Выбрать главу

Двор вымашчаны бетоннаю пліткаю — і на пешаходную дарожку, і на заезд машыне. Тут жа, у садку, стаяў і змураваны з белае сілікатнае цэглы гараж. Толькі і аставалася паставіць у яго машыну.

Дзіва, але і п’яны Пікуза слухаў начальства. Ён, як у сне, рабіў тое, што гаварыў яму Прымачак, толькі трэба было прытрымліваць, каб не павяло агранома ўбок.

Пакуль дайшоў да парога, Пікуза крыху і ачнуўся, а на кухні, як паказалася Тамара, прыплюшчыў вочы і загадаў:

— Паглядзі на стол чаго,— і цяжка ікнуў.

— Ой, Аляксандравіч, давайце яго сюды! Ужэ набамбурыўся, капшук гарэлачны!

Яна лёгка забрала пад руку мужа і павяла ў большы пакой. Было чутно, як пад Пікузам цяжка зарыпелі спружыны канапы.

I амаль адразу ж адтуль выскачыла Тамара, лёгка паправіла валасы:

— Дзякуй вам, Аляксандравіч. Вы адзін, без шафёра? Давайце я чаго вам пастаўлю на стол, цэлы ж дзень ездзілі.

Яна была ў даўгаватым гарадскім халаце, калі ступала, полы яго расхіналіся, і яму была відаць яе маладая дзявочая нага. Здавалася, што Тамара адчувае, як ён глядзіць на яе.

— Дзякуй, Тамара. Дома пад’ем.

— Я кампоцік свежы зварыла, выпіце кампоціку.

Яна адчыніла сервант, узяла шклянку, на якой быў наклеены каляровы стары ў аўтамабілі, наліла з графіна ружовага кампоту. Рукі ў яе былі таксама маладыя. Прымачаку падумалася, што ў школе ў яе, настаўніцу, мабыць, закаханы ўсе старшакласнікі.

— Дзякуй, Тамара.

Яна, як свайму, усміхнулася яму, выйшла паперадзе ў сенцы, і ў цемры ён найшоў на яе, адчуў, як яна падалася насустрач, і маладыя рукі абнялі яго.

— Міленькі, каб ты знаў, як я змучылася, міленькі!..

Цяжка было працівіцца яе ласцы, яе жаданню.

Прымачак пачуў, як яна шчоўкнула шпінгалетам — каб нельга было з хаты адчыніць дзверы ў сенцы...

Калі Прымачак выходзіў з хаты, яму здалося, што за цёмным шклом мільганула постаць Пікузы. Аднак усё роўна пасля гэтага старшыня здружыўся з аграномам, і старшынёўскую машыну часта бачылі ля яго дома.

VI

Цяжка, прамокла шумелі і гнуліся галлём бярозы. Неба плыло нізка, па-асенняму, і тады, калі вецер крыху разганяў хмары, праглядвала ў прасветы сонца. Аблокі ішлі грудаста, панура, як восенню, і вечарам на іх нядобра, чырванавата адсвечвалася перад захадам сонца.

Набегла вадою, расцяклася па аселіцы сажалка. Вада ў ёй стаяла рудаватая — ад гліны, з поля.

Прападала збожжа, вымакала бульба. Калі не адступяцца дажджы, згніе на полі ўраджай, якім гэтак цешыліся.

Сцяпан стаяў пад невялічкаю стрэшкаю прыбудаванае да воданапорнай вежы будачкі. У ёй была печка — паліць зімою, каб не замерзла вада. Ён быў у гумавых ботах і накідцы з салдацкага хімкамплекта, якую купіў на базары ў Слуцку ў п’янага прапаршчыка. Накідка была даўгаватая, ніжэй халяваў, і не прамакала ні пад якім дажджом. Дождж сеяўся дробна, па-асенняму ўедлівы. Сцяпан курыў, схаваўшы цыгарэту ў кулак мокрае ад дажджу рукі. Адсюль, з узгорка, яму былі відны два камбайны, якія, здавалася, згорбіліся ад холаду сярод поля, бяссільна апусціўшы на зямлю жаткі. 3 краю поля стаяў гусенічны трактар. Нязжатае поле было ўсё роўна як выкачанае вялізным зверам. I там, дзе збажына палегла, салома пачарнела, скрозь яе пачынала прарастаць густая зялёная трава.

Каб у пагоду, то дзве новенькія «Нівы» за паўднёўку сшумелі б гэты палетак, толькі б пыл віўся за капніцелямі. Аж палягчэла на сэрцы ад таго, што ўявіў, як суха пахне жнівом, як ляжыць чыстае, бліскучае ржышчам поле і нашатыраныя кучы саломы.

Сцяпан дакурыў цыгарэту, кінуў яе на зямлю, і яна тоненька зашыпела.

Ен не мог спаць спакойна, прачынаўся ноччу ад таго, што шумеў дождж.

Ганька сварылася на яго, і ён ведаў, што яна гаворыць праўду: памагчы ён нічога не мог, ён цяпер і зусім ні пры чым быў пры жніве, бо калі крыху пераставаў дождж і на якога паўдня збольшага абветрывала збажына, на машыне прыязджалі камбайнеры і трактарысты, пачыналі жаць. На лагах, дзе камбайны не маглі прайсці і буксавалі, трактар браў іх на буксір.

Паўз вёску тады шумелі машыны — на цэнтральную сядзібу, на сушылку, і Сцяпан выходзіў к дарозе і чуў, як пахне збожжам.

Але дзень ці два і выдаліся, што абышлося без дажджу. Жніво зацягвалася, зерне пасыпалася, прарастала, чарнела палеглая пад ветрам і дажджом салома.

Адзін толькі палетак стаяў не зложаны ветрам — за крынічным алешнікам, на высушаным некалі тарфяніку, дзе была шмат гадоў цімафееўка, а цяпер зааралі і пасеялі жыта. Яно вырасла густое, тоўстае і моцнае, як чарот. Налілося цяжкім калоссем, і ў лагчыне, затуленае ўзгоркамі, алешнікам, яно не паддалося ні дажджу, ні ветру. Сцяпан амаль кожнага дня цяпер прыходзіў да гэтага палетка — колас цяжка сагнуўся, і калі не прыбраць збожжа з поля, то пасыплецца хутка зерне. Пра тое, каб увайсці на поле з камбайнамі, не магло быць і гаворкі. Камбайны больш стаялі, чым жалі, і на высокіх, не такіх гразкіх, палях.