Выбрать главу

Яго раззлавалі тры сярпы, якія яна прынесла старому — у запас натачыць, пакуль не памёр.

— А я ў цябе не пытаюся!

— Не точым больш, ага...

Даніла закашляўся, завярнуўся і пайшоў пад паветку.

Вера пастаяла, закруцілася і пашыбавала на вуліцу.

Зноў пачынаў крапіць дождж.

— Пайшлі, Сцяпан, да мяне, паабедаем і чарку вып'ем, бат. Мы з табою добра парабілі, бат, добра.

Абедалі яны з Данілам доўга, выпілі паўлітра гарэлкі, з’елі па місцы наварыстых буракоў.

— Ты, бат, бачыў, што мне Вера тачыць была прынесла? Аднаго гэтага бракуса, што ў нас у раёне нарабілі... Гэта ж трэба, бат, я яшчэ жывы, і ты помніш, а на заводзе сярпоў нарабілі, з другога боку назубіўшы! I яна, бат, прынесла, каб я, Базылевіч, гэтае паскудства ў рукі браў, каб я яго на сваб тачыла паклаў! А ты, бат, добра прыдумаў, што трэба поле зжаць, што сярпы трэба натачыць! Добра, бат, прыдумаў... А то я сяджу цэлыя дні, гляджу ў гэты целявізар, і гэтак мне ўжо надаела сядзець і глядзець, што і пайшоў бы, а мяне нешта не пускае, нечага не дарабіў... А добра, бат, от я ўсе сярпы ператачыў, і свае, і Тагановічавы... Як яго там сустрэну, раскажу, як мы з табою сярпы тачылі, бат!

Даніла задаволена засоп.

За акном імжыўся дождж, і пад гэтым дажджом Сцяпан пайшоў дадому.

***

Дома Ганна папыталася адразу:

— Што ты там дзе гаварыў, што Вера Антосева цябе на ўсю вуліцу кляла?

— Пайшла яна!.. У яе дзе совесць, там мохам парасло! Жаць на поле не можа пайсці, а Данілу сабрала, прыперла ўсе сярпы.

— Хай бы ён яе і праганяў. Чаго ты лезеш? Выдумаў на сваю голаў гэтае жніво!.. Госпадзі, хоць бы ты, як той чалавек, пайшоў на сваю пенсію да пажыў, хоць бы я пажыла пры табе спакойна. Увесь век перад табою бягу — брыдка брыгадзіравай жонцы ззаду быць... Але ж век я ў цябе знелюбелая была! Усё тую камандзірку помніш...

— Не дурней на старасць год. Мы з табою як людзі век зжылі...

— Ага, на людзей азіраючыся, і зжылі. Есці даць чаго? Мо хоць дзень папалуднуем разам, як людзі.

— Давай папалуднуем.

Сцяпану не хацелася есці, але ён сеў за стол разам з жонкаю.

***

Лілі дажджы. Заасяніла, як перад самым снегам. Сцяпан з напарнікам доўга сядзелі пад кустамі ядлоўцу наводшыбе ад лесу і прыглядаліся да вёскі. Яна цьмяна шарэлася ў тумане і дажджы. На пляцах перад вёскаю відны былі людзі — выбіралі бульбу.

— Пайшлі,— скамандаваў Сцяпан.

— Куды пайшлі? Чаго на ражон перціся? — Яго напарнік, гэтакі ж самы малакасос, як і Сцяпан, праўда, на гады чатыры старэйшы, Васіль Казьмянаў, які пабыў салдатам, акружэнцам, незадаволена азірнуўся на Сцяпана. Яму не падабалася, што Сцяпана прызначылі старэйшым.

— Сказана пайшлі — пайшлі! — Сцяпан устаў. Ён камандаваў, і нейкая дурная маладая ўпартая сіла гнала яго наперад. Яму было прыемна, што Васіль не можа не падпарадкавацца яму.— Сказалі разведаць, то трэба і разведаць, а не паляжаць у кустах.

Калі падыходзіў да жанчын, Сцяпан прыкмеціў, што тыя здалёк заўважылі іх, але не падавалі выгляду — грэбліся дружна, як куры.

— Дзень добры, цёткі,— павітаўся Сцяпан, як падышоў да жанчын.

— Дзень добры,— адказалі некалькі чалавек уразнабой, зірнулі на яго з Васілём і зноў збіралі бульбу.

— Немцы ў вёсцы ёсць?

Сцяпан стаяў, паклаўшы рукі на карабін, які вісеў на шыі. Сам сабе ён здаваўся высокім, дужым, бравым з выгляду.

— А хто іх ведае, чалавеча. Зранку, як выходзілі ў поле, нікога не відно было. А цяпер хто яго ведае...— коратка адказала адна з жанчын.

— А ў Вераб'ёве, у Будзе?

— Адкуль жа мы ведаем? Нікуды ж не ходзім.

— Вы што, не бачыце, свае мы, парцізаны.

— Можа, і парцізаны, я ж нічога не кажу.

Хустка ў цёткі была завязана так, што толькі вочы відны былі і нельга было пазнаць твару. Яна была старэйшая, і больш ніхто з жанок у гаворку не ўмешваўся.

— Ладна, Васіль, пайшлі, ну іх...

Сцяпан мацюкнуўся, каб чулі жанчыны, і знарок пайшоў, усё роўна як збіраўся напрасткі ўвайсці ў вёску. Угледзеў краем вока, як насцярожана выпрасталася старая жанчына, якая гаварыла з імі. Але тут жа ўвагу яго забрала маладая выбіральшчыца, таксама ў старой абшарпанай куфайцы, у бруднай, з плямамі хустцы. Нешта знаёмае падалося ў схаваным твары.

Ён завярнуў да яе, спыніўся.

— Ну што, і ты не пазнаеш? Ці пазнаваць не хочаш?

Сцяпан стаў над дзяўчынаю.

— Няўжэ ж гэта ты, Сцёпка? А я прыглядаюся і не магу пазнаць. Цётка Хадорка, гэта ж Сцёпка Дзямідчыкаў з Борак!

— А Госпадзі! А казалі ж, што цябе паліцаі злавілі і застрэлілі разам з бацькамі!

Разагнулася і падалася да Сцяпана тая, каго Ганька назвала цёткаю Хадоркаю.

— Ой, дзеткі, ідзіце адсюль, хай вас Бог беражэ!