Выбрать главу

Стары бабёр з палёгкаю ўздыхнуў — след вады не абмане, прывядзе да вады. Даўным-даўно, мабыць, тут, дзе гэтая лагчына, цякла вялікая рэчка да яшчэ большае... Але гэта так даўно было, што памятае пра той час, мабыць, адна толькі зямля, больш ніхто не памятае...

У зялёным лубянішчы бабру здалося, што ён плыве ў зялёнай вадзе тае, даўняе рэчкі і што яна прывядзе да вольнага спрадвечнага месца. Ён ішоў упарта, цвёрда.

3-за цёмнага лесу пырснула першым промнем ранняе летняе сонца...

***

Сцяпан устаў рана. 3 тою спрадвечнаю трывогаю сенакоснае пары, якую ён памятае з малых год. Трэба скасіць, высушыць, састагаваць сена. Пакуль пагода на дварэ. У памяці гэтая пара жыла пахам дзёгцю, якім тлуста падмазвалі колы, ранняю гаманою на вуліцы — і жанок, і дзяцей. Ён заплюшчыў вочы — на імгненне нейкае, як цень махнуўся перад вачыма, жыва ўсплыло тое далёкае. Ён толькі ўсміхнуўся яму.

Ціха было ў вёсцы. Спала і жонка. Склала дзве рукі — далоня да далоні,— падклала пад шчаку і спала, як быццам прылегла ў абед адпачыць у полі і задрамала.

Сцяпан асцярожна, каб не пабудзіць яе, падняў руку, паглядзеў на гадзіннік. Асцярожна, каб не пачула жонка, ён злез з ложка. Яна ўсё ж расплюшчыла вочы, няўцямна паглядзела на яго.

— Спі яшчэ... Рана.

I жонка зноў заплюшчыла вочы — пагадзілася з ім спрасонку.

Сцяпан выйшаў на двор. Абдало адразу не ранішнім зябкаватым халадком, а душным, настоеным за ноч павевам — сухою зямлёю, сухою травою, сухім ветрам. Усім сухім. I не пахла сенам, расою ранішняю, калі за ноч зямля крыху адляжа ад спякоты.

Ад успаміну пра гарачыню ён уздыхнуў — згарэла збажына. Толькі дзе на лагах выстаяла, выгарнулася ў колас і напілася. I там яшчэ, дзе хоць крыху крапянула дажджу. Гэтак добра перазімавала поле, гэтак хораша ўзялося з вясны — і згарэла. У полі, асабліва дзе на ўзгорках, як нечая гарачая вялізная далонь прыгладзіла збажыну — і яна забялелася яшчэ ззеляну, пустая і маленькая, да часу пасівелая.

Спадзяваліся на бульбу. Але ішло на тое, што сонца сасмажыць і яе, не дасць павязацца.

Сцяпан сам не заўважыў, як неўпрыкмет выйшаў на вуліцу і паволі пайшоў да старое ліпы, дзе ад самае вайны ён вешаў нарад. Вось так, з самага досвітку. Размашыста хімічным алоўкам было распісана на лістку, каму грэбці сена, каму падаваць, каму стагі вяршыць. На ўсю старонку з вучнёўскага сшытка. I не хапала яшчэ месца — на другім лістку дапісваў, размяркоўваў вясковы клопат на цэлы дзень...

Цяпер на ліпе не было і дошчачкі. Знак астаўся толькі на тым месцы. След ад сякеры — прачос зроблены быў, іржавыя цвікі. Пахіліўся стары плот. Ад лаўкі, на якой зранку сядзелі і курылі мужчыны, толькі два слупкі стаялі. За плотам высока і густа расла крапіва.

За ёю відзён быў камень. Той, што ляжаў ля парога.

Ад таго, што жыў тут чалавек, нічога больш не асталося. Толькі гэтая пустка за пахіленым плотам. Тут стаяла хата брата Васіля, старэйшага. Ужо шэсць гадоў як памёр. Толькі ліпа, на якой вешалі нарад, так і цяпер асталася — Васілёва ліпа. Дзе стаяла братава хата, некалі была іхняя, бацькоўская. Кожнага разу, калі на вока пападаўся камень пры парозе, Сцяпану здавалася, што гэта той камень, які ляжаў некалі пры парозе бацькоўскае хаты. Той, праўда, помніцца, быў вялікі. Але ж то дзіцячыя вочы бачылі. Ды і крапіва цяпер абрасла навокал.

Сцяпан не прыпыніўся пры дрэве, на якім вешаў некалі нарад і дзе некалі збіраліся мужчыны.

— 3 цямна гаспадаруеш?

Жогла стаяў, абапёршыся на вароты. У старых міліцэйскіх штанах з кантамі і блакітнай, з выцертым каўняром расшпіленай міліцэйскай рубашцы, з-пад якое туліўся да варот, вялікі пад белаю майкаю, як падвешаны жывот. 3-пад кусцістых павек Жогла прымружана глядзеў на Сцяпана.

— Дзень добры.— Сцяпан падышоў, падаў руку.

Спрадвеку ў вёсцы мужчыны віталіся адзін з адным за руку.

— А ты зранку пільнуеш?

— Кожнаму сваё. Табе гаспадараваць, а мне пільнаваць.

— Па такім сторажы!..

Сцяпан махнуў рукою. Жогла дабрадушна ўсміхнуўся.

— Цяпер няма каму ні работу рабіць, ні красці... А некалі, помніш, не вельмі хто адважыцца ўзяць у мяне на ўчастку.

Жогла ўздыхнуў, усё роўна як шкадаваў таго часу, калі многа кралі і яму трэба было лавіць.

— Самагонкі не гоняць, «чарніла» п'юць... Хіба хто на патрэбу сабе зробіць. Некалі кралі, цяпер проста бяруць. Так што мне лягчэй, чым табе. Зямлі яшчэ больш стала, а людзей менш.

Сцяпан усміхнуўся — Жогла любіў пахваліцца, як добра ён умее прыстроіцца ў жыцці. I тое, што стаў міліцыянерам, ставіў сам сабе ў пахвалу. Сцяпан успомніў таго пасляваеннага ўчастковага Жоглу, калі яшчэ ў лесе і ў балоце хаваліся паліцэйскія недабіткі. Тое, як ён прападаў начамі, туляўся па хлявах, баяўся начаваць дома, пакуль не палавіў іх.