Выбрать главу

— А што вы з мокрымі снапамі рабіць будзеце?

— Сноп, ён як мокры, так і сухі. Лета ж усё ж такі. Раскрыў бабкі, ветрам абветраюць, у гумно ўкінем, а абмалаціць цяпер не праблема... Дзяды нашы не дурныя былі — жыта сеялі. Ці засушыць, ці вымачыць, хоць крыха і пашні будзе, і карове і саломы перападзе.

Сцяпан ужо ведаў, здагадваўся, што гэта з раёна і што не малы начальнік, хоць і ў гумовых ботах, калі за ім гэтак бегае старшыня.

Старшыня сурова глянуў на Сцяпана — не мялі лішне, гавары пра тое, што ў цябе пытаюць.

— А чаму ў гумно? Можна і сюды падагнаць камбайн і абмалаціць? — Незнаёмы паглядзеў на Сцяпана — што той скажа.

— Так яно і саўсім добра было б. Але ці будзе той лішні камбайн? Вунь жа ярыны колькі яшчэ. Цяпер трэба хватаць што і як можна з поля. А снапкі і ў гумне пачакаюць, пакуль камбайны на выгул не пойдуць.

Вочы ў прыехаўшага былі блакітныя, глыбокія, сур’ёзныя і строгія вочы, якія бываюць у начальства. I крыху запалыя, мабыць, ад бяссоння, і твар стомлены.

— У цябе ва ўсіх брыгадах жнуць уручную? — папытаўся ён у старшыні.

— Не, Пётр Іванавіч, гэта Дзямідчык у нас спец...

— А дарма. Карпенка! — паклікаў ён і махнуў рукою, усё роўна як даваў знак таму чалавеку ў балонневым плашчы. Той адразу ж дастаў з-пад плашча фотаапарат.

— Дык гаворыце, Сцяпан,— як вас па бацьку? — Сцяпан Сцяпанавіч, што сярпы яшчэ ёсць і там, дзе не ўлезе ні трактар, ні камбайн, можна зжаць і высушыць? Так дзяды і рабілі?

Пётр Іванавіч нечакана ўсміхнуўся скупою, але цёплаю ўсмешкаю, і маршчынкі, што збегліся да вачэй, і гэтая ўсмешка раптоўна абмаладзілі яго.

— А што, калі, скажам, мы падымем усіх, хто можа жаць і касіць?

— Ну, усяго не сажном. Гэта некалі людзей поўна было тут, а цяпер усе ў горадзе... Але тое, што машына не возьме, можна запраста забраць.

Сцяпану было добра, што Пётр Іванавіч зразумеў яго.

— Так што, Пётр Іванавіч, рана нас яшчэ закрываць і зносіць, як хутаранцаў. Мы яшчэ гаспадары на зямлі.

— Мабыць, рана, Сцяпан Сцяпанавіч.

Зноў нейкая думка заняла голаў Пятра Іванавіча, і твар яго стаў сур’ёзны і стомлены, і ў вачах абазначыўся той строгі начальніцкі халадок.

— А ты, Прымачак, не ведаеш, што ў цябе ў калгасе робіцца. Людзі самі выйшлі... Усе брыгады падымаць трэба, раён...

Сцяпан недачуў, што загаварыў нешта ў адказ старшыня, ідучы побач з сакратаром.

Карэспандэнт тым часам узяў Сцяпана пад руку і пачаў распытвацца, як у іх у брыгадзе нарадзілася такое пачынанне.

— Як вопыт, кажаце, нарадзіўся? Знаеце, у нас ёсць стары каваль, дзядзька Даніла. Кузні цяпер няма, ён ляжыць на печы... А ляжаць яму згадзела. I ў целявізар глядзець згадзела. Вот ён і ўспомніў, як некалі сярпы рабіў, і надумаўся, што трэба сярпамі жаць... А мо ад безрабоціцы захацелася сярпы свае, якія некалі рабіў, патачыць. I перадаў ён, каб неслі сярпы тачыць... Ну, а далей ужо самі бачыце.

Сцяпан стараўся не пасміхацца. Карэспандэнт сур'ёзна нешта памячаў у блакноціку, запісаў прозвішчы Данілы, Сцяпана.

Начальства ля машыны чакала карэспандэнта. Потым селі ўсе ў машыны, і пад дажджом, у шэрым сутонні яны адна за адной пасунуліся па разбрынялай палявон дарозе.

I зноў нешта даўняе падалося Сцяпану — у гэтай шэрані, у гэтай калоне машын.

Ужо як уваходзіў у вуліцу, успомніў, што нагадаў яму гэты чалавек у ваеннай плашч-накідцы. Была вясна. Блакада. Яны ішлі на прарыў цераз балота, па ледзяной вадзе. Сцяпан быў ва ўдарнай групе. Пад’ехала на конях камандаванне брыгады. Першы ішоў камбрыг. Гэтак жа ходка, гэтак жа ад хады расхінаўся плашч-палатка.

Сцяпан аж спыніўся, уражаны ўспамінам — амаль усё паўтарылася так, як было. Стала аж горача.

Тую фатаграфію, якую зрабіў карэспандэнт, надрукавалі ў першым жа нумары раённае газеты. I зверху было напісана: «Увага, новы вопыт!» Сцяпан не зусім зразумеў, што было новага ў тым, што жалі жыта ў яго брыгадзе сярпамі, але так было напісана. I на фатаграфіі можна было пазнаць і яго, і старшыню Прымачака, і сакратара райкома Яновіча...

VIII

Снапы, якія павыносілі на край поля, высушылі — мабыць, і ў Бога пачало не ставаць вады: усё часцей і часцей праглядвала між воблакаў сонца.

Сцяпан чакаў змены квадры — па яго прыкметах, павінна было павярнуцца надвор’е на пагоду.

Дзень надзіва ўдаўся — сушыла як ніколі за лета: прыгравала сонца, хадзіў над зямлёю тугі ветрык. Жыта было гатовае. У абед Сцяпан загадаў жанчынам падмесці, прыбраць у гумне — назаўтра раніцою на нарадзе трэба было браць хоць пару машын ці трактароў з прычэпамі і вазіць снапы ў гумно.

Але ўжо ў гадзін пяць па абедзе раптам апаў ветрык, і на даляглядзе пачало сінявата туманіцца, нібы там нешта варыла вялікая гаспадыня і падымалася над зямлёю пара ад яе варыва. I ад поля, і ад зямлі, угрэтае, вымачанае, раптам дыхнула цёплаю задушліваю парнасцю. Сцяпан ведаў, што без дажджу, калі не цяпер, то вечарам альбо ноччу, не абыдзецца.