Выбрать главу

Трэба было прыбіраць з поля жыта.

Сцяпан сеў на веласіпед і паехаў на палетак за Партызаншчыну — там зранку скідалі ў сцірты салому. Там жалі два камбайны і ля іх былі машыны, трактары з прычэпамі.

Як толькі ўз’ехаў за ўзгорак, убачыў шырокае, роўна зжатае поле. Адзін камбайн стаяў, а другі спорна ішоў па полі. За імі была прыбрана і салома. I там, ля свежаскіданае стогакідальнікам сцірты, стаялі машына, два трактары і астатняя тэхніка.

Ля камбайна, які стаяў, лазілі камбайнеры.

Сцяпан падышоў да іх, павітаўся:

— Дзень добры, мужчыны. Зламалася што?

— Вал грохата... Такога паўдня прападзе. А на цэнтральнай як дзе чорт усіх падзеў!

Камбайнер плюнуў, махнуў рукою.

— А гэта мо сын твой, Васіль, за памочніка ў цябе?

— Сын. Ён і тыя ж гады рабіў. Цяпер на канікулах, у інстытут жа паступіў той год.

Сам бацька быў маларослы, худы, з густою чорнаю шчацінаю, якая выступіла на барадзе.

— Не ідзеш, Васіль, на пенсію?

Сцяпан ведаў, што Васіль, як і ён, мае інваліднасць.

— Я схадзіў ужэ. Што ты, братка, летам сядзець склаўшы рукі дома будзеш? Каб жа было хоць каму рабіць, а то во дзеці ж нашыя ўсе паехалі. Хто ў Слуцак, хто ў Салігорск, хто ў Мінск. Ды здароваму чалавеку і сядзець няма як, захварэць можна. Пайшоў я на лета на работу. От і сын прыехаў, хай заробіць і сабе грошай, і мне на карову саломы.

— Цяпер не надта, Васіль, будзе тае саломы. Ні калгасу, ні нам цяпер не вельмі разгонішся.

— Але ж нешта будзе. Цяпер жа ўсё шыферам накрыта, раскрываць няма чаго... А ты чаго хочаш?

— Снапы трэба з поля ўкінуць у гумно. А то на ноч дождж, ці што. Тут во трактары вазьму, машыны. Яны ж незанятыя?

— Дзе ты, братка, бачыў занятыя. Мой жа камбайн стаіць, салому паскідалі ў сцірты. П’юць вунь, сядзяць у капе саломы. Рыжы кажа, што дзень ражджэння ў яго.

— Дак а ты чаго?

— А-а, вот мо механік пад’едзе, хоць назаўтра каб камбайн зрабіць.

Калі Сцяпан падышоў да мужчын, яны сама чокаліся бутэлькамі. На газетах быў раскладзены хлеб, нарэзана сала, ляжалі свежыя агуркі, памідоры.

— О-о, Сцяпанавіч! Прывет доблеснаму брыгадзіру. Дзяржы. Пі за маё здароўе — сёння я нарадзіўся! — Рыжы ўстаў насустрач Сцяпану, расставіў рукі, нібыта ўгледзеў дарагога чалавека, па якім даўно збалеўся душою.

— Ну, добра, што ты нарадзіўся.— Сцяпан не ўзяў бу тэльку.— Але я з другім да вас...— Ну, што тут другое можа быць... Гэта перш.

— Бяры, Сцяпанавіч, хлопцы яшчэ паехалі па гаручае. Да вечара хопіць. Бач, салому ўсю скідалі, рабіць няма чаго.

— Ай, дзядзька, давайце, чаго тут...

Яго не хацелі слухаць. I трактарысты, і шафёры ўжо добра падгазавалі.

— Мужчыны, ціха! Дайце я скажу перш!

— Ну, хай перадавік скажа. Зразу б так, а то яшчэ брыкаецца.

— Мужчыны, там ля поплаву жыта сухое. Трэба яго ўкінуць сёння ў гумно. А то за ноч і дажджу па цяперашняй пагодзе можа нагнаць.

— Го, я думаў, ты мне слова скажаш, а ў цябе там жыта!

Рыжы пакрыўджана махнуў рукою. Твар яго быў чырвоны, як бурачны, а валасы і бровы белыя, таму яго і празвалі Рыжым.

Астатнія пачалі выпіваць, ізноў загаварылі паміж сабою.

— Мужчыны, жніво ж! Рабочы дзень яшчэ. I я тут брыгадзір!

— Пайшоў ты!..

Сцяпан азірнуўся, не пазнаў, хто сказаў, але ўсе дружна рагатнулі.

Рыжы забраў з рукі ў Сцяпана бутэльку.

— Ты от што, дзядзька Дзямідчык, нам ты не ўказ. Тваё жыта, ты і думай. Нам другі нарад сёння старшыня даў. Я да цябе як да чалавека, а ты — жыта. Не збяднее па ім калгас!.. Праўду пра цябе гавораць...

Рыжы не даказаў да канца.

— У баб спадніцы збяры і на бабкі панадзявай! — ляпнуў нехта з маладзейшых — Дзямідчык і не ведаў яго.

На жарт п’янавата, дружна засмяяліся. Сцяпан адчуў, як пачынае цямнець уваччу...

Ён моўчкі завярнуўся і пайшоў па ржышчы да дарогі, там усхваціўся на веласіпед, круціў да самае вёскі, да Жоглавае хаты. Участковага дома не было. Нявестка, якая прыехала на лета з грудным дзіцем, сказала, што вызвалі Жоглу нечага ў раён.

Ва ўчастковага ў хаце быў адзіны на ўсю вёску тэлефон.

Дзямідчык пазваніў у кантору, але ніхто не падняў трубку ні ў кабінеце старшыні, ні ў агранома, ні ў сакратара партарганізацыі. Бухгалтар надаўгад сказала, што старшыня недзе на полі. «Маць вашу з гаспадарамі. Штабоў нарабілі. Камбайн стаіць, механізатары п’юць, а нідзе жывое душы не знайсці!»

Дзямідчык нe мог супакоіцца. Ён быў бяссільны са сваімі пенсіянерамі і адным канём на ўсю брыгаду. На вочы яму трапіўся тэлефонны даведнічак, які ляжаў побач з тэлефонам. Сцяпан набраў нумар аўтамабільнае інспекцыі.