Выбрать главу

Сцяпан схамянуўся.

— Слухай, а чаго ты тады плакала?

— Калі плакала?

— Тады, як я хворы ляжаў?

— Во, выдумаў што! Маладая была, дурная. Страшна было, што памрэш... Вой, як ты кідаўся і крычаў начамі! Усё нейкім балотам адыходзілі, усё справа некага накрываць трэба было...

— Прыкрываць, а не накрываць.

— Бог яго знае.

— Гэта з блакады...

— Ага, і тую Лену ўсё зваў, каб за табою паўзла. Во, дык ты, мабыць, ужэ шмаргануў недзе? А я думаю — сядзіць, нікуды не спяшае, што гэта з ім зрабілася такое!

— 3 Данілам паабедалі.

— I той выпіваў?

— Выпіў. Смачная, кажа.

— Хіба перад смерцю, барані Божа. Ну, то калі выпіў, то ўжэ нікуды і не сунься. Лажыся і паляжы хоць дзень у гаду як чалавек.

Сцяпан паслухаў жонку. Ці то ад выпітага, ці то ад стомы, але ногі былі нібы ватныя, і сам увесь здаваўся цяжкі, як з доўгае дарогі толькі вярнуўся. Зноў пачаўся дождж, і пад яго Сцяпан заснуў моцным здаровым сном.

VII

Жалі жыта гуртам. Непрывычна было ні самому Сцяпану, што жнуць гэтак, ні жанцам — спрадвеку, як толькі пачаўся калгас, палетак мералі на нормы. Кожнаму свая паласа. Было відно, як хто зжаў, як хто снапы павязаў, як хто бабкі паставіў.

Цяпер не было каму брадзіць, мераць, дый не было патрэбы. Жалі, як даўно згаладаліся па такой рабоце, быццам правяралі, ці не забыліся, як серп у руках трымаюць.

Але дождж не даваў ніводнага дня пажаць.

Жалі высока, амаль у калена пакідаючы ржышча. Жыта перавілося травою, і было не пацягнуць сярпа.

— Бачыш, прыйшла пара, Сцёпка ходзіць і загадвае, каб высока жалі. А помніш, як мяне і аштрахаваў быў на тыя працадні пустыя, што высока жала? — Бакасянка гаварыла да суседкі, да Ліды, але так, каб чуў і Сцяпан.

— Ну, тады такое правіла было... Тады ж заворвалі ржышча, каб зямля лепш радзіла,— памяркоўна абазвалася тая. Ліда не любіла лішне гаварыць.

— Ага, пад землю закочвалі, а коней і кароў вясною на вяроўках падымалі ды падвязвалі...

— Ты ўжэ не кажы, у нас, у Крыніцах, такога ніколі і не было пры Сцёпку.

— Ні ў нас, дак усюды ў калгасах было!

Бакасянка не здавалася. I яе моцны, сварлівы голас быў чуцён усім. I Сцяпан не злаваў на яе — колькі ні жалі, у іх не было такога, каб не чутно было Бакасянчынага голасу. I цяпер, калі быў чуваць ён, здавалася, што ўсё ў парадку.

Але чым далей аджыналіся ад поля да рэчкі, тым мякчэй рабіўся набрынялы ад вады тарфянік пад нагамі. Сцяпан ужо думаў пра тое, як і на чым будзе вывезці снапы.

На выхадныя тая ж Бакасянка прывяла на поле сына з нявесткаю і загадала выносіць свае снапы на сушэйшае. Гледзячы на яе, пачалі і ўсе выносіць снапы на вышэйшае, павыходзілі на работу і дзеці, якія папрыязджалі на выхадныя з горада.

Прыйшоў і Антось, не прыйшоў, а прыехаў на падводзе, нешта прадундзеў жанкам, што Вера захварэла, ляжыць, не ўстае.

— А ў цябе хіба с... запрэла, на лаўцы седзячы, а то і ты чорта прыйшоў бы,— не ўтрывала Бакасянка, але Антось прытварыўся, што не пачуў.

Ён пачаў накладваць снапы і вывозіць іх на край поля, там ставіць у бабкі..

Зранку хораша свяціла сонца, і вока цешыла золата збажыны навокал. 3 палёгкаю ўздыхнулася — кончыліся дажджы, пачнецца пагода. Але пасля абеду неяк раптоўна патухла ўсё, заплыло асеннімі грудастымі хмарамі і зацерусіўся дробны дождж. А жаць заставалася на якую паўднёўку яшчэ. Жанкі неахвотна адрываліся ад сярпа, збіраліся дадому.

Сцяпан здалёк угледзеў дзве машыны, якія ад вёскі, буксуючы па гразі, дабіраліся да поля, спыніліся перад крыніцамі. 3 першай выйшаў рослы мужчына ў ваеннай плашч-накідцы. 3 другое машыны, Сцяпан пазнаў, выкаціўся старшыня і за ім следам выпаўз аграном. Першы ходка, напрасткі, не разбіраючы дарогі, пашыбаваў да іх так, што і аграном, і старшыня ледзьве ўспявалі следам. I яшчэ следам ссутулена ішоў рослы чалавек у кароткім балонневым плашчы. Ён вылез з трэцяе, сіняе, машыны, якая дагнала першыя дзве.

Але Сцяпан толькі вокам кінуў на астатніх — глядзеў на першага: у паходцы, у тым, як разляталася ад хадзьбы поламі ў бакі накідка, было нешта вельмі ж памятнае, нібыта такое ўжо ён бачыў аднойчы, даўно.

Сцяпан пайшоў насустрач.

Чалавек у накідцы павітаўся, падаў руку. Рука яго была белая, вузкая, але цвёрдая.

— Гэта наш брыгадзір, Дзямідчык Сцяпан са сваімі пенсіянерамі. Я расказваў вам пра гэтую брыгаду...

Старшыня таксама падаў руку Сцяпану, і следам за ім павіталіся і аграном, і чалавек у балонневым плашчыку — у таго пад плашчом на грудзях быў фотаапарат.

Чалавек у накідцы, здалося, не слухаў, што яму гавораць, аглядаў зжатае поле і нешта думаў сваё.

— А чаму снапы вывозіце?

— Баюся, што і трактар не ўлезе. Балота, а вады гэтулькі ўгаціла.