VI. На глушцоў
Вялікдзень набліжаецца. Вадой вясновай
Паразрывана крышталёвая закова.
Заліты і папас, і поплаў, і загон:
За хваляй хваля мкне пры ветры наўздагон.
Звіняць у полі раўчукі, вада рачная
Зіхціць на сонцы, бы луска ў ёй залатая.
Вясною пахне. Бусел, любасна глядзець,
Ляціць і з клёкатам сядае на гняздзе.
Кігіча, енчыць чайка над прасторай воднай
І моўкне ў далечы, спускаецца галоднай.
Вароны парамі чакаюць тэй пары,
Ці ж хутка на загоне ім гаспадары
Зямелькі чорнае сахой адвернуць скібы?
Уночы на рацэ агні. Пільнуюць рыбу.
З лучынай яснаю на чоўне калыўным,
Нібы Нептун з трызубам, з восценем даўгім
Плыве адважны сын Палесся, вёскі ўбогай,
Не ўвекавечыў пэндзаль Рэмбранта такога,
У мроку пры святле лучыны век-вяком
Здаецца духам чалавек, вадзяніком.
* * *
«Хвала Хрысту!» — «Навекі!» — «Пэўна, пан Рыгора
Чакаў ужо і на глушцоў не здоўжыць збораў?
Сяк-так, дзе бокам-скокам, дзе пералячу —
І тута, кланяюся земна панічу». —
«То дзякуй! — што ж чуваць там?» —
«Проста з хаты, пане,
Мой форт ледзь-ледзь пакінуў. Хто не абазнаны
З мясцінаю, дык загавець таму душой,
Бо не дабрацца да кута майго вясной.
Вада вялікая. Дарма што час разводдзя,
Цямком у лес на подслухі Вінцук мой ходзіць.
І я махнуў, ды ў Кругліцы няма глушцоў,
А з Чорных Лядаў дужа ўсцешаны прыйшоў,
Нам пашанцуе ў паляванні. Лік ім губіш:
І тут!.. і там!.. мець трэба голаў як на шрубе,
Каб іх злічыць. Якраз да пана ў гэты дом
З'явіўся ўжо адзін ад грамады паслом
З запросінамі ў лес. Бач, пан, каго трымаю!
Што за вага!.. фігура!..» —
«Як дабрацца маю?» —
«Фу!.. фу!.. паніч пытаецца! — як пад вадой
Балота, дык на чоўне, рэшту — пехатой.
Пытанне вось: ці ў кут мой трэба? То ж нязручна,
Ляпей да возера адгэтуль рушма.
Адтуль да месца мо з паўмілі, не далей». —
«Праз лугавіны праплывем?» —
«Там найзручней!» —
«Сягоння добра б рушыць. Толькі ты, Рыгору,
Стаміўся, мабыць?» —
«Дык і што! абы не хворы!
Мы пойдзем. Лес вялікі, дзень кароткі шчэ,
Скажы, каб мне спажыць чаго далі хутчэй,
Падсілкавацца трэ, спачыць хоць трошкі ў хаце.
Уфф!.. праляцеў сягоння я тры мілі, браце».