Выбрать главу

У адчаі людзі кідаліся ў рэчку...

Больш ён не сустрэў Лену ні разу. Толькі часам, калі нудзіўся, калі ўспаміналася маладосць і на душы рабілася няшчасна, успамінаў яе. Але тую, на вечарынках, а не тую, якая паўзла па балоце, хаваючы пад кажушком дзіця. Ён нікому не гаварыў, але ў такія маркотныя часіны, як быў маладзейшы, верыў, што з ёю быў бы сапраўды шчаслівы, што яна вінавата... Потым, ужо старэйшаму, яму хацелася сустрэцца і паглядзець на таго, хто тады быў дзіцем...

***

...Дзямідчык спахваціўся, што зноў стаіць перад дзвярамі, на якіх напісана знаёмае яму прозвішча. Стаіць пасярод калідора і замінае людзям.

Сцяпан адчыніў дзверы і зайшоў у пакой. Перад тым як адчыніць іх, ён некалькі разоў далікатна пагрукаў костачкаю пальца, але нічога яму не адказалі, і ён зайшоў сам.

Сакратарка, чарнявенькая, каротка астрыжаная дзяўчына, нешта друкавала на машынцы, падняла галаву, паглядзела, але друкаваць не перастала.

На яго «дзень добры» толькі кіўнула галавою.

Дзямідчык патаптаўся на месцы і сеў на крэсла пры сцяне.

— У Пятра Іванавіча прыёмны дзень аўторак.

Дзяўчына адразу заўважыла, што Дзямідчык сеў, і перастала стракатаць на машынцы, паглядзела не на яго самога, а на яго карычневую сумку, якая разаслалася на падлозе і ў якой глуха грукнулі тры бутэлькі алею, на яго боты і галіфэ.

Цяпер і з вёскі, мабыць, сюды мала хто прыязджае ў ботах і галіфэ. Пра гэта яму гаварыла жонка і прымушала надзець касцюм.

— Я знаю. Мяне ён прыме.

— Ён пайшоў да першага.

— Нічога, я пачакаю. Я не спяшаю.

Дзямідчык вырашыў, што будзе чакаць гэтага Пятра Іванавіча, пакуль не дачакаецца. Хацелася проста і глянуць — не можа ж быць чалавек, каб не падобны быў ні на бацьку, ні на мацеру. А калі і не ён, усё роўна начальнік.

Дзямідчык думаў пра тое, як раскажа, каб нядоўга гаварыць і ўсё сказаць. Жоглу чапаць не будзе. Бог яго бяры з Жоглам. Пенсіі чакае. А так усё раскажа... I пра калгас...

Ён чакаў доўга, аж надакучыла, і Дзямідчык пачаў прыслухоўвацца да крокаў у калідоры.

Але ці то ён задрамаў, ці так задумаўся, што не пачуў, калі Пётр Іванавіч увайшоў у прыёмную, павітаўся і, нібы пытаўся — хто гэта? — паглядзеў на Дзямідчыка.

Сакратарка падхвацілася і адразу ж за Дзямідчыкавым «дзень добры» адрапартавала:

— Таварыш сказаў, што вы запрасілі яго... Я яму гаварыла, што ў вас прыёмны дзень у аўторак, але ён сказаў, што вы яго прымеце... Мне запісаць яго на прыём на аўторак?

— Не, Ліда. Заходзьце.

Пётр Іванавіч адчыніў дзверы, успеў непрыкметна строга глянуць на сакратарку. Яна пачырванела.— Мне цераз мінут дваццаць трэба будзе зноў да першага. Не забудзьце мне напомніць. Прашу, прашу... Вы заходзьце. Сядайце. Прабачце, як вас завуць, хто вы, адкуль?

Дзямідчык прысеў да прыстаўнога століка.

— Сцяпан Сцяпанавіч... 3 Альховых Крыніц. Дзямідчык,— назваўся Сцяпан.

— Ясна,— Пётр Іванавіч усміхнуўся, быццам нешта ўспомніў.— Ну, што ў вас?..

Пакуль Сцяпан збіраўся, з чаго перш пачаць, моцна зазваніў тэлефон.

— Прабачце.

Пётр Іванавіч зняў трубку, прывітаўся, адказаў на жарт.

Голас у трубцы быў, мабыць, начальніцкі, бо Пётр Іванавіч альбо спрабаваў нешта тлумачыць, альбо згаджаўся, а больш слухаў. Рука яго нешта лёгенька крэсліла на паперы. Калі ён хмурыў лоб, на ім глыбока і густа збягаліся маршчыны. I на вісках ляжала сівізна. Дзямідчык падумаў, што па ўзросце рана яшчэ было б гэтак ссівець. Пакуль Пётр Іванавіч слухаў, Дзямідчык заўважыў, якія стомленыя ў яго вочы, які сам ён натомлены,— і ў гэтае імгненне, калі чалавек за сталом перастаў быць начальнікам, да якога Дзямідчык прарваўся ў кабінет, а проста стомленым чалавекам, ён пазнаў яго — пазнаў па бацьку, па Яновічу: і падбародак быў бацькаў, і нос, і вочы гэтак жа пастаўлены.

А трубка ўсё гаварыла, роўна, упэўнена — Дзямідчык чуў гэтыя роўныя ўсплёскі голасу ў ёй, хоць слоў не чутно было.

Пётр Іванавіч зразумеў, што ад яго патрэбна, і цяпер чакаў, калі кончацца ўдакладненні. Ён ужо ведаў, што трэба будзе яму зрабіць, і таму чакаў, калі начальства выгаварыцца, не перабіваў яго.

Пасля, як скончыў гаварыць, націснуў кнопку на селектары, сказаў сакратарцы:

— Перадай Дубовіку, хай тэрмінова зробіць разлікі — колькі і калі мы можам звыш плана здаць мяса. Тэрмінова няхай зробіць.

I зноў сказаў Дзямідчыку:

— Прабачце, я слухаю вас.

I на твары ў яго не было ўжо ні стомленасці, ні тае адкрытасці.

— Скажэце, гэта ваш бацька Іван Яновіч? Камандзір атрада?

— Мой. Вы ведаеце яго? Разам партызанілі?

— Ну, як сказаць.. Я ў «Кірава» быў... А так знаў яго, чаму ж не. Як ён? На пенсіі?