Выбрать главу

— Знойдзецца, бо і я цэлы дзень галодны, і вы...

Шафёр толькі ўхмыльнуўся сам сабе — Пікуза і зранку, і перад тым, як ад’язджаць з горада, заходзіў у сталоўку.

— Давай, Віця, звярні, чорт з ім! Ніхто за нас нашу работу не паробіць, тым больш тыя, хто толькі і ўмее, што вымовы даваць.

Машына звярнула з гравійкі на зарослую зеллем вузкую палявую дарогу, паволі пагойдваючыся па лужынах, паехала да лесу. У ім было мокра, здавалася, што дождж цёк не з неба, а з ігліцы, з лісця.

Віця завярнуў, што аж драпнула галлём па брызенце, на вузкую лесавую дарогу, і хутка машына апынулася на другой, шырокай, утравянелай. За ўзгоркам, збоч дарогі, за густым зараснікам маладых ліп стаяў так званы домік — збітая з дошак будыніна з закратаваным акенцам. Домік гэты зрабілі сабе паляўнічыя.

Пакуль Прымачак сядзеў у машыне, Пікуза ссутуліўся, выбег пад дождж, адамкнуў вялікі вісячы замок.

У доміку стаяў збіты з дошак стол, паўз сцяну былі зроблены шырокія, як нары, дашчаныя лаўкі. На іх было ўскінута цяперашняга сена.

У кутку ляжаў маток вяроўкі з чырвонымі сцяжкамі.

На стале ў пустой бляшанцы ад кансерваў у пяску стаяў недагарак свечкі.

Пікуза ахвотна, трушком прынёс з машыны сумку, разаслаў на стале газету.

— А я думаю... Былі б мы здаровыя, а на нашу галаву ўсякіх бюро будзе.

Ён быў надзіва паваротны. Прымачак прыкмеціў, што калі выпівалі з Пікузам, той рабіўся гаваркі і быстры. Яго вялікія рукі з тоўстымі кароткімі пальцамі былі спрытныя, як у добрага кухара.

I цяпер ён не пераставаў гаварыць і рабіць рукамі — з-пад іх, як з-пад канвеера, клаліся на стол скваркі сала, разрэзаныя напал памідоры і агуркі.

Калі ж даводзілася бываць разам у каго і той частаваў Пікузу, аграном быў спакойны і памяркоўны, чакаў, як кароль, пакуль яму нальюць і пададуць чарку. I толькі пасля таго, як вып’е, гаварыў:

— А і добра яно, добра!

Шафёр астаўся ў машыне — чытаў кнігу. Ён яшчэ не абцёрся, як звычайна абціраюцца пры начальстве шафёры, многага саромеўся, і, мабыць, яму было нязручна, што ён сведка таго, як старшыня і аграном выпіваюць.

Першы шафёр, які астаўся пасля ранейшага старшыні, быў пажылы мужчына, чацвёра дзяцей меў. Той сам, замест Пікузы, гатаваў кожны раз выпіўку, расказваў новыя анекдоты. Ён у любы час і ў любым месцы мог дастаць і выпіўку, і закуску і абмануць любога правяральшчыка... Ён і выпіваў разам з начальствам, не баяўся садзіцца за руль пасля чаркі. Яго ведала раённая міліцыя, і ён яе ведаў. I яшчэ надта ж ведаў і любіў жанчын.

Прымачак перавёў яго на малакавоз пасля таго, як гэты самы Пікуза прыйшоў у кабінет старшыні і чуць не плакаў, што Зажэўскі пачынае прыставаць да яго чарнявенькае Тамары.

Быць малакавозам Зажэўскі не захацеў, пайшоў з калгаса, устроіўся шафёрам у няведамаснай ахове.

Зажэўскі быў больш падручны, чым гэты хлапчук пасля школы. Але гэты малы ўмеў маўчаць і нікуды не сунуў носа — вазіў з сабою кнігу, збіраўся на другі год зноў паступаць у інстытут.

— Давайце, Аляксандравіч, вып’ем, перакусім, дак яно і добра будзе,— аграном падняў стограмоўку.

Прымачак выпіў, не гледзячы на яго.

У доміку быў прыцемак, няроўна шумелі кроплі, якія падалі на накрыты толлю дах. Дыхалася на поўныя грудзі, і было ціха.

— Добрыя агурочкі, нежынскія,— не пераставаў гаварыць Пікуза.

Прымачак не слухаў яго. Узяў чарку, наліў сабе зноў, моўчкі выпіў. Пікуза, каб не адстаць, зрабіў тое ж самае.

Толькі цяпер адчуў Прымачак, што галодны зранку, і на галодны жывот гарэлка зразу ж стукнула ў голаў, затуманіла яе. Ён любіў гэтыя першыя імгненні пасля выпітага — калі чалавек быццам адплывае некуды ў іншы свет. Пасля піць было нецікава, ад выпітага толькі цяжэла галава і вольна разыходзіўся язык.

Прымачак прыглядаўся да лесу, да ціхага дажджавога прыцемку ў ім. Успомнілася замглёнае летнім кароткім дажджом бульбяное поле, цёплая пад нагамі ралля. Роўна парыпваюць гужы, бяжыць перад нагамі сошка, падсыпае радкі бульбы. А поле далёкае, узгорак, лагчына, зноў узгорак... За дзень работа лічыцца радкамі, а тыя радкі складаюцца ў гектары, а гектары ў працадні...

Дома, калі пасля вячорак засынаў на сене ў хляве, цёпла гарэлі натомленыя за дзень ступакі. Ноччу яму сніліся добрыя сны — ён у бесказырцы, у цяльняшцы, высокі і здаровы, едзе дадому ў госці, ідзе пляцам па разорцы між бульбы, і яму ўсе зайздросцяць...

— А гэтыя дарогі мы за адзін дзень засыплем пяском, і добра будзе, паглядзім яшчэ, у каго лепш.— Пікуза паштурхаў старшыню ў плячо.

Той яшчэ ўсё ішоў па пляцы дадому, малады і харошы, у бесказырцы і цяльняшцы... Пікуза гэтым торканнем нібы паказаў яму на сябе цяперашняга, круглага, падкормленага, з раннімі залысінамі і парадзелым чубам, якога лаялі перад бюро, а ён стаяў, як стаяць у кутку вінаватыя школьнікі.