о!.. тут кропляў шэраг!..» Трыумфаваў так Грышка і ўжо бег уперад, З пазнакай радасці яго быў кожны рух —
На хітрым ворагу здаволіў помсты дух. «Сядзеў!.. паглянь, паніч, сядзеў!.. о!.. юха кажа! Звялі з табой урэшце парахункі!.. Ляжа!.. Заліўся юшкай, дужы — шэльма! — ў лес глыбей Шчэ сунецца… Пад вуха вытрымаць ляпей Ці пад лапатку». — «Лёгка гаварыць, вядома, Ў канец хваста патрапіць хоць бы лотру тому, Як лесам прэ, — й за гэта ўсё Хрысту хвала!» — «То пэўна!» — «Што ж пляцеш?» — «Ат! звычка павяла… Я з радасці, панічу мой! Дый не зашкодзіць Практыкавацца маладому пры нагодзе, Калі стары й павучыць… О!.. ў гушчар, туды! Як стуль не йшоў, не будзе выкруту тады. Вакол хай пан бяжыць, а я ў сяродак самы! Схаваўся там, дык мецьме напатканне з намі». Пабег… Не ўспеў я пацераў дагаварыць, Як чую моцны Грышкаў голас: «Тут ляжыць!» Я дзёрся праз кусты, разносіліся ўдары, Яшчэ нябожчыка ўсё Грышка кіем жарыў, Чыніў страшэнны здзек — аж анямеў быў лес, Як з трупа Гектара калісьці Ахілес. «Пакінуць звера — то ж не ўчуць ганаравання! Хоць скура ўлетку й дрэнь. Адно з ваўком важданне, На ўцеху пану нейк зацягнем, зробім штось, Кол высеку і зачашу я гладка — вось! Звязаўшы лапы, сунем, на плячо канцамі — І марш! Заходзіць сонца, не марудзьма самі». Была ў бары ўжо ноч, як з хаты Базыля Неспадзявана бліснуў нам прамень святла. Вястуючы пра нас, заходзіліся брэхам Псы-дварнякі, будзілі ў сонным лесе рэха. Пасля завылі, блізка як былі з ваўком. «Учулі воўчы дух — трывога ў дварнякоў». Дзвярыма хтосьці скрыпнуў. «Ціха!.. вон, шатаны!» — На псоў азваўся голас. «Хто там?» — «Грышка з панам!»
* * *
У Базылёвай хаце чыстай за сталом Сядзелі на куце мы гаманкім гуртом, Нас вельмі ўсцешыла часіна адпачынку, Патрэсквала яечня гучна на камінку, Здалёку чуўся нам прыемны пах яе, Настрой вясёлы быў ад смакаты тае. Тацяна, жонка Базылёва, маладзіца, З румянкам ад агню, з яе не надзівіцца, Расставіла талеркі на абрус уміг. «Што маю, тым прымаю!» — запрасіла ўсіх. Базыль да нас быў піць гатовы… Бесклапотна На сене, як забітыя, паснулі потым.
* * *
Нас раскатурхаў сын Рыгораў у гумне, Вінцук пазнакі бацькавыя зразумеў, Ляцеў, як птах, час скарачаючы дарожны, Пару заўзяты паляўнічы знае кожны. Абмыўшы каля студні рэшткі сну з павек, Пайшлі бадзёра мы. Сабою там спрадвек Другія засланяла пушча таямніцы, Другія краявіды — проста задзівіцца. Абшар дрыгвы, бясконцыя кілімы мхоў І хвойкі нізкія, хоць шмат растуць гадоў. А цвёрдыя, бо мае іхняя драўніна Валокны гэтак моцна збітыя ў адно — Не паддаецца нат сякеры валакно. Вяршкамі хвойкі — быццам пальмінкі пустыні. Завальваліся ногі ў пух, у мох буйны, Стральцу ж то мукі нечуваныя адны. На ім шмат ягад. Тут жа буякі, або дурніцы, Абсыпала кусты зямелька-дараўніца; Сцвярджае Грышка, і без выдумак якіх, Што доўгі й моцны боль у галаве, як іх З куста спажыць, а назбіраныя не шкодзяць. Таксама журавіны вельмі шчодра родзяць У мхох пушыстых. У імшарыне глухой Цецерукі, глушцы бываюць чарадой, Ды большае вагі быў лоў у нас на мэце, Ніякі птах не зацікавіў бы на свеце. Імшарышчам свой прыспаралі мы паход, Здалёку лес хваёвы ды густы чарот Нас вабілі надзеяй. Зранку дужа росна, Упэрліў дрэўцы, мох і верас кропляў россып. Ледзь сонца дыск заззяў — і ажыла краса, Паўсюль зайскрылася вясёлкаю раса, Мох шэры стаў, хваёвыя галіны ўранні Як золатам абліты, ў дыяменты ўбраны. Згаворваў Грышка пацеры, чуваць былі Святыя словы, што з душы яго плылі. Напрыканцы ён заспяваў да Маці Божай, Узрушыўшы мяне вячыстай песняй гожай, Вітаннем нашае Заступніцы Святой, Хвалой узнебнай над імшарай і дрыгвой, Прыпадабненнем трапным Панны да заранкі, Якая дзень папераджае, час світанку.