Выбрать главу

Яму заапладзіравалі весела. Жогла яшчэ раз азірнуўся на прэзідыум, сеў на сваё месца.

— Дарагія таварышы,— старшыня ўстаў,— цяпер дазвольце мне ад імя праўлення калгаса ўручыць Сцяпану Сцяпанавічу наш памятны падарунак.

Аднекуль з-за спіны, з падлогі старшыня падняў і паказаў зале транзістарны прыёмнік.

Ён выйшаў насустрач Сцяпану перад сталом, падаў прыёмнік, паціснуў руку і памкнуўся абняць Сцяпана, але той не скрануўся з месца, стаяў, як корч, толькі кіўнуў галавою.

3 калідора, адзетыя ў школьную форму, выбеглі Хведаркавы дзяўчаткі ў піянерскіх гальштуках і падалі Сцяпану кветкі.

У клубе весела пляскалі ў далоні.

Сцяпан завярнуўся, памеркаваў, каб зноў сесці на сваё месца, але па тым, як яму кіўнуў галавою парторг, зразумеў, што трэба нешта сказаць.

— Ну вот... Дарагія таварышы, я дзякую вам, што сабраліся вы, дзякую праўленню, нашай партыйнай арганізацыі, усім вам дзякую!

Сцяпан запнуўся, нечаму стала страшнавата гаварыць пра тое, што толькі думаў — што апошні палявік з Альховых Крыніц ідзе на пенсію.

Ён так нічога больш і не прыдумаў, што сказаць, кіўнуў галавою, як пакланіўся, яму запляскалі, і толькі, як перасталі пляскаць, успомніў, яшчэ раз запрасіў:

— Пасля сходу прашу ўсіх да мяне.

***

Пад яблынямі за сталамі селі гэтак жа сама, прэзідыум: у цэнтры старшыня, дырэктар школы, парторг, Сцяпан.

Першы тост зноў гаварыў старшыня.

Гаварылі потым і ўсё пра адно — які добры быў Сцяпан.

Свяціла з яблыні лямпачка, цёпла, свежа было, і Сцяпану нават здалося спачатку, што малады ён, што гэта ў тую пасляваенную пору вярнуліся. Ён выпіваў за кожны тост па поўнай. Ад выпітага рабілася і сапраўды весела, радасна. Ён дабаўляў на стол бутэлек і сам не заўважыў, як пачаў выпіваць з гасцямі, абыходзячы сталы па крузе. Так усё ішло, ніхто ўжо не слухаў і не хацеў тостаў, выпівалі самі паміж сабою.

— Хваціць ужэ, да нас ідзі. Век усё паўз начальства цёрся. А цяпер пара і да нас, хваціць. Адцерлі цябе, і сядзі з намі. Цяпер разам «чарніла» пад магазінам піць будзем...

Антось ухмыляўся непаслухмянымі губамі. Цяжкаю, як клюшня, рукою ён узяў бутэльку, наліў Сцяпану чарку, потым і Марозу, і Жоглу. Яны і тут сядзелі разам.

Антось нават пасунуўся, каб было месца сесці Сцяпану.

— Ніхто мяне нікуды не адцёр і не адатрэ!

— Го, думаеш, усе дурныя, не бачаць, што цябе сілком выперлі?

— Хто? Думаеш, каб я захацеў, то гэты аднавухі мне ў с... б пацалаваў! — вострая крыўда, якая жыла ў душы, цяпер, пад хмель, ажыла, пеканула ў душы.

Сцяпан азірнуўся — шукаў позіркам таго, пра каго гаварыў. Старшыня, чырвоны ад выпіўкі і ад закускі, усё яшчэ сядзеў за сталом і частаваўся як у сябе дома ці на імянінах у свайго лепшага сябра. Сцяпану здалося, што бачыць ён старшыню аднекуль здалёку, а не за метраў тры ад сябе.

— Гэтага аднавухага праз год ці два... мятлою выметуць з калгаса. Морду, як азадак, наеў, а па калгасе — хоць трава не расці. Па ім такія нахабы, як ты, гэты калгас па гаечках разнясуць! — Сцяпан ужо забыўся пра старшыню, завярнуўся да Антося.

— Ну, ты не надта распінайся, а то думаеш, што калі я ў цябе ў гасцях, то і па мордзе табе не заеду!

Антось паспрабаваў устаць, але гэта ўжо было цяжкавата.

— Хваціць, хваціць, мужчыны! Не гаварэце альбы-чаго, бярэце чаркі і выпівайце!

Жогла падапхнуў чарку Антосю, падштурхнуў руку Сцяпана, і яны чокнуліся, выпілі.

— Каб табе зарвала, дурань ты п’яны!

Сцяпан не заўважыў, адкуль аказалася Ганна.

Шмарганула яго за руку за сабою:

— Выдзь, камель п’яны, перапрасі! Скарэй!

— Каго перапрошваць? Антося перапрошваць не буду!

— Унь старшыня ў машыну пайшоў! Каб табе твой язык адсох!

— Пайшоў і маць яго!..— гукнуў Сцяпан, каб яшчэ і старшыня пачуў.

На вуліцы ляпнулі дзверцы машыны.

— Ідзі, укладзіся! Налізаўся на старасць год. Людзей сабраў, а сам налізаўся!

— Людзі хай п’юць... Ідзі і глядзі, каб і выпіўка была, каб і закусіць было! Ідзі!

Сцяпан ужо не помніў, колькі піў і частаваў. Цяпер ён любіў усіх. Але нешта цяжка і горача варочалася пад грудзямі — ён даўно не піў па гэтулькі. Хацелася, каб удыхнуць халоднага ветру, каб трохі астудзілася ў грудзях.

Сцяпан сарваў з шыі гальштук, павесіў яго на плот, выйшаў на вуліцу і пакіраваў да лужка, на поплаў, дзе павінен стаяць туманок, дзе павінна было лягчэй дыхацца. Шэра пад туманком ляжала сажалка, але ад яе пахла застоенаю, угрэтаю вадою.

На беразе сажалкі варушыўся вялікі чорны цень.

— Ты, Ворлік? — пазнаў Сцяпан.— Зноў не загналі цябе на ноч, зноў пойдзеш капусту на градах таптаць,— спагадліва загаварыў ён да каня.— Не хочацца і табе летам ноч у канюшні стаяць, дарма што кормяць... I канюшні там няма, няма ў цябе канюшні, у кароўніку ты жывеш, во дажыўся, так, як і я...