Выбрать главу
* Руіны даўняга замка. Якая з гэтых сцяжынак вядзе ў саму даўніну?
* Навеялася да весніц хваля пяску — хваля мёртвага часу.
* Сцелецца ў жыце сцежка — развага жыцця пра жыццё.
* Тэлефон аўтамат на рагу дзвюх аціхлых вуліц перадумвае, што чуў за дзень.
* Вярбіны, нахіленыя па-над ракою: як гэта — плынь цячэ, а іх адлюстроўванні застаюцца?!.
* Спахмурнела — і глыбіня вярнулася наваколлю.
* Стромкія дрэвы: яны адны заўжды памятаюць пра неба. * Канчаецца дзень — у дрэў выраслі цені.
* Пад плотам пасохлы дзядоўнік і дзед-жабрак: пабрацімы?!.
* Шчаслівіцы-вербы: такая сухмень — а яны з ракою.
* Бяроза каля царквы — дзве белыя постаці прыгажосці.
* Дождж!.. Дождж!.. І дзе ты быў усё лета?! — плачуць сады.
* Падаюць дзічкі ў траву — і адтуль цікуюць: ці хто іх возьме? * Старая таполя з парэпанаю карою — няспынна цякуць па ёй ручаінкі часу.
* Такая празрыстая далячынь – відаць нядаўняе лета.
* Зграбаюць жанчыны ў кучу апалае лісце — і вось ляжыць перад імі яно, быццам дзіўны упаляваны звер.
* Марудныя доўгія чэргі — яны адны яднаюць усіх сягоння?
* Дождж церусіцца — дым не бачыць, дзе неба.
* Згусціўся туман — і вокны дамоў сталі вачамі прасторы.
* Уранку я выйшаў з дому і ўвесь дзень ішоў у кірунку да сонца. Якім супярэчлівым аказаўся мой шлях!..
* Якая прагная гліна!.. І з жабрака сцягвае боты.
* На скрынцы для смецця цярпліва сядзіць крумкач. Раніца ўвосень.
* На небе туман, на зямлі слата: наша, надвор'е?
* Расклалі ля рынку цяпельца і грэюць рукі: армяне ў Менску.
* Ці калі-небудзь сюды вярнуся?!. За плынным акном тасуюцца краявіды.
* Снег усцілае зямлю, на снег сцелецца жоўта-барвовае лісце: мастачка-восень.
* Пад небам асеннім калодзежны журавель: скардзіцца, што не можа лётаць?!.
* Выйшла з аўтобуса і азіраецца — ці яе гэты прыпынак: старая перасяленка. * Над курганамі туман — ці дым вогнішчаў старажытных?
* Зіма ў лістападзе!.. У скутай рацэ плаваюць качкі.
* Убілася ў берагі і заўзята габлюе рачную плынь: руплівіца-кладка.
* У лужыну зазіраюць познія дзьмухаўцы: там — сонцы?!.
* Вагаецца вецце асенніх дрэў — і вагае, аплёўшы сваімі ценямі, дом.

ВЕРШАСКАЗЫ

Грыб

Дзе грыб, там любы краявід набывае асаблівую прывабнасць, і сярод многіх хваін і бярэзін грыбнікі абіраюць для пакланення якраз тую бярэзіну і тую хваіну, пад якою бачыцца грыб — самы праўдзівы і ганаровы герб любога гербарыю.

Нібы хатка Бабы Ягі, грыб стаіць на адной назе, акрыўшыся рабою страхою-магеркаю, і, як гібрыд, спалучае ў сабе стромкае і круглае, пляскатае і пукатае.

Хоць грыбовы век нетрывалы, але ў бары і ў лесе ён гэтакі самы абарыген, як стогадовыя дрэвы.

Грыб — горб, што ўзнікае як рывок «паграбовай», спадсподняй напругі ў невядомае вымярэнне, насустрач дажджу і небу; вузел, што звязвае раз'яднаныя рухі прыроды ў адно.