Выбрать главу

За полем гараць асеннія вогнішчы лесу, як сіняватыя вочы зямлі, ляжаць між парыжэлых, вылінялых за лета броваў асакі, невялікія лужкі і азерцы.

Цень Апошняга Жураўля ахіляў поле, лес, азерцы і лужкі, трывожыла яго апошняя песня ціхую паднябесную прастору. Цэлы дзень кружыўся Апошні Журавель над родньімі палеткамі, цэлы дзень ён чакаў, што недзе з зямлі адгукнецца пакінутая ім некалі на зямлі жураўліная яго душа.

Праміналі гады, не стала за палямі тых вялікіх і родных балот, і цяпер на новыя паселішчы другая пралегла жураўліная дарога. Але кожнага года прыляталі жураўлі на роднае поле, кружыліся, доўга шукалі пакінутае і забытае і потым адляталі, адляталі туды, дзе няроднае цёплае сонца.

Мінулым летам з Апошнім Жураўлём былі яшчэ чатыры яго таварышы. Двое не даляцелі ў вырай, двое не адолелі дарогу назад. Маладыя жураўлі не ведалі, не памяталі тых палёў і тае свае жураўлінае радзімы, дзе засталася душа старых жураўлёў, дзеці пачалі любіць за сваё чужое.

Апошні Журавель быў над родным полем. Была залатая восень. Апошні Журавель хацеў пачуць водгук на свой журботны кліч. Але звечарэла, у яго стаміліся магутныя верныя крылы, і ён нарэшце апусціўся на поле, там, дзе спрадвеку яны адпачывалі перад далёкаю дарогаю цэлымі чародамі.

Цяпер на астравок пацямнелага ржышча сярод асенняга ворыва апусціўся адзін Апошні Журавель.

Ён стаяў і грэўся на вячэрнім сонцы. Вочы яго былі заплюшчаны. Ён драмаў і час ад часу ўздрыгваў і прачынаўся. Ён думаў пра свой зямны працяг, пра зямнога брата бабра, паселішча якога так і не знайшоў, не ўгледзеў ягонае затокі, нібы закрылася яшчэ адно вока на роднай зямлі. Гэта трывожыла і палохала, перашкаджала думаць пра тое, што за год ён угаворыць маладых жураўлёў і яны прыляцяць сюды цэлаю чарадою.

Пакуль ён адпачываў, як адпачываюць дома пасля далёкае дарогі, не чуў, што на палявой дарозе спынілася машына.

3 яе вылез чалавек без пінжака, але пры гальштуку.

— Міша, давай сюды, скоранька!

Ён працягнуў руку, і шафёр з машыны падаў яму стрэльбу.

— Гэта ж журавель, Віктар Антонавіч.

— Ну і што? Адным больш, адным менш.

— Адсюль далекавата.

— Тут карцеч. Яшчэ як секане.

Высока і засмучана стаяла пры залатой сцірце саломы асенняя птушка.

Чырванавата адсвяцілася сонца на ствале старое стрэльбы. Коратка грукнуў стрэл.

I адразу ж, як кінутая ім, птушка ўзмахнула крыламі, адарвачася ад зямлі. Віктар Антонавіч, які памкнуўся следам, каб падымаць здабычу, стаў на месцы. Не бег і шафёр. Сляпіла ў вочы сонца. Птушкі нідзе не было. Толькі крык, асенні, развітальны ўскрык паплыў над полем.

— Я ж казаў, далекавата...

— Ну і чорт з ім!

За машынаю лёгенька падняўся белы асенні пылок.

Шэрае мёртвае крыло Апошняга Жураўля ў вечаровым мораку злівалася са скібай асенняга ворыва ў чыстым полі...

***

Пра гэта Сцяпан нічога не ведаў.

Паехаў ён дадому назаўтра. Сыну пакінуў усе свае скаргі, напісаныя на паперы ў вучнёўскім сшытку.

Сын знасіў той сшытак да былога аднакурсніка ў газету. Той пачытаў. Папытаўся, што было ў Лёневага бацькі са старшынёй.

— Бач, і сам кажаш, што стары троха прыдзіраецца. Тут прыватнае замешана. Можа, паглядзім, будзе агульны матэрыял пра прыроду, на падвёрстку пусцім.

Але, мабыць, матэрыялу такога не было, і клопат у таго чалавека ў рэдакцыі быў такі ж, як і ў Лёні.

Некалькі тыдняў Дзямідчык чакаў пісьма. Але так нічога і не пачуў. I тады зразумеў, што дарэмна ён ездзіў да сына шукаць праўду.

Цяпер Дзямідчык ведаў, да каго яму трэба ехаць.

ХІІІ

У аўтобусе было цесна. Перад самым горадам ён напакаваўся так, што шафёр мусіў упіхаць пасажыраў, каб зачыніць пярэднія дзверцы. Людзі спяшаліся ў горад на работу. Сцяпан сядзеў, прыціснуты дзябёлаю крутаплечаю маладзіцаю, нашыкаванай духамі і пудраю гэтак, што аж круціла ў носе і хацелася чыхнуць, як сабаку ад табакі.

Сцяпан даўно нікуды не выязджаў з вёскі, яшчэ радзей ездзіў у аўтобусе — калі быў брыгадзірам і трэба было ў раён, то дабіраўся на калгаснай машыне.

У горад спяшалі маладыя і сярэдняга веку людзі. Падумалася, што цяпер сама работа, што трэба дабіраць бульбу, што толькі пачалі церабіць буракі. Усе едуць у горад... А да іх за сто кіламетраў рабочых папрывозілі, з завода, ад сем’яў. Бульбу выбіраюць. Ужо каторы год. Бабы цяпер і моды не знаюць хадзіць у поле — прыедуць студэнты ці рабочыя. Гэта стала іхняю работаю. Буракі, дзе па нормах размерана, трэба самім выбіраць, гэта не на студэнтаў, не на рабочых, таму што і бурачніку карове трэба, сена даюць тым, хто робіць на бураках, накасіць.