Выбрать главу

— Во, бат.— Даніла цяжка і доўга закашляўся.

Сцяпан паглядзеў туды, куды паказаў ён. Там стаяла тачыла, тое, з кузні, з вялікім круглым каменем пад карытцам, выдзеўбаным з дзерава.

— Кажы, бат, хай ідуць. Скажы, што Даніла сярпы тачыць будзе. Кузні няма, не адцягнеш, не назубіш, а падтачыць Даніла яшчэ падточыць. Кажы, бат, хай ідуць. Каб толькі пакруціць каму тачыла было.

Пакуль Сцяпан абышоў хаты, першыя ўжо пайшлі з сярпамі да Данілы. Да апошняга Сцяпан зайшоў да Антося. Той рабіў цяляці пойла — закасанаю рукою нешта душыў, перамешваў у вядры.

— Дзяньдобры, дзяньдобры,— адказаў на прывітанне.— Што гэта ты сёння ўсё сяло ўспалашыў?

— А што, вот выйдзем усе, за дзён тры і сажном. Калі добрая будзе пагода...

— Уй, выдумаў ды хрэн знае што!.. Цяпер рукамі ён будзе прыбіраць з поля. Гэта ж не некалі, што людзей поўна было. Вот няма чаго рабіць табе, дак ты ўсё недзе шчэмішся! Я ўсю жызню аджаў, во! А цяпер я на пенсіі і на работу ў брыгаду захачу пайду, захачу не пайду. Я сваё адрабіў, а цяпер хай другія робяць.

— Дак ты не пойдзеш жаць? Ты ж ведаеш, што за крыніцу камбайн цяпер не пойдзе. Прападзе поле.

— Нічога, хай рабочых ці студэнтаў прыганяюць. Я не пайду і сваю Веру не дам. Яна ў мяне пенсіянерка.

Антось выпрастаўся, стары, камлюкаваты яшчэ, цяжкі мужчына.

Сцяпан напроці яго стаяў, худы, жылісты, даўганогі, у сваім цяперашнім ваенным галіфэ, як драч.

— Як хочаш, права ты маеш. Але я табе скажу: быў ты бэкаўцам, сволаччу, бэкаўцам і астаўся. I дарэмна цябе не пасадзілі,

Бачыў, як аж пабялеў Антось, павёў рукою да палкі, якая стаяла пры плоце, і хрыпла папытаўся ці сказаў:

— Цяпер ужэ не пасадзіш, рукі кароткія! А ты дурнем быў, дурнем і памрэш, век з людзьмі правуючыся!

Сцяпан не стаў слухаць больш, завярнуўся і пайшоў з двара.

Даніла ўжо тачыў сярпы. Дастаў і начапіў свой стары кавальскі фартух, які цяпер быў яму амаль да самае зямлі, на носе прымадэрыў двое звязаных белымі ніткамі акуляраў.

I тачыла цяпер было высакаватае яму. Круціла Марозава Волька, старалася роўна. Даніла ўзлёг грудзямі на станок тачыла, і яго вялікія рукі ляжалі на сярпе, паволі паводзілі яго па камені. Усё роўна як за рулём кіраваў, пакручваў баранку стары каваль, прыглядаючыся да сярпа. Тут жа, ля тачыла, стаяла і вядро з вадою — начоўкі пад тачылам рассохліся за многа год, і з іх выцякала вада.

Даніла паглядзеў на серп — на шырокі захват роблены, лёгкі серп, пацямнелы, заржавелы, цяпер ён светла заблішчаў.

— Тагановічава работа. Умеў сярпы рабіць.

Даніла цяжка дыхаў.

— Каб яшчэ перазібіў — век бы служыў.

— На мой век, Даніла, хваціць і гэтага. Колькі я ім папарэзала гэтага жыта, аж і падумаць страшна.

— Данілка, а гэты серп ты пазнаеш? — падала кавалю ў рукі серп Юзікава Галька.

— Чаму ж. Я рабіў.

— Вот ты не можаш, каб уперад не выскачыць! — не ўтрывала сварлівая Бакасянка.

— А ты мяне ўсюды пільнуеш! Табе і работы другое няма! — адразу ж завярнулася да яе Галька.

— Ціха, бабы, ціха! Усе ўспеем,— прыкрыкнуў Сцяпан, бо ведаў, што, як завядуцца абедзве, да вечара і вадою халоднаю не разальеш.

— Рабіў некалі... Дзень і ноч, бывала, перад жнівом.— Даніла пакручваў у руках серп, быццам прыглядаўся да яго і на ім бачыў тыя далёкія дні.— Тады яшчэ Мінкіна нам былі прыслалі...

Даніла звярнуўся да Сцяпана:

— Ты помніш, як я быў іржышча накасіў і адвячоркам дадому пёр? — Даніла падняў акуляры на лоб.— I ўжэ ў вуліцу вото ўязджаю, а насустрач у вазку курыць старшыня. Ну, думаю, прапала маё ржышча, заверне на кароўнік. А ён мне здалёку рукою махае: «Што, Базылевіч, снапы вазіць памагаем? Маладзец, Базылевіч!» I пакурэў на сваім вазку. Стаў я, аж плюнуў — і куды з ім, такім дурнем, калгас пойдзе?

— Не такі дурань быў. Колькі на аўчарніку баранчыкаў папарэзаў і ў Мінск папавазіў! — пераключылася на Мінкіна Бакасянка.

— Э-э, хто тут не набіраўся.— Даніла махнуў рукою.— Сцяпан, хіба ты мне пакруці тачыла, а то бабы ўсё ж шморгаюць, не роўна круцяць, а ў мяне і самі рукі шморгаюцца.

Сцяпан стаў да тачыла.

Сярпы кончылі тачыць пасля абеду. Сцяпан памог старому кавалю паставіць пад паветку тачыла.

I толькі тады на двор паказалася Антосева Вера з трыма сярпамі ў руках.

— Вы ўжэ кончылі? А я ж хацела... Патачэце, дзядзька Даніла.

— Што, перадумала, жаць пойдзеце? — папытаўся Сцяпан.

— А што, як і не пойдзем? Начальнік мне. Не з табою ж гавару!

Даніла цяжка соп.

— Спазнілася ты, ужэ не точым,— злосна сказаў Сцяпан.