Выбрать главу

Ратаваў яго калгасны ветфельчар, які прыехаў на кароўнік рабіць прывіўкі каровам. Зялёны пасля прамывак і выпалосквання, Антось з чырвоным, падпітым фельчарам прыйшлі на патрусіны, калі людзі пачыналі разыходзіцца...

Дзень быў гарачы, душны, варыла і парыла на навальніцу.

X

Сцяпану здавалася на першым часе, што ён бег, бег, і ад гэтага бегу аж у вушах шумела, потым раптоўна спыніўся і аглух ад цішыні і спакою. Ён не мог прывыкнуць, што не трэба зранку ўставаць і спяшаць.

Прахопліваўся са сну, падняты старым прывычным клопатам, і ўспамінаў, што нічога не трэба, што можна паляжаць яшчэ на ложку. Але не ляжалася. Трэба было ўставаць і нешта рабіць.

Работы ён знайшоў. Сцяпан агледзеўся, як запушчана яго дамоўка, усё роўна як няма ў хаце мужчыны — падгніў, пахіліўся плот, пераплёўся галлём, зарос сад, які даўно не прарэджваўся, аблупілася фарба на шалёўцы хаты.

Сцяпан узяўся за работу. Пачынаць прыйшлося з таго, што трэба было ператачыць сякеры, пілу, жалязкі ў гэбліках.

Цэлыя дні ён таптаўся пры рабоце, і рукі яго прапахлі свежымі сухімі галюжкамі. Работа давала супакаенне, упэўненасць у сабе. Яе хапала з ранку і да цямна.

Антось, які кожнага дня па некалькі гадзін выседжваў на лаўцы пад плотам, першыя дні зваў яго:

— Ідзі, Сцёпка, пасядзімо. Куды нам ужэ спяшацца.

Антось прыжмурыста ўсміхаўся, як кот пасля добрае спажывы.

Сцяпан сядзець не ішоў — недзе ў душы ён яшчэ не змірыўся, што так усё і будзе, недзе спадзяваўся, што адумаюцца, паправяць старшыню ў раёне, вернуць яго на работу. Але ішло лета, жалі камбайны, вазілі машыны збожжа, праляталі паўз вёску на машыне старшыня, аграном. Пра Сцяпана не ўспаміналі. Людскія гусі цяпер спакойна хадзілі латашыць яшчэ зялёны авёс на поле, і Сцяпану хацелася пайсці і выгнаць іх, але ён баяўся, што пачнуць смяяцца з яго.

Брыгадзірам і сапраўды далі дзяўчыну пасля тэхнікума, Галю. Пасялілася яны жыць на цэнтральнай сядзібе, у калгасным доміку. На работу прыязджала на матацыкле. Невысокага росту, таўсматая, крыху ў рабацінні, яна насіла штаны і мужчынскую рубашку. Сцяпана яна не чапала, не наказвала на работу, і ён не ўтрываў сам, падышоў, выбраў час, калі яна была адна на вуліцы, паздароўкаўся:

— Дзяньдобры, Галя.

— Здраствуйце, Сцяпан Сцяпанавіч.

Дзямідчыку здалося, што яна сумелася.

— Прывыкаеш патроху?

— Прывыкаю, хаця прывыкаць няма чаго. Я з такое ж вёскі.

— Яно і відно. А чаму ты мяне абмінаеш? Можа, і я б на некую работу выйшаў?

— Ну, дык вы ж толькі яшчэ... Не аддыхнулі. Дома ж у вас работа.

Яна зусім сумелася.

— Гэта табе дарма на мяне Прымачак нагаварыў. Як трэба што, то я і памагу, і падкажу табе. Я ж тут усё жыццё...

— Я ведаю. А што тут падказваць? Тут падказвай ці не падказвай, ужэ нічога назад не вернеш. Я адраблю свае два гады, а не, замуж выйду...

Яна не дагаварыла. Сцяпан зразумеў, што сказала яна яму праўду — прыехала, каб адрабіць, выйдзе замуж і пакіне гэты калгас альбо і саўсім пераедзе ў горад. А па тым, як яна баялася з ім гаварыць, Сцяпан дагадаўся, што Прымачак папярэдзіў яе.

— Як трэба будзе, я накажу вам на работу.

Галя заводзіла матацыкл, але Сцяпан ужо завярнуўся і пайшоў на свой двор, азірнуўся — ці ніхто не бачыў, як ён падыходзіў да брыгадзіркі. Ён радаваўся, што не гаварыў многа, а сказаць ён хацеў і пра тое, што пастухі пачалі позна выганяць на пашу кароў, што мужчыны абманваюць яе — за адзін воз накошанае зялёнае сумесі запісваюць два.

Сваім прызнаннем, што чакае, каб толькі адрабіць, брыгадзірка як адрэзала Сцяпана ад сябе, нават больш чым тым, што выконвала наказ Прымачака стараніцца яго і не цягнуць на работу ў брыгаду.

Сцяпан зацяўся. Яму здавалася, што ў вёсцы зласліва пасмейваюцца з яго — даслужыўся.

Ён ніколі нікому не прыслужваў. Ён рабіў. Баранаваў, касіў, араў з малых год, так, як вучыў яго бацька — па-гаспадарску. Рабіў разам з людзьмі, слухаючы і паважаючы іх. Усяго было з ім, давалі вымовы і за кукурузу, і за незаараную канюшыну, але ён ведаў, што мяняецца час, ды не праходзяць на зямлі праўда, чэснасць чалавека, не прападае бясследна тое, чаму навучыў яго бацька, што спасціг сам ён праз сваё жыццё. Каму раптам узбрыло ў голаў сказаць, што гэта не патрэбна, што гэта аджыве і пахаваць усё гэта можна з вёскаю, бо і яна памірае, і няма чаго на яе глядзець, няма чаго ёю даражыць? Дык, можа, і нічым ужо ў жыцці не трэба даражыць, тады набірайся, нажырайся, цешся толькі, як перад пустым канцом?

Як сталася, што стаў непатрэбен тут ён, Сцяпан? Чаму, калі адзін дурань камандуе на ўвесь калгас, усе маўчаць і слухаюць?