Выбрать главу

На заднім сядзенні цяжка паварочваўся і соп аграном Пікуза — тоўсты, як злепак, малады мужчына. Таму не сядзелася. Ён моцна і доўга ўздыхаў, але загаварыць да старшыні не адважваўся.

Пікуза ведаў, што старшыню выклікалі на бюро пасля таго, як рэйдавая брыгада праверыла калгас перад жнівом, што старшыні аб’явілі вымову. Ён прадбачыў, што так і будзе, таму, пакуль Прымачак сядзеў у прыёмнай, чакаў свае чаргі разам з гэткімі ж самымі кандыдатамі на начальніцкую ласку, зрабіў патрэбныя захады. Пікуза не першы ўжо год і не з першым старшынёй ездзіў вось так у раён і з раёна. Да кожнага старшыні ў яго быў свой падыход. У сумцы, якая стаяла пад нагамі ў Пікузы, ляжалі куплены дадому хлеб і батон, пара бутэлек «белай», якою Пікуза запасся ў раёне, пакуль хадзіў у сельгастэхніку, на базу. 3 дому ён прыхваціў кавалак сала, а ў райцэнтры ў камісійным магазінчыку купіў кольца вэнджанае каўбасы. Каўбасу гэтую, нейкую як мокрую, быццам яе вэндзілі і ў вадзе мачылі, ён недалюбліваў, але нічога лепшага не было. Яшчэ Пікуза запасся кансервамі, памідорамі і агуркамі, гэта ўжо бясплатна, на базе.

Цяпер ён чакаў, пакуль пад’едуць бліжэй дадому, да свайго бору, каб з’ехаць у лес і супакоіць душу.

Пікуза шкадаваў старшыню. Таму што той маладзейшы за яго і хоць не вельмі, але бярэ ўсё да душы. Яшчэ таму, што па яго, Пікузавых, мерках быў ён не з горшых. Любіў пад гарачую руку шумнуць, накрычаць, але не даганяў, надта не караў. Скажа, пагаворыць, пакрычыць, на тое ён і старшыня. Калі трэба і мяса выпісаць, то можна, і малака. Праўда, калгас пры ім за тры гады яшчэ ў большы доўг улез перад дзяржаваю, даў мінус па мясе і малацэ. Калі пра ўраджайнасць гаварыць, то тут Пікуза быў спакойны. Мінулы год была несусветная засуха, каго вінаваціць? Цяпер усё лета мочыць, як пачало з самае вясны, таксама толку вялікага не чакай — пагноіць і збожжа і бульбу пагноіць.

Прымачак, у брызентавай летняй штармоўцы паверх чыстага касцюма, з рубашкаю пад гальштукам, здавалася, драмаў. Апошні час яму пачало шанцаваць на гэты кабінет са сталамі літараю «Т», за якімі сядзелі члены бюро, на крэслах паўз бакі загадчыкі і начальнікі, а ён на тым радзе паўз сцяну, насупраць стала, каб якраз было зручней падыходзіць да стала і стаяць там, тлумачыць, што да чаго і чаму. Тлумачыць надта не давалі. Больш трэба было слухаць, што гаварыў першы, і менш спрабаваць апраўдвацца. Калі трапіў сюды, то ўжо стой, маўчы, тады не атрымаеш больш запланаванага. Яму сёння намецілі вымову, і ён вёз яе дадому.

Цяпер ён ужо ведаў, што трэба думаць пра новае месца, каб у кабінеце сакратара сядзець збоку, там, дзе прысутнічаюць загадчыкі і інспектары, якія перадаюць загады і кантралююць, каб іх выконвалі.

Прымачак уздыхнуў. Ён часта цяпер думаў, што дарэмна пайшоў старшынёй. Ён інжынер сам. У яго была добрая работа — саўгас, дзе ён працаваў, быў перадавы. Зарабляў добра, меў двух механікаў у памочніках.

Праўда, усё ж хадзіць інжынерам не тое што быць самому гаспадаром. Ды і заработак усё ж. I не толькі заработак. Пра гэта ведалі нямногія — на садовай вулачцы ў райцэнтры Прымачакаў бацька будаваў сабе хату. Цагляны дамок у два паверхі, з паравым абагрэвам, з гаражом, з душавою пад нізам, з гарадскою каналізацыяй. Дом будаваўся роўна і дабротна — старыя жылі ў хатцы побач, з іх хапала яе, а Прымачаку надта спяшаць было не варта.

Пасля сённяшняга бюро, па тым, як гаварыў з ім сакратар, Прымачак зразумеў, што пакуль што яго з работы не будуць адпраўляць — ёсць яшчэ і горшыя гаспадаркі.

Каб яму пашанцавала, каб не папаў на зуб з самага пачатку, то сядзеў бы ціха, як і іншыя сядзяць. А калі ўзялі на заметку... Цяпер на яго наслалі маладога ачкарыка — новага рэдактара раённае газеты. Дай дурню маліцца, ён і лоб паб’е. Распісаў дарогі ў калгасе, камбайны пад дажджом. А дарогі не горшыя, чым ад калгаса да раёна, гэтая, па якой едуць. Тут зерня больш натрасуць, чым у яго на полі. I пакуль тое жніво, возьме Прымачак на дзень машыны, падвязуць зноў пяску, пазасыпаюць ямы.

Прымачак успомніў, як дакладваў рэдактар і ўсё падпіхаў адным пальцам на носе акуляры, каб не скінуліся. Нават члены бюро і сам сакратар непрыкметна ўсміхаліся з яго мітынгавання. Аднак вымову далі, каб другім навука была.

Прымачак усміхнуўся: вось будзе гэты рэдактар яшчэ чакаць у чарзе кватэру, а ён перабярэцца ў свой дом, будзе ездзіць, як і рэдактар, на службовай машыне і прысутнічаць на гэтакіх жа самых бюро...

— Аляксандравіч, дак, можа, да доміка заедзем? — пытаўся Пікуза, калі насустрач паказаўся замглёны прыцемкамі і дажджом лес.

— А ў цябе ёсць што?