Выбрать главу

Жанчыны сабраліся вакол іх, загаварылі паперабой:

— Лазяць гэтыя дні яны ўсюды. I ў Будзе, і ў Вераб’ёве, і ў нас сёння былі, мо яшчэ і не выехалі. I ля дарогі, мужчыны кажуць, сядзяць. Не хадзеце тут, дзеткі. Паб’юць вас. Іх гання цэлая!

— Ладна, і мы самі з вусамі. Разбяромся, што да чаго. Зайду, Ганька, як будзе час, у госці. Будзьце здаровы, жанкі!

Сцяпан, кругам выйшаўшы да лазовых кустоў на лузе, павёў Васіля на канец вёскі. Той паспрабаваў заікнуцца, што няма чаго лезці на ражон, усё і так ясна: паўз дарогу скрозь засады, немцы чакаюць партызан.

— Ладна, ты будзеш чакаць мяне тут. Дарогу назад знаеш. Скажаш у атрадзе, калі што... А я пайду праверу.

Яму тады падабaлася, што ён пакідае Васіля, што можа пайсці і не вярнуцца. Можна было і з тым, што здабылі, ісці ў атрад — асноўнае разведалі.

Сцяпан не ўспеў адысціся ад кустоў, калі пачуў:

— Сцяпан, пачакай! Пачакай, не ідзі!

Ён пазнаў Ганьку. Яна даганяла іх бягом.

— Пачакай, дай я лепш сама першая зайду. А мо не паехалі яны яшчэ. Я табе хусткаю махну...

Яна першая пайшла да вёскі, махнула адтуль яму хусткаю. Маці яе ды і бацька, кульгавы шавец Змітрычак, таксама не пазналі яго. I толькі там, у хаце, ён сам адчуў, які ён брудны, абшарпаны, праванялы дымам і лесам. Ганьчына маці запрапанавала паставіць вады, каб памыўся. Ён засаромеўся, сказаў, што не мае часу. Часу і сапраўды было мала. Змітрычак расказаў яшчэ раз, дзе бачылі немцаў і паліцыю.

Не адмовіўся Сцяпан толькі ад самагонкі, кавалка сала і хлеба. 3 Васілём яны выпілі гарэлку і пад’елі толькі тады, качі дайшлі да ўзлеску.

Ноччу атрад перайшоў дарогу за лесам, у полі. Там засады не было.

Ганьку ён больш не ўгледзеў У Альховыя Крыніцы зайсці ніяк не выпадала...

***

Пасля партызан яго, параненага, на фронт не ўзялі. Ён рабіў у страхінспекцыі, хадзіў у раённым актыве. У яго быў маленькі сівенькі конік пад сядлом, ППШ, які ён выменяў на свой карабін у салдата. 3 гэтага аўтамата за сорак метраў ён не мог трапіць чаргою ў пень і таму разумеў, чаму шустры пехацінец абмяняў яго на карабін. Аўтамат вісеў у пакойчыку ў прыватным доме ў Слуцку над жалезным ложкам. Акрамя табурэткі, тумбачкі, больш нічога ў яго не было. I яшчэ пры дзвярах быў убіты цвік, на які ён вешаў свой добра вынашаны шынялёк.

Аўтамат ён з сабою не вазіў — трымаў пры сабе толькі трафейны нямецкі «вальтэр».

Тады ён прыязджаў праводзіць сюды, у Альховыя Крыніцы, сход. Сцяпан запомніў той сонечны красавіцкі дзень, калі аж балелі вочы ад сонца. Снег на дарозе стаў жухлы, у лагчынах набрыняў вадою. Сонца добра прыгравала ў плечы, і цёпла было ўжо і ў Сцяпанавым шыняльку. Толькі балелі вочы ад сонца і слязіліся.

Яго мучыў кашаль, і нават пад сонечным прыгрэвам час ад часу праціналі цела дрыжыкі. Ануча ў левым боце была мокрая — у адным месцы лопнуў перад, і вада, калі ступаў у мокры снег, прасочвалася.

***

Пасля сходу Змітрычак сам падышоў і напомніў, як тады, у разведцы, заходзіў Сцяпан да яго, і запрасіў начаваць да сябе.

У хаце ў Змітрычка яго яшчэ частавалі бульбаю і самагонкаю — на стол падавала Ганька, але і цяпер Сцяпан памятае гэта як у гарачым тумане. Ён і жартаваў, і ўспамінаў былое, і ўвесь час дзяржаўся, каб не калаціла яго ад холаду.

Спаць лёг на шырокай лаве, на якую Змітрычак паслаў кажух. Акрыўся сваім шыняльком. Ноччу яму стала душна ў хаце, ён устаў, каб прыадчыніць дзверы, і больш нічога не памятае...

Першае, што ён убачыў ці адчуў, калі ачнуўся,— над ім нехта плакаў. Спачатку яму здаюся, што гэта маці. I ён скрозь гарачку ўзрадаваўся, што няпраўда, не застрэлілі маці, што яна жывая. Потым зразумеў, што гэта яму здалося, што над ім нахілілася Лена. Але ж ён ведаў, што яна з мужам у суседнім раёне і тут не можа быць.

Над ім сядзела і плакала Ганька. Ён ляжаў на яе ложку, апрытомнеў толькі на пяты дзень. Тым часам пачалася паводка, ні ў раён, ні з раёна сюды ніхто дабрацца не мог. Самае большае, прывозілі да яго мясцовага фельчара, старога, дарэвалюцыйнага яшчэ практыка. Тры тыдні адлежаў ён у Змітрычка, пакуль ачуняў. Але бяда адна не ідзе — адкрылася рана, пачаў выходзіць асколак... Гянька даглядала яго.

Калі ад'язджаў, Ганька выйшла да варот правесці. Падала руку яму на каня, глянула і сказала:

— Прыязджай сюды. Чаго табе прападаць, Сцёпка, вайна кончылася...

Яна не дагаварыіа.

Як трохі ачахла дарога, ён прыехаў у Альховыя Крыніцы. Потым яшчэ колькі разоў прыязджаў, а на сяўбу ўжо Сцяпан Дзямідчык быў зацверджаны райкомам старшынёй калгаса, які быў тады з аднае вёсачкі, з Альховых Крыніц. Пасля сяўбы ў іх з Ганькаю было вяселле...

***

— Ты хіба нездаровы? Чаму не ясі?