Выбрать главу

Наронскі з-пад гумна ўбачыў, што мужчыны пачалі скідаць снапы з накладзеных вазоў, і прыляцеў на поле як у кавалерыйскай атацы — прыпаўшы да грывы каня.

— Не смець урадзіцельствам займацца! Граза будзе! Снапы трэба ў гумно звозіць, калі граза ідзе! Ты, Сцяпан, займаешся ўрадзіцельствам! Ты пайшоў на повадзе ў падкулачнікаў!..

Сцяпанаў бацька маўчаў, пакуль старшыня гарцаваў вакол яго на кані, пакуль выгаварыў пра гідру міравога капіталу, паказваючы больш на дзядзьку Тараса. Калі ён крыху астыў, Сцяпан сказаў, каб старшыня ехаў з ім у гумно, там ён яму нешта пакажа. Старшыня паехаў паперадзе вазка, усё падварушваючы свайго коніка. Калі прыехалі ў гумно, брыгадзір падвёў старшыню да стараны, сунуў руку пад ніжнія снапы.

— Давайце і вы памацайце,— прапанаваў ён старшыні.

Той таксама ўсунуў руку ў снапы.

— Ну што, цёплыя?

— Цёплыя.

— А за ноч што будзе? Згарыць к чорту наша пшаніца, во тады паспрабуй дакажы, на якую гідру хто ваду лье,— прыпужаў старшыню бацька.

— А што цяпер рабіць, Аляксеевіч ?

— Мужчыны зараз прыедуць, выкінем з гумна, пад страхою расставім...

— Ну добра, ты тут камандуй... А мне, знаеш, брыдка. Я падумаў, граза ідзе, хаваць ураджай нада.

Старшынёўскі конік вінавата натрусіў да сяла.

На дварэ бьпо душна, здавалася, не ставала чым дыхнуць. Задушліва пахла пылам, дзёгцем, спелымі яблыкамі з садоў і збожжам. Мужчыны пачалі выносіць з гумна снапы.

Гэтая гісторыя так і засталася ў вёсцы як анекдот, які расказвалі і даваенным, і пасляваенным старшыням. А дзядзьку Тарасу на памяць пра Наронскага асталася вулічная, старонняму чалавеку незразумелая мянушка — Гідра.

Вечарам таго ж дня ціхі і змучаны перажываннямі старшыня прыйшоў вячэраць да брыгадзіра і папрасіў тае, закупленае, якую ён даручыў ахоўваць і ад самога сябе.

Ён быў вінаваты і ціхі, больш успамінаў пра гуту і толькі пасля другое чаркі пачаў ажываць, прарэзаўся ў яго камандзірскі голас:

— Але ты не думай, Сцяпан! Тое, што на полі рабіць,— твая каманда будзе. А за палітыку я адказваю, запомні, палітыка вырашае. Нам трэба быць начаку! Контррэвалюцыя падымае голаў! У Ляскі жонка нацдэма вярнулася. Трэба быць начаку.

— Якая там контррэвалюцыя, баба з дзіцем. Мужык яе пакінуў, такое і ў нас, не толькі ў горадзе, бывае.

— Маскіроўка! Знарок развялася, каб уцалець. Трэба чытаць газеты, пільнаваць бягучы момант, ведаць, пра што нас Сталін папярэджвае!

Каб супакоіць старшыню, які гарачыўся, а таму аж захліпаўся ад гаворкі і пачынаў глыбока і востра кашляць, бацька пераводзіў гаворку на гуту, і тады Наронскі пакрысе супакойваўся, доўга, забыўшыся пра тое, што ім трэба чытаць нарад, расказваў, як вараць шкло і як з яго дзьмуць посуд.

Тады, слухаючы старшыню, Сцёпка запомніў пра нацдэма і пра таго замаскіраванага ворага народа. Восенню, як пайшоў у школу, ён і ўгледзеў, і запаў яму ў вочы той «вораг» — белавалосая, з блакітнымі вачыма дзяўчынка, якую ўслед за маці і яны пачалі зваць на гарадскі лад — Алёнка. Тая Алёнка, з-за якое пасля ён пачаў хадзіць на вечарынкі ў Ляскі, тая Алёнка, з якою ён упершыню цалаваўся на грэблі каля Ляскоўскага млына, тая Алёнка, якую ён потым сустрэў у партызанах ужо жонкаю камандзіра суседняга атрада Яновіча, якую ён потым перагнаў перад сабою па набрынялым лёдзе на другі бераг рэчкі, можна сказаць, уратаваў, ды, калі павярнуць другім бокам, уратаваўся дзякуючы гэтаму і сам...

Але гэта было пасля, калі ўжо ў вёсцы ад Наронскага астаўся толькі ўспамін пра мокрыя снапы, незразумелая мянушка дзядзьку Тарасу, якую той вельмі ж не любіў і ганяўся пад старасць з кійком за дзецьмі, што знарок пацвялялі старога. Ды яшчэ засталася вясёлая прыказка: «Адкладзі, Маруська, на заўтра, сёння мне на бюро трэба».

Пра Наронскага і згадаў некалі, пад вясёлы настрой, у атрадзе Сцяпан і неспадзявана там даведаўся, як кончылася жыццё Наронскага.

Расказаў гэтую гісторыю адзін з былых акружэнцаў. Сведкам яе ён быў сам. Старшынёўская работа так і не далася Наронскаму, падкасіла слабое здароўе. Перад самаю вайною ён быў загадчыкам смалакурні ў Смалярні. 3 ім пераехала і яго Маруська, і трое дзяцей. Там і застала яго вайна. Невядома, ці пакінулі яго тут знарок, ці то пабаяўся ён са сваім здароўем ехаць у эвакуацыю, але астаўся Наронскі ў вёсцы, калі прыйшлі немцы.

Пакуль праходзіў фронт, пакуль стваралася ўлада на месцах, ніхто не дабіраўся да глухое Смалярні, толькі хіба групы акружэнцаў, якія ўпарта ўсё ішлі, даганялі, прабіваліся да фронту. Яны заходзілі падкарміцца і абагрэцца.

Адбылося тое ў канцы верасня, калі ўжо зацвілі, як сінія хвалі, на лясных палянах верасы, калі пасыпалася жоўтае лісце, калі крычалі і не маглі накрычацца, быццам і яны пачулі на зямлі вайну, мірныя шэрыя птушкі жураўлі.