Выбрать главу

Лысы Віця надзіва спорна выпіваў і закусваў, усё роўна як ён згаладаўся і па тым, і па другім. I не забываўся гаварыць і хваліць прывезеную Сцяпанам самагонку:

— Скора, брат, такога напітку і па вялікім блаце не дастанеш, Лёня. Трэба цаніць. Вёска вымірае, вот бацькі нашы адыдуць, а мы з табою нават і рэцэпт не будзем ведаць, як такую гарэлку рабіць. Давайце, дзядзька, за вас вып’ем. О, Марыя якраз і рыбку нам нясе!

Віця прынёс з сабою двух ляшчоў, такіх, якіх Сцяпан памятаў толькі з дзяцінства, як малы яшчэ быў. Іх можна было злавіць у іхняй тады яшчэ не выпрамленай рэчцы. Віця быў не толькі ўдачны рацыяналізатар, але і рыбалоў — на выхадныя ён ездзіў аж недзе пад Чэрыкаў, на азярцо, якое толькі ведае сам, дзе можна яшчэ парыбачыць.

Віця гаварыў «парыбачыць», і вочы яго задаволена і хітравата мружыліся, як у ката.

— Ну, дзе мне, старому, з вамі, маладымі. Не тыя гады, здароўе.

Сцяпан адмаўляўся піць для прыклёпу. Яму прыемна было піць, прыемна было, што лёгка хмялее.

— Ай, дзядзька, вы ж самі ведаеце, не п’еш — адкуль тое здароўе будзе!

Па тэлевізары паказвалі канцэрт. Танцавалі ў народных строях старыя, старэйшыя за Сцяпана, жанкі, спявалі прыпеўкі. Потым на змену ім выходзілі дзяўчаты, усміхаліся на ўвесь экран прыгожымі, белымі, як часнок, роўнымі зубамі. А за імі шумелі бярозы, потым хілілася калоссем святочна поле, потым плёскала аб бераг маленькаю хваляю возера.

Сцяпан прыслухоўваўся да гаворкі сына з Віцем пра нейкую атэстацыйную камісію ў Маскве, якая толькі і робіць, што рэжа ўсіх, пра нейкага спраўнага, хто і там сумеў знайсці блат... Ён не ведаў, пра што гаварыць. Яму было цёпла, утульна. I ад гэтае гасціннасці, ад цеплыні не мог адважыцца загаварыць пра тое, з чым прыехаў да сына. Тое было быццам бы дасюль і чужое, далёкае, за дажджом, за пустым полем, за чорным торфам на балоце, за вытрапанымі ветрам кустамі лазы, там, дзе, як сышла вада, пад карчамі рыжавата відаць быў пад вадою ў карэннях забіты малады бабёр... Нязручна было гэтым перабіваць такую спакойную і святочную гаворку за сталом, псаваць сваім клопатам настрой. Ад таго, што ўспомніў рыжы асенні поплаў цяпер, у галаве сама сабою пачала ўставаць карціна таго, што было ноччу. Ён бачыў, як ноччу спыніўся на грэбельцы старшынёўскі «козлік», як ён разам са сваім мардатым аграномам і шафёрам выйшлі з машыны, як капалі запруду, як потым ставілі лавушкі, як папіхвалі каламі, каб выгнаць баброў з хаты, як потым валаклі іх да машыны...

—...У нас некалі была рэчка... Рыбы было! Цяпер канава. Праўда, бацька? — Лёня папытаўся ў Сцяпана, і той ачнуўся.— Цяпер, праўда, бабры на яе прыйшлі? Як там, бацька, бабры яшчэ не запрудзілі рэчку, возера не зрабілі?

Лёня не чакаў, што скажа бацька, зноў расказваў Віцю:

— Знаеш, бабёр на высушанае балота прыйшоў, канаву запрудзіў, хату сабе зрабіў. Зараз там цэлая калонія будзе.

— Няма бабра. Прымачак наш раскулачыў яго.

— Як, дзядзька, раскулачыў?

— А так. Прыехаў, запруду раскапаў, каб вада сышла, а баброў пабіў. Адзін толькі, запаролі яго палкаю, астаўся пад карэннямі здохлы. Я, Лёня, таму і прыехаў. Я тут усё напісаў. Пара гэтага панка прыціснуць як след! Яму шапку бабровую захацелася!

Сцяпан адчуў, як лёгкая звонкая злосць забірае яго. Цяпер яму трэба было даць на вочы Прымачака, ён бы расправіўся з ім.

— А чаму вы думаеце, што ён? Ну, пасварыліся вы з ім, на пенсію пайшлі. А бабры...

— Адкуль жа ў яго шапка? 3 ката перакрасіў на бабра? Ты не думай, твой бацька не такі дурны! Ты мне толькі памажы...

— Дзе ж я...— пачаў быў Лёня, але сціх. Ён хацеў сказаць, што ні загадаць, ні даць каманду ён не можа. I невядома, на каго скардзіцца, і нельга вінаваціць толькі старшыню, на якога бацька мае вока.

Але Віця ў пору непрыкметна шмаргануў яго за руку — маўчы.

— Правільна кажа бацька. Цяпер там, на месцах, гэтыя старшыні пасталі, як удзельныя князькі — што хачу, тое і раблю. I ніхто не паправіць. Вы, бацька, пакіньце нам усё, што запісалі, а Лёня сам тут разбярэцца, як лепш гэта перапісаць і куды паслаць, у газету ці так куды. Давайце яшчэ пакрысе.

Сцяпан выпіў і пачаў гаварыць, як ездзяць на машынах, як ганяюць зайцоў, як рэжуць іх, жнучы, як труцяцца яны ад хіміі.

Віця згодна ківаў, устаўляў сваё слова і адначасна гаварыў пра нешта з Лёнем.

Сцяпану яшчэ хацелася і выпіць, і пагаварыць з Віцем, расказаць пра тое, што робіцца ў вёсцы, пра што ў яго за многа гадоў набалела на душы.

Але вярнуўся з гасцей Ігарок, пабыў на каленях у бацькі, у дзядзькі Віці, у дзеда, неахвотна перад мацераю пайшоў мыцца на ноч і ўжо ў адной піжамцы, жоўценькі, пушысты, як куранё, пацягнуў Сцяпана за сабою — расказваць на ноч казку.