Выбрать главу

Сцяпан глядзеў на людзей. У абед ён абышоў усе хаты і сам наказаў на сход, а пасля сходу запрасіў да сябе на пачостку.

У першым радзе, гэтак жа ўтрох, як на лаўцы, сядзелі Жогла ў параднай міліцэйскай адзежы, Антось, Мароз, паўз іх далей іхнія жонкі, потым сем’ямі Юзічак, Гаўрылавіч, затым Волька Канцавая, Марыля Ігнатава...

3 маладзейшых толькі Нямковічаў Валодзя з жонкаю, Хведаркова Таня — самога яго не было відно. I ні адзін з іх не рабіў у брыгадзе. Хведарка на машыне, Валодзя ў будаўнічай брыгадзе, Кішава Галя і Таня Хведаркова на кароўніку. Вольчын Пятрок пасля арміі астаўся ў калгасе, але таксама на машыне шафёр... I дзяцей, пяцёра ў Хведаркі, па двое ў Нямковічаў і ў Кішоў...

Апошні штатны работнік у брыгадзе быў ён, Дзямідчык.

Сцяпан яшчэ раз правёў вачыма па людзях — ці не прапусціў каго, ці не забыўся — не, адзін ён дасюль быў брыгадны работнік, сам брыгадзір. I дзевяць дзяцей на ўсю вёску пакуль вучацца ў школе...

Марыля Ігнатава, пад гаворку старшыні, драмала, клявала носам, як спахоплівалася, расплюшчвала вочы, сядзела роўненька, глядзела на прэзідыум, потым зноў галава апускалася, вочы заплюшчваліся.

— ...Але не ўсё ў нас гатова, не ўсе пранікліся пачуццём адказнасці. На сённяшні дзень не адрамантаваная касілка, два прэс-падборшчыкі. Гэта ўжо не ўлазіць ні ў якія рамкі, і за гэта мы будзем караць строга, будзем патрабаваць... Таму што задачу забеспячэння жывёлы кармамі, якая пастаўлена перад намі, мы павінны выканаць. I мы яе выканаем!

Старшыня рашуча махнуў рукою.

Запляскалі ў ладкі дружна, Марыля Ігнатава, якая на гэты час была зноў прыдрамала, спалохана лыпнула адным вокам — другое не расплюшчылася адразу са сну.

Падняўся парторг.

— Таварышы, мы тут праслухалі выступленне Антона Аляксандравіча пра тыя задачы, якія стаяць перад калгаснікамі нашага калгаса на самы бліжэйшы час. Задачы гэтыя вельмі адказныя. Пра гэта добра сказаў Антон Аляксандравіч, таксама ён дакладна абазначыў, што і як нам трэба зрабіць.

На павестцы дня нашага брыгаднага сходу яшчэ адно пытанне. Можна сказаць, святочнае. Сёння мы праводзім на пенсію аднаго з нашых старэйшых калгаснікаў Дзямідчыка Сцяпана Сцяпанавіча. Вы яго добра ведаеце. 3 самае вайны ён быў старшыня, а потым, пасля ўзбуйнення, нязменны брыгадзір у Альховых Крыніцах. Партызан, інвалід, ён бяззменна і без адпачынку аддаў усё сваё жыццё гэтаму полю, гэтай зямлі. I тое, што мы тут, на вашым полі, збіраем амаль па трыццаць цэнтнераў з гектара — вы помніце, па шэсць, сем было — яго вялікая заслуга. Мы ўсе ведаем, як ён душой перажываў за калгас, як ён не даваў спакою ні нам, ні сабе...

Парторг паглядзеў на Дзямідчыка.

— I не ведаў спакою толькі таму, што на першым плане ў яго, камуніста, быў клопат пра нашу агульную справу. I гэта разумелі і вы, і добра разумеем і цэнім мы. Таму мне, які ведае Сцяпана з малых год, неяк і сумна гаварыць гэтыя словы, пачынаць гэтую гаворку. Але ўсе мы не вечныя, гады бясследна не прападаюць, яны пакідаюць чалавеку старасць. Таму мы зразумелі просьбу Сцяпана Сцяпанавіча — пайсці на заслужаны адпачынак, хаця нам бы хацелася, каб ён яшчэ папрацаваў.

Парторг прыпыніўся, потым сказаў:

— Ад вяскоўцаў хоча сказаць слова таварыш Жогла Фёдар Антонавіч.

Жогла ўстаў, кашлянуў, абцягнуў на жываце рубашку, разгарнуў лісток.

— Таварышы калгаснікі, сёння мы сабраліся, каб з гонарам правесці на пенсію нашага дарагога земляка, нашага Сцяпана Сцяпанавіча Дзямідчыка, якога мы ўсе добра ведаем, любім і паважаем. Сцяпан Сцяпанавіч быў патрабавальны і шчыры, ён усю сілу аддаваў на работу. Ен не любіў, каб работа рабілася абы-як, каб чалавек абманваў, краў, рабіў патраву на калгасным. Вы ўсе гэта добра ведаеце. Сцяпан быў у партызанах, цяжка паранены. Ён заслужаны чалавек, таму і адпачынак яго сапраўды заслужаны. Тым больш што цяпер усюды навука, цяпер маладым і вучоным трэба даваць месца. I Сцяпан як чэсны чалавек і камуніст не стаў замінаць на дарозе, калі яму сказалі, напісаў заяву...

У зале засмяяліся, засмяяўся і сам Дзямідчык.

Жогла адарваўся ад пісанага, паглядзеў на старшыню, які пачырванеў, седзячы за сталом. Старшыня таксама ўсміхнуўся, але шаргануў па ўчастковым вострым позіркам, і ад гэтага позірку Жогла зусім разгубіўся, глядзеў у паперку і не мог знайсці і гіачаць далей.

— Таму, як той казаў... Сцяпан заслужыў адпачынак, таму мне... таму я ад імя суседзяў, усіх нас горача віншую Сцяпана ў гэты яго радасны дзень!

Далей словы не звязваліся, Жогла зноў запынуўся:

— ...А таксама шчыра віншую Сцяпана і ад імя нашага раённага аддзела ўнутраных спраў!