Выбрать главу

Дзямідчык падбег, прачыніў дзверцы. 3 машыны дыхнула цяплом, у ёй было светла, як у хаце, пахла цыгарэтным дымам. За рулём сядзеў малады, без шапкі, з акуратна расчэсанымі валасамі шафёр. I твар яго быў малады, і сам ён здаўся яшчэ зусім хлапчуком. I гэтакім жа чыстым голасам добра ўсміхнуўся, нічога не папытаўся, сказаў: «Садзіся, дзядзька, весялей будзе».

Дзямідчык спачатку ўвапхнуў сумку, паставіў і кій, потым і сам умасціўся на сядзенне.

Шафёр увесь час паблажліва, з усмешкаю глядзеў на дзядзьку. I толькі тады, як машына кранулася, азірнуўся цераз плячо і папытаў:

— I куды, дзядзька, паедзем?

— Мне да Альховых Крыніц...

— А мне к цешчы на аладкі.

— Якія ж на ноч аладкі?

— На ноч будзе і скварка, і чарка, а на раніцу і аладкі.

— Хіба што так, а то б чаго гэтак перціся.

Дзямідчыка страсянула на яме, і ён аж ікнуў ад нечаканасці.

— А ты, дзядзька, у газету не пішаш?

— Адкуль ты ўзяў?

— Ведаеш, што каму рабіць трэба.

Шафёр круцянуў руль, аб’язджаючы выбоіну, потым у другі бок, ад абочыны да абочыны. I машына неяк лёгка слухала яго, калі ён коратка паварочваў баранку, усё роўна як плячом — то адным, то другім — піхаў машыну на абочыну. Пакуль шафёр выкручваўся на дарозе, Дзямідчык прыглядаўся да яго, а потым праз лабавое шкло і на дарогу. Святло ад машыны кідалася ў ноч двума замглёнымі вільгаццю слупамі і быццам разляталася на дробненькія кропелькі, на туман. Гравійка тут, дзе насып амаль раўняўся з полем, была выбіта грузавымі за восень у крутыя, мяккія пад коламі хвалі-выбоіны.

Але як толькі пайшла раўнейшая дарога, шафёр зноў азірнуўся на Дзямідчыка.

— Дык, кажаш, дзядзька, спяшаеш да цёткі на цёплыя ногі?

Дзямідчык зразумеў, што шафёру не маўчалася, што яму хацелася гаварыць. Мабыць, начальнік у яго вялікі і сур’ёзны, што цэлы дзень маўчаць даводзіцца.

Дзямідчык і адказаў у лад шафёру, насмешліва:

— Я свае аладкі ўжэ даўно паеў і ногі цётчыны адагрэў. Мне б пасля дня да ложка дабрацца. Гэта ты аж са скуры, на ноч гледзячы, да тых ног лужашся.

— Дзе там, дзядзька, і ног тых не захочаш. Заснуць не ўспееш, нацямочку назад трэба ехаць.

— А хіба ты не ў горадзе жывеш?

— Жыў, пакуль жонцы дзіця не зрабіў. А тады мне во такі дзядзька, у каго я жыў, і кажа: не высыпаемся мы з цёткаю, дзіця нам мяшае...

— То хай бы табе твой начальнік памог ужо якую ў горадзе кватэрку агораць.

— Начальнікаў многа, а кварцір мала, дзядзька.

— Не, мой у Мінску, неяк пашанцавала, скора палучыў.

— Каму, дзядзька, шанцуе, той і ўвесь век свой танцуе.

— Яно і праўда. Адзін увесь век сяк-так наўскасяк, а другі не толькі танцуе, але і прыпявае.

Дзямідчык асвоіўся і сагрэўся. За вокнамі машыны прабягалі цёмныя, глухія, зрэдку пазначаныя кропелькамі электрычных лямпачак, асеннія вёскі, і цёмным балахонам ахіналі іх восеньская сумота і цішыня. А тут, у машыне, роўна гуў матор, гэта ад яго ішло ў кабіну цяпло.

— Ну што, дзядзька, мне направа, вам налева.

Шафёр збавіў хуткасць. Наперадзе была развілка і чорная палявая ноч. Не хацелася выходзіць у яе з гэтае ўтульнасці і цеплыні.— А можа, падвязеш мяне, хлопец, а то я колькі паўзці буду, а табе мінут дзесяць, не больш? Я і заплачу табе.

— Бач, зрабі чалавеку добра, яму яшчэ лепш захочацца. Як таму мядзведзю, дай пакласці лапу, ён і сам узлезе.

— А што табе, грошы лішнія буцуць? Я і чарку пастаўлю.

— Свая ці з магазіна?

— Ёсць і такая і такая.

— Хлебная?

— Хлебная.

— Э-э, заробіш, дзядзька, на табе, як Заблоцкі на мыле.

Шафёр пераключыў хуткасць, і зноў напорыста загуў матор.

На развілцы ён павярнуў налева, і Сцяпану падумалася, што трэба будзе яшчэ нечым аддзячыць хлопца.

— У мяне цяпер штрыфель, як мёд.

— А мёду няма?

— Не.

— Яблыкамі і мая цешча свіней корміць.

Машына ішла лёгка, быццам па дарозе гэтай шафёр кожнага дня ездзіў. Ён, не пытаючыся, звярнуў і з гравійкі туды, дзе здалёку была відна адзінокая лямпачка над кароўнікам і ўжо не свяцілася ніводнага акна на ўсю вёску.

I святло машыны на вуліцы, і матор яе, здалося, пабудзяць усю вёску. Шафёр ля хаты Дзямідчыка круцянуў руль, завярнуўся і затармазіў амаль ля самых варот.

— Вылазь, дзядзька, як міністра, цябе да парога давёз.

Дзямідчык зашавяліўся, палез у кішэню па грошы.

— Не трэба, дзядзька, грошы. Дзякуй скажы, і добра будзе.

— Як гэта цяпер — скажы дзякуй і будзь здароў. Другі раз і затармазіць палянуешся. Зайдзі хоць на чарку.