Выбрать главу

— Калі не шкадуеш, дзядзька, бутэльку свае дай, тады я табе дзякуй скажу.

— Можа, у хату зойдзем?

— Не, дзядзька, не. Мне ехаць трэба, а то спазнюся, то яшчэ жонка да суседа збегае.

Сцяпан прынёс шафёру бутэльку і яблык наклаў у кішэню самых наліўных.

Той адкаркаваў бутэльку, добра пацягнуў, моцна ляпнуў па корку:

— Маладзец, дзядзька, гарэлка добрая.

— А ты не баішся за рулём?

— За маім рулём, дзядзька, можна і паўзатора выпіць, абы толькі пасля гэтага ехаць мог. Будзь здароў, дзядзька!

— Заходзь да мяне, як будзеш у нас.

Дзямідчык яшчэ пастаяў на двары, прыслухоўваўся да мокрае і глухое ночы, да вёскі, якая не абзывалася ніводным гукам, правёў вачыма машыну, што прывезла яго ў гэтую цемру і цішыню і знікала двума, як ваўчыныя вочы, агеньчыкамі. Як толькі яны прапалі з вачэй, пайшоў у хату і Сцяпан.

XIV

Мішка газаваў, як толькі можна было па гравійцы — вакол машыны плыла цёмная восеньская ноч. Невядома, чаму ён павёз гэтага старога — нібы не было чаго рабіць. Але цяпер не каяўся. Прыемна адчуваць, што ты ўсё можаш. Ён любіў прыязджаць да цесця з горада, з цеснага пакойчыка ў старой, прапахлай мышамі драўлянае хаты, дзе яны кватаравалі з Аксанаю. У цесця ўсё было дагледжана, усё зроблена, выфарбавана ў хаце, даведзена да парадку на двары. У цесця заўсёды было часу пасядзець за сталом, выпіць чарку. Дома вечна спяшалася на свой кароўнік маці, вечарам прыходзіў на падпітку з работы бацька, і яны пачыналі сварыцца між сабою. Колькі памятае сябе Мішка Пракаповіч, гэтак было ў іхняй хаце. Бацькі старэлі, але лад не мяняўся, і Мішка прывык да такога жыцця, нібы так і патрэбна было... Цяпер міжволі не надта спяшаўся заязджаць дадому. Ды і выйшла яно неяк само сабою так, што пасля арміі дачка гадавалася ў цесця і цешчы, а таму і яму выпадала прыязджаць туды, ды і грошы на кааператыўную былі цесцевы. Хутка атрымае сваю кватэру, пераселіцца, і тады не трэба будзе амаль кожнага тыдня бываць у цесця. Там, у горадзе, не дастануць Мішку хітравата прыжмураныя цесцевы вочы, якія ўсё ведаюць і ўсё бачаць. Цесць умее неяк непрыкметна паставіць усё так, што Мішка, хацеў ці не хацеў, рабіў па цесцевай указцы. Цяпер Мішка ведаў, што гэта цесць ажаніў яго на Аксане.

Мішка сцепануў плячыма, ямчэй сеў на сядзенні, мацней узяўся за баранку, націснуў нагою на педаль газу, як зліўся ў адно з машынаю...

***

...Збіралі вучняў па вёсках раніцаю. Было цёмна, мокра, як заўсёды перад замаразкамі. Мішка і цяпер, калі ўспамінае пра тое, не ведае, што пацягнула яго пасунуцца на лаўцы і паклікаць Аксану да сябе:

— Ідзі сюды. Тут месца ёсць...

Лаўка была пры самай кабіне, да пярэдняга борта можна было прытуліцца плячыма.

Ехалі да Ленінграда цэлымі днямі, прыхватваючы вечары і досвіткі. 3 дарогі сама больш запомніліся світанні — густыя, асеннія, з нечакана суровым фіяіетавым водсветам на небе, які клаўся таксама і на бліскучую чорную стужку шашы. У памяці назаўсёды засталіся тая дарога і цёплае, даверлівае Аксаніна дыханне на плячы ў яго. Хацелася, каб яна даў’жэй спала і каб даўжэй чуць цяпло яе шчакі.

Пацалаваў ён Аксану, калі дарога канчалася, ужо ў Ленінградзе. Пацалаваў, сам баючыся да адчаю, што больш ніколі не будзе так блізка да яе.

Пасялілі іх на Кіраўскім базары, у калгаснай гасцініцы, чыстай, барачнага тыпу будыніне.

3 гадамі ў памяці сцерлася вастрыня ўражання ад вялікага горада, але запомнілася, што ён купіў вінаграду, яблык, цукерак. Яны з Аксанаю не пайшлі ў горад, засталіся ў пакоі, замкнуліся, елі вінаград і цалаваліся да знямогі.

Запомнілася, як і вярнуліся з тае школьнае экскурсіі. Ноч была месячная, высокая. Бялела зямля, качаў’ся па ёй у клубах дарожнага пылу марозны, калючы вецер, перабягала цераз дарогу насохлае калянае лісце.

Ён вылез у канцы вёскі. Не свяцілася ніводнае акно ў хатах, толькі месячнае святло плыло над стрэхамі, па сценах хат, толькі белая вымаражаная вуліца, качючы зазімкавы вецер, цішыня.

У іх дома гарэла святло, чутны былі галасы. Ён здагадаўся, што бацька зноў п’яны, што дома сварацца.

Ён не заходзіў у хату — упершыню за ўсё сваё жыццё адчуў, што не хочацца дадому, як стрэмка, кальнула душу вострае жаданне — каб хутчэй пакінуць усё тут, каб толькі ў іншы свет.

Назаўтра вечарам ён пакурэў на веласіпедзе ў Аксаніну вёску. 3 таго і пачаліся іхнія школьныя сустрэчы...

***

Гравійка была перакапана — яшчэ з самага лета пачалі падсыпаць яе. На палавіну дарогі нассыпалі з самазвалаў пяску, потым рассунулі, разраўнялі бульдозерамі. Няўкатаная коламі дарога пасля восеньскіх дажджоў размокла, разбілася ў глыбокія каляіны.