Выбрать главу

Парторг збянтэжыўся:

— Гэтак і я... Днём пазней, днём раней.

Ён усё стараўся не сустрэцца вачыма са Сцяпанам.

— Добра, напішу, не бойцеся. Хай будзе і гэтак, па-вашаму.

Назаўтра Сцяпан завёз заяву. Цераз чатыры дні ўжо былі гатовыя провады яго на пенсію, з фермы яму быў адпушчаны падсвінак і паўцяляці. Гарэлка ў Сцяпана была ў запасе.

Дзямідчык ведаў, што старшыня яму не даруе. Ён гатовы быў ваяваць з ім, але ён не чакаў, што гэтак усё будзе абстаўлена, што выжаве старшыня яго з пашанаю і Сцяпан за гэта яшчэ частаваць яго пакліча...

Сцяпан крута павярнуўся на бок, як адмахнуўся ад успамінаў, моцна паплыў да берага. Там старанна мыліў голаў, цела, потым спаласнуўся, праплыў, выцерся, па-салдацку, насуха, адзеўся ва ўсё новае. Шапку сваю паклаў на ніз карзіны, зверху скамячыў штаны і гімнасцёрку, боты за вушкі звязаў кавалкам дроту, запхнуў у іх анучы і агародамі, як і прыйшоў, пайшоў дадому. I ўсю дарогу яму не хацелася, каб хто ўгледзеў яго.

Але нікога на пляцах не было, і толькі калі трэба было выходзіць з-за плота на вуліцу, пачуў мужчынскія галасы пры Марозавай хаце на лаўцы.

— Каб разумнейшы быў, то яшчэ рабіў бы. А то вельмі ўсюды лез. Начальства такога не любіць. Старшыні хацеў сваё права правіць...

Дзямідчык пазнаў Антосеў голас. Ён гуў, як у трубу.

— Не кажы, Антось, Сцяпан гаспадар, таму і цярпець не можа, каб абы-як рабілася,— заступіўся за Дзямідчыка Мароз.

— Што ён хазяін, што мы! Цяпер цехніка, старшыня вунь якім калгасам варочае. Людзі цяпер не тыя. Цяпер не некалі — усяго хватае. А ён будзе бегаць, пільнаваць, каб хто там бурачніку, як буракі цярэбяць, карове не прывёз.

Антось махнуў рукою.

— Ён ведае, каго пільнаваць. Ты, як павязеш бурачнік, то пад ім паўскрыні буракоў украдзеш,— абазваўся Жогла.

— Ну і што, як я той кош буракоў вазьму? Дак я ж гэтую норму бяру, дзяру яе. Я ж пенсіянер, магу не браць, і хай стаіць, зарасце зеллем.

— Ніхто яго і не выганяе. Цяпер жа ўсюды вучоных пасылаюць. Раз сюды шлюць, трэба ж работу даваць.

Мароз дакурыў цыгарэту.

— Г... гэта. Прадсядацель знарок з цехнікума заказаў. Нашто тут той вучоны? Альбо ён нажыве тут? — кончыў Антось.

Дзямідчык стаяў і не ведаў, што рабіць. Стаяць больш было брыдка, каб не ўгледзелі, што ён падслухвае. Падумаў, што ўсе тры амаль што яго равеснікі. I маленькі, худзенькі, як верабей, Мароз з востраю бародкаю і маршчыністым тварам, і сусед цераз вуліцу Антось, тоўсты, як баба, на старасць аплыўшы жырам мужчына, і Жогла ў чыстай міліцэйскай форме.

— Каб жа яго... Дзеўка нейкая. Так што, Антось, не радуйся, цераз год які Сцяпан зноў брыгадзірам будзе.

— А чаму гэта Сцяпан?

— А больш у нас няма каго і паставіць.

Сцяпан кашлянуў і выйшаў з-за плота, знарок моцна шкрабянуўшы па зямлі паўбацінкамі, павітаўся.

— Го, адкуль гэта ты такі? — замест адказу на прывітанне гокнуў Антось.

— 3 возера ж, а не з таго свету. Гляджу, вы ўжэ сабраліся, чаму і мне не сабрацца. Не век жа мне ў ботах зямлю пляжыць.

Мужчыны дагадаліся, што ён чуў гаворку.

— Не пазнецеся. Ты, Міша, і гармонік вазьмі,— папрасіў Сцяпан Мароза.

— А мы думалі, табе і аркестр прывязуць,— гыкнуў Антось, але ні Жогла, ні Мароз не засмяяліся.

Дома Сцяпан сваю брыгадзірскую адзежу занёс у прыбудоўку за хатаю, дзе ў яго быў складзены на зіму брыкет і дровы, дзе стаялі гумавыя боты і другое гаспадарчае начынне, старыя чаравікі, і там пакінуў усё.

***

Сцяпан сядзеў за чырвоным сталом, з краю. Побач парторг, старшыня, аграном, дырэктар школы. Перад сталом, на лаўках сядзелі людзі. Дзверы былі адчынены, і ў калідоры тоўпіліся Хведаравы хлапчукі — у аднаго толькі Хведара з Таняю было пяцёра дзяцей.

Старшыня гаварыў па пісанаму:

— Перад намі стаіць вельмі адказная задача, таварышы. Цяпер самая важная пара. Ад таго, як мы будзем рабіць, як мы зможам, будзе залежыць тое, якога і колькі ў нас будзе малака, мяса, як мы выканаем заданне па продажы малака і мяса дзяржаве. Сёлетняя пагода, добрая вясна, дажджы і цяпло даюць нам права гаварыць, што мы павінны нарыхтаваць кармоў у дастатку, нават з запасам. I не толькі з улікам калгаснага статка, але і на тыя галовы, якія маюцца ў калгаснікаў.

Старшыня прыпыніўся, дырэктар школы першы запляскаў у далоні, і людзі таксама хоць крыху спазніліся, але падтрымалі яго.

— Мы павінны зрабіць трывалы запас не толькі грубых, але і сакаўных кармоў...

Старшыня гаварыў пра касьбу як пра нешта далёкае, і быццам павінны сіласаваць, касіць і прыбіраць сена і траву з поля нейкія далёкія людзі, нехта, а не тыя, што тут сядзяць, не ён сам.

I словы гэтыя ўсё роўна як закалыхвалі, загойдвалі, нібы ўжо і зроблена, калі сказана.