Выбрать главу

Старшыня выскачыў з машыны лёгка, павітаўся з усімі за руку і тут жа папытаў у Сцяпана:

— А ты чаму, Дзямідчык, учора ў кантору не прыехаў? Я цябе не ў госці прасіў.

Дзямідчыка кальнула гэтае «ты».

— Не вялікі пан, сам прыехаў бы. Толькі, дарагі старшыня, ты са мною свіней не пасвіў і каровам хвасты не круціў, каб тыкацца. Ты яшчэ пялёнкі гнюсіў, як я тут пасля вайны калгас аднаўляў!..

— Я табе не наградны ліст сюды прыехаў выпісваць! Ты мне яшчэ адкажаш за гэтую міліцыю, за механізатараў! Гаспадар мне знайшоўся! Снапы яму не звезлі!.. Г... твае снапы супраць таго, што на полі стаіць! А ўчора паўдня пасля абеду ў мяне камбайны стаялі з-за цябе, з-за таго, што механізатараў ты пасадзіў. Увесь калгас апазорыў! Ён аднаўляў, ён ветэран! Пара ўжо знаць, што кончыўся твой час, што твае Альховыя Крыніцы бур’янам зарастуць! Неперспектыўныя яны, няма чаго на іх глядзець. А ты ўсё шчэмішся!..

— Табе, старшыня, ужэ жыта г... стала? Ты ўжэ нас і зямлю нашу зажыва пахаваў? Яна столькі такіх, як ты, пахавала! Ты вучыш, каб на сноп сёння плюнулі, заўтра на ўвесь палетак плюнуць! Хочаш на старых, на вёску плюнуць — заўтра яна на цябе самога і на ўсіх такіх, як ты, плюне! Аднавухі ты і аднавокі! Колькі мы тут перажылі такіх, як ты!.. За тое, што ты тут нарабіў, цябе судзіць трэба! Лес табе ў Сібіры цягаць, а не ў начальстве хадзіць.

Сцяпан адчуў, як густым гарачым туманам апякае яму голаў. Але ён ужо не мог спыніцца.

— Ты, Дзямідчык!.. — Старшыня ступіў да Сцяпана.

— Не смець мне тыкаць! Вон адсюль, каб нага твая больш не смярдзела на гэтай вуліцы, пакуль я тут!

Сцяпан ужо не помніў, што ступіў насустрач, выставіў перад сабою рукі, усё роўна як збіраўся схапіць старшыню за горла. Той міжволі адступіў назад.

— Дзямідчык, назад! Назад!

Сцяпан не ўбачыў, як бег, цяжка дыхаючы, Жогла. Ён пазнаў той яго камандзірскі голас яшчэ з вайны, калі падхапіўся ў маладой гарачцы пад кулі. Тады гэтак крыкнуў Жогла і ўспеў падхваціцца і ўдарам рукаяткі пісталета паваліць Сцяпана на зямлю.

— Ну ты мне!..

Старшыня асмялеў пры ўчастковым, хоць і пужалі яго дзікія вочы Сцяпана.

Жогла паклаў руку на плячо Сцяпана, другою махнуў на старшыню:

— Давайце, едзьце...

I той неяк радасна і злосна ляпнуў дзверцамі, машына аж грабянула з-пад задніх колаў граззю.

— Ну, феадал мне, на парцізаншчыну пацягнула! Захацеў з-за дурня сесці на старасць?

У Сцяпана стукалі зубы, як ад холаду.

— Як вам не брыдка, чалавека хаваць трэба, а вы над магілаю сварку ўсчалі!

Сварлівы голас Бакасянкі напомніў мужчынам пра тое, чаго сабраліся. У вёску ўязджаў грузавік з музыкантамі.

— I той дурань лепш бы вянок ад калгаса прывёз, дык ён сварыцца прыехаў...

Сцяпан цяжка аддыхваўся, усё роўна як доўга не мог вынырнуць з-пад вады і нарэшце вынырнуў.

У Альховых Крыніцах стала ў той дзень больш на адзін жоўты гурбанок за вёскаю пад бярозамі. I яшчэ на адным двары на наступнае лета бітая нагамі сцежка пачала зарастаць травою...

IX

Вясна пачалася рана, выдалася зацяжная, халодная, але цяпло пад канец мая ды некалькі спорных, уліўных дажджоў зрабілі сваё — дружна ўзялася рунь, выкінула колас жыта, свежа, зялёна і густа паднялася трава, і касіць трэба было пачынаць, не чакаючы Пятровіцы.

Сцяпан адамкнуў вялікае брыгаднае гумно, якое некалі зрабілі на снапы, раскідаўшы старыя гумны, што асталіся яшчэ ад прыватніцтва на пляцах у людзей, хоць і лічыліся за калгасам.

Цяпер у гумне складаюць сена, канюшыну. Сцяпан не заходзіў у гумно — пастаяў у варотах — вось і ўся яго гатоўка да касьбы: адчыніць гумно, каб скідаць сена, скласці цюкі, калі будзе сцюкаванае. Косамі касіць не трэба, грэбці самім не трэба — чакай, пакуль прывязуць.

Сцяпан замкнуў гумно, пастаяў. Ад гумна выйшаў да былога брыгаднага клуба — прасторнае хаты, якую яшчэ пры ім паставілі на загуменні пад старымі, панскімі, бярозамі ў садку. Цяпер клуб гэты запуставаў, былі павыбіваныя шыбы. Восенню яго займаюць студэнты альбо рабочыя, калі прыязджаюць на бульбу,— тут у іх кухня і сталоўка. Гэта яны пад вялікім кустом бэзу выкапалі яму і зрабілі сметніцу.

На дзвярах клуба вісела вымаляваная чырвонаю фарбаю аб’ява:

«Сегодня состоится сход колхозников бригады № 3.

Повестка дня:

1. Задачи тружеников колхоза «Интернацнонал» в деле нарыхтовки кормов.

2. Проводы на заслуженный отдых ветерана т. Демидчика С.

Начало собрания в 20 ч.».

Сцяпан пастаяў, пачытаў аб’яву, гмыкнуў, дастаў з кішэні хімічны аловак — у яго, хоць цяпер і не пісаў нарада, у кішэні заўсёды пры сабе быў агрызак хімічнага алоўка, азірнуўся, падышоў да аб’явы, папляваў на яе, замазаў слова «колхозннков», а зверху размашыста, хімічна напісаў «пенсіянераў», яшчэ раз азірнуўся і тады з нейкаю палёгкаю пайшоў прагонам у вуліцу.