Выбрать главу

Сцяпан ведаў, што жыта гэтае прападзе — на большых і сушэйшых месцах будуць прыбіраць.

Ноччу яму пачало сніцца гэтае поле. Саснілася гэтак сонечна, цёпла, што ад паху аж галава закружылася. Жыта пахла суха і чыста, і валошка пахла. А яшчэ сасніліся яму русалкі. Тыя самыя русалкі, якімі пужалі іх, малых, каб не бегалі гуляць у жыта і не тапталі яго. У тых русалак былі «жалезныя цыцкі», і калі яны зловяць каго ў жыце, то жывога не выпусцяць, заказычуць гэтымі сваімі «жалезнымі цыцкамі». Чамусьці палохала, што заказычуць і што жалезныя... Цяпер у сне гэтыя русалкі адна за адной выйшлі з жыта, голыя, як маці нарадзіла, і палезлі купацца ў рэчку. Рэчка саснілася не цяперашняя, а тая старая рэчка, з шырокім плёсам. А русалкі былі маладыя, дзяўчаткі, і грудзі ў іх былі белыя і маладыя, як у дзяўчатак, ніякія не жалезныя. Калі прачнуўся, Сцяпан успомніў, што сасніліся яму старэйшыя дзяўчаты, якіх ён раз падгледзеў хлапчуком, калі купаліся яны, выпадкова, зусім зблізку, з-пад лазовага куста, і баяўся паварушыцца, каб яны не пачулі яго, хоць было і брыдка, і страшна, і прыемна. У сне ж русалкі не агледзелі яго, пакупаліся, выйшлі, паднялі сярпы і пачалі жаць...

Ён прачнуўся, здзіўлены гэтым сном. I тыя сярпы, тыя дзяўчаты ўжо не давалі яму спакою, не выходзілі з галавы.

Раніцаю здалёк падышоў да Ганны:

— А што, каб сярпамі жалі, то ў снапах і сушыць бы можна было, і прыбіраць.

— Чаму ж не. 3 бабак лягчэй сухія снапы забраць. Толькі ж дзе цяпер і сярпы тыя, і жанцы. Гэта ж не пасля вайны, што людзей была поўная вёска...

Сцяпан паснедаў і пайшоў па хатах. Перш зайшоў да Мароза. Той стаяў у садзе і выбіраў мацнейшыя, непадгнілыя падпоркі ў сад пад галіны.

Сцяпан павітаўся. Пра здароўе не пытаў — Мароз тры гады назад ледзьве выйшаў з бальніцы. I печань, і лёгкія... Адным словам, з бальніцы ледзьве выйшаў і цяпер калі і пыніўся, то толькі пры доме.

— Вот пападпіраць рашыў... А то і дождж лье, і ветрам яшчэ паскручвае галіны.

— Ага, трэба было і мне. Я вот к табе прыйшоў... Як ты думаеш, калі мы збяромся і з сярпамі выйдзем на той палетак, за крыніцу?

— За крыніцу? Ну, яно-то і рады іншае няма. Толькі хто ж выйдзе? Усе грыбы старыя.

— А ты вот выйдзеш?

— Выйду, а чаму ж не. Як магу, але, як і ўсе, выйду... I Волька выйдзе. А што ж тут рабіць? Рады іншае няма.

— Ну, дак гатоўся. Пайду далей.

Як некалі, з хаты ў хату, заходзіў Сцяпан, загадваў на работу.

Пакуль абышоў свой канец, ужо і дагаварыліся, што на нормы мераць не трэба, што так людзі выйдуць і падрад жаць будуць. Хто колькі коп нажне — мера работы. Яшчэ аказалася, што сярпоў няма, а калі ёсць, то тупыя, паржавелыя — апошнія гады і картаплянік ніхто ўжо сярпамі не жаў, абкошвалі мужчыны.

Таму Сцяпан не кончыў абыходзіць усе хаты — цяпер ужо не сумняваўся, што людзі выйдуць на поле. Зайшоў да Данілы. Стары каваль хварэў, нікуды ўжо не выходзіў, нават на вуліцу. Цяжка і са свістам кашляў у хаце на ложку ці на печы. Каторы год ён вось гэтак кашляў, дыхаў са свістам і хрыпам, як стары, лаплены-пералаплены кавальскі мех.

— А, бат, здароў! Як гэта ты да мяне?

Даніла цяжка ўстаў з крэсла. Ён сядзеў, склаўшы рукі на каленях, і глядзеў тэлевізар. Некалі рослы, шырокі ў плячах, каваль цяпер сагнуўся, схудаў, але і ў ссутуленых плячах асталася касцістасць, і рукі былі вялікія, шырокія ў далонях. Кавальскія рукі.

— А я, бат, вот цэлы дзень сяджу і гляджу ў целявізар.

Даніла цяжка засоп. Хата яго была прасторная, добра і моцна зробленая хата, калі Даніла яшчэ быў у сіле. Цяпер, на двух старых, яна здавалася і вялікая, і надта ж пустая.

— А ты ўсё брыгадзірыш?

Даніла папытаўся і паглядзеў на Сцяпана ўжо такімі старэчымі слязлівымі вачыма, што Сцяпану здалося, бы гэта вочы другога чалавека.

— Брыгадзіру. Вот рашылі, што трэба ісці жаць за крыніцаю сярпамі, а то жыта прападзе.

— Да, бат, дзе цяпер тая брыгада? Ні канюшні, ні кузні, ні людзей. Дак ты, бат, мабыць, нешта хацеў, калі прыйшоў?

— Кажу, Даніла, жаць пойдзем сярпамі жыта за крыніцу. Вады наліло, камбайнам туды не ўлезці, а жыта добрае.

— Цяпер, бат, расце, не тое што пасля вайны на пустой зямлі па пяць цэнтнераў...

— Ну, дык жаць хочам ісці, а сярпы старыя, тупыя. Што ты скажаш?

— А-а! Добра, зараз.

Даніла ўстаў, выключыў тэлевізар. Цяжка пасоп наперадзе, павёў Сцяпана на двор, у збітую за хатаю прыбудоўку. Там стаяў варштат, старыя, яшчэ з кузні, ціскі. Але і па пыле на варштаце, і па ржы на цісках, па ўсім было відна, што майстар тут даўно ўжо не быў.