Выбрать главу

Прымачак наліў поўную шклянку аграному, капнуў сабе, працягнуў руку, штурхануў у аграномаву шклянку, быццам загадаў — пі. Той паслухмяна, моцна каўтаючы, выпіў, укінуў у рот сала, потым паўагурка.

— От і добра... Дак я і кажу, Аляксандравіч, я ўжэ не першы год тут. Работу калгасную не пераробіш, як ні рвіся. Быў калгас і будзе, усім яго хопіць. Трэба ўмець самому жыць.

Прымачак зноў наліў, і зноў аграном адразу ж згодна выпіў. Захацелася ў Пікузы папытаць, ці будзе ён і новага старшыню прывозіць у гэты дамок, каб выпіць чарку.

— Быў бы, Пікуза, у мяне аграном, не такое г... як ты, ды людзі былі, я б з гэтага калгаса мільярдзера зрабіў!..

Аграном перастаў жаваць — такога ад старшыні ён дасюль не чуў.

— Тут зямля як масла. Толькі што з пяці вёсак тры неперспектыўныя, а ў тых перспектыўных — што? Калі і астаўся хто, то глядзіць, перш чым калгасную работу рабіць, каб сабе ўварваць, так, як і ты...

Аграном наліў сабе зноў поўную чарку — чаго гэта так загаварыў старшыня?

Пікузавы вочы на тлустым твары, здалося, прапалі ў вузкіх шчылінах. Ён глынуў гарэлку.

Невядома чаму, але Прымачак цяпер паверыў — праўду гавораць пра агранома, што крадзе ён, крадзе не першы год і не пры першым старшыні. I ведае, што памяняюць Прымачака, прыедзе другі, а Пікузу ніхто нікуды не будзе пераводзіць, бо ў яго тут свая хата, бо ён тут нарадзіўся, бо яшчэ малады, бо за плячыма мае інстытут і работу сваю ведае... Праўда, папробуй дакажы, што работу ён ведае і робіць, а вялікае аддачы ад тае работы так і не відно. Гэтак рабіць таксама трэба ўмець.

Старшыня глядзеў на Пікузу.

— Камбайны ў нас цяпер, лічы, на хаду. I ўсё будзе добра.

— Добра будзе! Ты гарэлкі хлебанеш, і, колькі я цябе ведаю, добра будзе... Бачыш, якая пагода? Згноіць усё, а табе добра будзе! Мінулым летам згарэла, а цяпер згніе. Давай паехалі!

Прымачак выйшаў з доміка — лёгка шумела ў галаве, але думалася ясна: з кім ты звязаўся, марачок, малады і прыгожы? Пікуза зерне крадзе, ты матэрыялы сабе на дом праўдаю-няпраўдаю пераплаўляеш і дастаеш.

Хацелася хутчэй паехаць адсюль, як уцячы ад самога сябе. I ад Пікузы.

Той цяжка падгрэбаў са стала рэшткі закусі, калі згроб усё ў свой вялікі партфель, дапіў з горла бутэлькі астатак гарэлкі — каб не прападала дабро.

Ужо з машыны Прымачак глядзеў, як яго аграном доўга чапляў замок у прабой, потым цаляў ключом у замок. У машыну ён улазіў і соп, а як толькі ўмасціўся, адразу ж заціх, толькі ўздыхаў, як карова пасля роснае канюшыны.

Ехалі моўчкі. Пачынала вечарэць, над спелым полем ішоў дождж.

Шафёр паехаў не назад на гравійку, а выскачыў да поля пад Альховымі Крыніцамі.

I там, ля самага канца вёскі, дзе сажалка пасля дажджу яшчэ два гады назад вымыла трубы, машына пстрыкнула заднімі коламі ў вымоіну і забуксавала.

Шафёр аж зачырванеўся ад збянтэжанасці, газаваў, шморгаў машыну, але яна сядзела як мёртвая.

Яма на размытай дарозе зноў напомніла Прымачаку пра ачкастага рэдактара, які дакладваў на бюро і гаварыў якраз пра гэтую дарогу.

— Тут, у гэтага Дзямідчыка, толку няма, а ўсе хваляць,— прабубнеў шафёр, адчыняючы дзверцы, каб узяць у багажніку рыдлёўку.

Дзямідчык якраз і гаварыў на праўленні пра дарогу яшчэ перад мінулым жнівом. Тады была засуха, абышліся і без рамонту. Успомнілася, што на гэтым месцы тады ён, Прымачак, і сцяўся з Дзямідчыкам. Во, яшчэ ў суддзі Прымачаку і Дзямідчыка не хапае — мала што начальства капае, а ён на кожнай нарадзе лезе, як вош на струп, са сваімі павучаннямі. Сабраўся б са сваімі пенсіянерамі сам, не чакаючы добрае ласкі, паправіў бы дарогу.

На заднім сядзенні смачна спаў, аж пухкаў, баявы намеснік старшыні аграном Пікуза.

Прыйдзецца, чаго добрага, ісці ў вёску, прасіць мужчын і запрагаць таго апошняга каня, які астаўся тут. I зноў без Дзямідчыка не абыдзецца.

Віця вярнуўся ў машыну пасля таго, як падкапаў пад коламі і намасціў камення. 3 уключаным перадком «козлік» паволі вылез з прамыіны. «Заўтра трэба будзе даць нарад, каб паправілі дарогу на Альховыя Крыніцы, тут, перш чым дзе жаць, пачынаем»,— падумаў сам сабе Прымачак. Ён ужо цвёрда вырашыў, што заўтра зранку падымецца, да нарада скалане цэнтральную, паглядзіць, праверыць да нарада ўсё. Ён высадзіў па дарозе шафёра, адпусціў дадому, каб заўтра з самага ранку была пад рукамі машына.

Аграном магутна спаў на заднім сядзенні. Трэба было везці яго дадому.

Пікуза жыў на краі вёскі, пры прасторным лузе. Хата была з дрэва, габляванага, высокая і прасторная, на дзве вялікія палавіны, з верандаю. Уся сядзіба была абгароджана пафарбаваным у сіні колер штыкетнікам з набітымі зверху белымі планачкамі.