Выбрать главу

Яна абхваціла яго за шыю, прытуліла да сябе і плакала. Ён маўчаў. Яна адпусціла яго, і ён, здаецца, з палёгкаю выпрастаўся.

— Будзеш тут. Цябе дагледзяць. У мяне трэць атрада асталося і амаль няма патронаў. Блакада... У лесе бабы і дзеці.

Яна здагадалася — ён зараз пойдзе. Яна думала, што ўсё кончылася, але толькі цяпер зразумела, што ён зараз пойдзе і яна астанецца зноў адна.

— Я цябе знайду сам пасля блакады. Ты тут нічога не бойся.

Ён устаў, ссутула і згорблена. Яна глядзела на яго і цяпер толькі бачыла, які ён стары, намнога старэйшы за яе. I яшчэ падумала, што ён непрыгожы, што ён, як воран, ссутулены і што яна не любіць, нават ненавідзіць яго. Але цяпер яна нічога не баіцца, сама выжыве, уратуе малога.

Муж выйшаў з хаты, не азірнуўся. Яна не заплакаіа.

Яна прастудзілася і доўга яшчэ кашляла пасля тае блакады і тае ночы ў балоце. Сын застаўся жывы, здаровы, і яна радавалася гэтаму. Недзе праз тыдзень па яе прыехалі на падводзе і забралі ў лес, сказалі, што так загадаў камандзір, бо блакада кончылася.

Ён ляжаў у зямлянцы, не прыходзіў у сябе. Калі яна зайшла, нават не паверылася, што бачыла яго чорнага, як асмалка. Здалося, што яе прывезлі да мёртвага. Ён быў жывы, паранены, сцёк крывёю, але жывы. Павярнуў голаў на яе голас і паспрабаваў усміхнуцца.

Яна тады не адыходзіла ад яго некалькі сутак, пакуль не пайшло на папраўку. 3 лагера, дзе хаваліся людзі, яму насілі малако. Ёй расказвалі, што ён вадзіў немцаў вакол мірных лагераў кругавьш боем. Калі атрад выбілі больш чым напалавіну, ён, каб не дапусціць карнікаў да жанчын і дзяцей, забраў у атрад старых і трынаццаці-чатырнаццацігадовых хлапчукоў, але бой не спыніў...

Калі пачаў папраўляцца, Іван папрасіў, каб яна прынесла паказала яму малога, і яна не ведае чаму, але заплакала — ад жалю да яго, да сябе самое, да свайго маленькага дзіцяці. Канчалася вайна, прайшла апошняя блакада. Яна яшчэ не ведала гэтага...

А як вайна пачынаіася для яе?

Яны выйшлі паглядзець на акружэнцаў. Тыя пілі ля калодзежа. Іх было сем чалавек, маладых, з вінтоўкамі, з гранатамі. Дзівіла, што яны не хаваюцца, не просяць пераадзецца, а спакойна, усё роўна як знарок, каб на іх паглядзелі, не спяшаліся. Не спяшалі да іх і людзі — зводдаль прыглядаліся. Першыя ўсё ж падступіліся да акружэнцаў маладзейшыя, спачатку хлапчукі, а потым і яны, дзяўчаты.

— Ну што, беленькая, сваіх не пазнаеш? — чамусьці ў яе першае папытаў той, чарнявы, ладны, які — а гэта лёгка было пазнаць — быў у іх за камандзіра.

— Хто ведае цяпер, дзе свае, а дзе чужыя. А вы ж надта смелыя. Тут немцы ўчора былі.

Ёй чамусьці захацелася гаварыць з гэтым чарнявым, які так звысоку паглядзеў і на яе, і на старэйшых, якія пазіралі з двароў на акружэнцаў і не выходзілі. Перад гэтым толькі праехаліся па вёсках немцы і прачыталі свой суровы загад пра камуністаў.

— Ведаем. Сёння не даедуць,— ён усміхнуўся.— Сёння моста цераз рэчку няма. Як цябе завуць?

Яна адказала, але чамусьці не так, як звычайна звалі яе — Алена, Аленка, а назвалася на гарадскі лад — Лена.

— А я, Алена, як гавораць, рускі Іван. Іван Яновіч. Старшына сверхсрочнае службы.

Ён ступіў да яе:

— А цяпер, Алена, вядзі мяне дадому, я з бацькам тваім пагаварыць хачу. Пагарэлец, са мною,— кінуў ён салдатам, і на яго загад адазваўся пажылы ўжо чалавек.

— Бацькі ў мяне, Іван, няма,— паспрабавала яна працівіцца ўжо на хаду.

— То маці ёсць. А ў нас, дзеўка, часу мала,— упэўнена растлумачыў ёй Іван.

Яна ўлавіла на сабе той яго позірк, якім глядзяць хлопцы на дзяўчат і які яна пачынала разумець, збянтэжылася, заспяшалася дадому.

Дзед быў на двары. Ён коратка паздароўкаўся з Іванам, як цераз сілу. I ёй чамусьці быццам і няёмка стала з-за яго.

— У нас, дзядзька, да вас патрэба невялікая — есці нам гляньце чаго. Не бойцеся, калі што, то скажаце, што мы сілаю ўзялі, мы ж з вінтоўкамі. Ну, і не ў аднаго толькі вас мы гэтак папросім.

Іван, здавалася Алене, усё злосна насміхаўся. Дзед нічога не сказаў — пайшоў у хату.

— А ты, Алена, так, прыглядайся... Хто тут што рабіць будзе. Хто за немцам, хто не... Мы з табою размінацца не будзем, калі нас ужо звяло.

Ён падміргнуў ёй, і ў яе тады аж затрапятала сэрца — і з-за яго просьбы, і з-за таго, што нутром адчула — нейкая страшная праўда ёсць у яго словах.

— Я аб’яўлюся. Калі хто будзе да цябе — так і скажы: той самы чарнявы камандзір заедзе, пагамоніць!

Ён падміргнуў, яна пачырванела, не знайшлася што і сказаць. Моўчкі, быццам гэтак толькі і трэба было, стаяў, слухаў іх Пагарэлец. Ён моўчкі забраў у дзеда закручаную ў чыстую анучку ежу, кіўнуў галавою, падзякаваў.

— Да сустрэчы,— кінуў Яновіч і па-начальніцку першы пайшоў з двара.