Выбрать главу

Дома ўжо ішла работа — гарэла ў верандзе на ўсе гарэлкі газавая пліта. На стале стаяў намыты посуд.

- Дзе ты ходзіш? Работы табе няма? Хоць памыйся, пераадзенься. Дажджэшся ад цябе помачы!

Ганна з туга завязанай на галаве хусткаю, у фартуху нешта мяшала ў вялікай пяцілітровай каструлі на пліце.

— Гарэлка ў цябе паналівата, прыгатоўлена?

— Прыгатоўлена.

— Добра, што Ліда Жоглава прыйшла. А ён звалокся, ходзіць недзе. Знімі з сябе хоць гэтую гімнасцёрку ды бацішчы. Схадзі на возера, абмыйся троха да адзенься ў касцюм, а то пойдзеш...

Яна не дагаварыла, хвацілася рукою за накрыўку каструлі.

Сцяпан нечага зазлаваў ад гэтае яе гаварлівасці, ад гэтае яе ўваротлівасці, быццам яна радавалася таму, што яго выпраўляюць на пенсію, хаця бяседу гэтую замадзеў ён сам.

На кухні Жоглава жонка, рослая, худая і шырокая ў плячах баба, перацірала ў вялікай эмаліраванай місцы капусту на салату.

— Прыбірайся ўжэ, імяніннік. Хваціць па гэтых кароўніках лазіць.

Сцяпан нічога не сказаў — думалася, што людзі будуць шкадаваць, што ён ідзе. А тут і жонка радуецца.

У чыстай палавіне хаты, на ложку, была раскладзена яго адзежа: цёмны касцюм, белая рубашка, гальштук, тут жа стаялі паўбацінкі.

Сцяпан пастаяў супраць усяго гэтага — у фуражцы, у зашчытных салдацкіх штанах, хромавых ботах, прапылены, прапацелы, як конь з вялікае дарогі ад вялікага воза, паглядзеў у акно.

Пад яблынямі ў садзе стаялі збітыя з дошак сталы і лавы — на ўсю брыгаду. Гэтак некалі пасля вайны спраўляліся зажынкі і дажынкі — разам.

Сцяпан выйшаў у каморку, знайшоў старую плеценую карзіну. Адна ручка ў ёй адарвалася, і замест яе быў прывязаны дрот. У хаце ён склаў адзежу ў карзіну, выйшаў і цераз вуліцу, цераз суседскі пляц падаўся на агарод, адтуль да крыніцы і паўз алешнік пайшоў да возера.

У кустах раздзеўся да трусоў, павесіў на галіны анучы — як салдат на прывале. Пасля ўвайшоў у ваду. Яна была цёплая і чырванаватая, як чай.

Сцяпан, каб не пырскаць, асцярожна лёг і паплыў, спачатку павольнымі сажонкамі, потым на баку, а потым перавярнуўся на спіну. Здавалася, што вада сама нясе яго, пагойдвае. Успомнілася тая парослая алешнікам лагчына, якую яны ўручную карчавалі ў выхадныя дні, гэтакаю ж самаю парою, як цяпер, да сенакосу, пакуль было крыху вольнага часу. А потым на падводах вазілі пясок і каменне, насыпалі грэблю. За лета перад грэбляю сабралася возера... А вясною паводка прарвала тую грэбельку, і ўсё пачыналі спачатку.

Чатыры гады назад спусцілі ваду, прыбралі карчы і тон балотны востраў з кустамі, які плаваў пасярод возера. Але гэта ўжо бульдозерамі, экскаватарамі, а грэблю падсыпалі скрэперы.

Высока гайдалася рэдзенькае, гарачае летняе неба, сонца грэла ў твар.

Тут, на вадзе, успомнілася і гаворка ў кабінеце ў старшыні.

— Тут такая справа, Дзямідчык... Вы камуніст, як кажуць, увесь свой век з калгасам і ў калгасе. Самі бачыце,што цяпер усё памянялася, усё тэхніка, механізатары, усё ўгнаенні, усё навука. Людзей вы ведаепе, арганізаваць іх можаце. Ну, але ж і людзі — пенсіянеры, што зробіш, час ідзе, і асноўная нагрузка, я казаў ужо, цяпер на маладых, на механізатараў. I ёсць такая ўстаноўка, вам трэба яе ведаць, што цяпер у сельскай гаспадарцы, усюды павінны быць спецыялісты, людзі вучоныя.

Прымачак прыпыніўся, паглядзеў на Дзямідчыка. Ён гаварыў паволі, як смакаваў кожнае слова ці нешта расказваў вучню такое, што той абавязкова павінен засвоіць. I Дзямідчыку здалося, што гаворыць гэта ён з радасцю, якую хавае — што вось прыйшла яго пара і што цяпер Дзямідчыку нічога не астанецца рабіць.

— Вы чалавек заслужаны, здароўе ў вас... Мы ж ведаем, што інваліднасць чалавеку так не даюць...

Дзямідчык усміхнуўся — старшыня на «вы» перайшоў, далікатны стаў.

— Паслухайце, старшыня,— Дзямідчык не назваў старшыню па бацьку, але не павярнуўся язык сказаць да яго і на «ты».— Гэта, як карася пячы, то на скавараду трэба многа алею ліць, а я не карась. Заяву мне пара пісаць?

— Ладна, калі так. Тут такая сітуацыя, чалавек пасля тэхнікума, яго нам размеркавалі, і мы павінны яго ўзяць на работу.

— А што яшчэ?

— Больш пакуль што нічога.

Мабыць, не змог саўладаць Сцяпан з сабою, нешта было ў яго на твары такое, што парторг, які дасюль маўчаў, таксама ўмяшаўся:

— Што зробіш, Сцяпан, гады і здароўе.

Ён быў гадоў на два старэйшы за Сцяпана, прайшоў фронт, вярнуўся дадому без рукі.

— Не трэба, Толя, чаго ўжэ ты? Я ж то ведаю, якое і ў цябе здароўе...