Грыб чуйны і далікатны, як рыбіна, і калі што-небудзь з надвор'ем не так, ён гэтаксама, як рыбіна, выкінутая на бераг, гіне і прападае.
Грыб усім падабаецца, ім не грэбуе ні славянін, ні габрай, ні селянін, ні бюргер.
Збан лепіцца з багны — з гліны, загартоўваецца на агні, а выпрабоўваецца ў штодзённым у жытку-побыце.
Калі збан парожні, ён адзываецца сваёю звонкаю іпастассю, калі поўны — глухой.
Як найбольшае багацце, як самую сваю душу, збан зберагае ўнутраную пустату: дзякуючы ёй, збан не хвілінная забаўка, а заўсёдны здабытак і можа зноўку і зноў напаўняцца ўсё новым змесцівам — вадою, віном альбо малаком.
Звычайна збан стаіць на стале, на паліцы альбо вісіць — калі сохне — на плоце, але варта яму ўзбунтавацца і ўпасці вобзем, ён тут жа разбіваецца і, пазбаўлены душы пустаты, становіцца грудаю ачаропкаў.
Ці гэта банкет, ці базар, ці любы іншы збор — усюды, дзе прысутнічаюць людзі, прысутнічае і збан.
Да збана чэпяцца забабоны, але ён не звяртае на іх увагі, ён безупынна абнаўляецца, і гэтае безупыннае абнаўленне аберагае яго і ад абагаўлення, і ад забыцця.
Усе дрэвы пазіраюць на пень звысоку, але ён і не пнецца ўгору, каб з імі зраўняцца: ці ліпень, ці кіпень, ці хліпень, ён — той самы, ён — нерухомы, ён — дрэва на пенсіі, ён адмежаваны ад вышыні, якая прымушае дрэвы цвісці, хвалявацца, упадаць у роспач і аддавацца надзеі, і таму ён упэўнены ў сабе, і таму ён ні перад кім не гне спіны, і таму ніколі не збіваецца з панталыку, і таму ў сваіх пенатах ён пан.
Пень — не кволая, а спелая, не папярэдняя, а наступная ступень існавання дрэва.
Аб пень спатыкаюцца.
Ля пня спыняюцца.
На пень наракаюць («пеняют»).
Пень успамінаюць у казках і прыказках, і сам ён — памяць, у спіралях якой спяць мінулыя леты.
Быццам жывыя манеты-пенязі, пень абсядаюць апенькі.
Да пня, каб пачысціць глюгу, ляціць груган і, каб паспяваць, — пеначка.
Срэбра зрэбнае: яно блізкае простаму людскому жыццю, шэраму на выгляд, шурпатаму навобмацак.
Золата аздобнае: заўсёды і ўсюды яно пачувае сябе волатам, які ўсё можа і якому ўсё дазволена, і тыя прарэхі і дзіркі, што нічым ужо нельга залатаць, латва залатваюцца золатам.
Адны сцвярджаюць, што зло паходзіць ад золата, другія — што золата паходзіць ад зла, але, зрэшты, зло і золата зрошчаны такім чынам, як зрошчана ў самой сабе лотаць: калі яна зялёная — яна ў перыядзе «зла», калі яна жоўтая — яна ў перыядзе «золата».
Срэбра — месяц, золата — сонца, срэбра — попел, золата — жар, срэбра — вада, золата — агонь, золата — ад розуму, срэбра — ад сэрца, срэбра — сябар, золата — уладар, срэбра бярэцца, золата хаваецца, срэбру радуюцца, золату зайздросцяць, срэбра цешыць, золата лашчыць.
Канчаецца ноч, і золак спяшаецца ўзяць сабе хросным золата, а світанак — срэбра.
Век спалучаны з усімі істотамі, але найшчыльней — з чалавекам.
Ён выяўляецца — і чытаецца — у яго твары і постаці, і калі па якой-небудзь прычыне век парушаецца, то нявечыцца і чалавек.
Век не аднолькавы са стагоддзем: ён утрымлівае ў сабе сваю меру, якая вымяраецца не проста часам, а самой непаўторнасцю часу, — і свой вектар, які скіроўваецца з пачатку ў канец, з маладзіка ў ветах, з раніцы ў вечар, з жыцця, якое падуладна зменам, у жыццё, якое зменам не падуладна, — у вечнасць.
Калі гарыць свечка, яна гарыць век, калі расце дрэва, яно расце век, калі жыве чалавек, ён жыве век, і які б гэты век ні быў — кароткі ці доўгі, роўны ці пакручасты, — ён усё роўна вялікі.
Дзіда паслухмяная, як дзіця, якое, калі яму кажуць: «Ідзі!..», ідзе датуль і дагэтуль, дакуль яму кажуць, і разам з тым. дасведчаная, як стары дзед.
Нібы жардзіна рухомага плота, дзіда дзяжурыць то на дзядзінцы, то ў дзікім полі, загароджваючы дарогу непажаданым гасцям.
У падзеях, дзе вырашаецца лёс дзяржавы, дзіда бярэ самы чынны ўдзел, здзяйсняючы подзвігі, здабываючы дружыне славу, а сабе падзяку і робячы дзіравымі доказы супярэчнікаў.
Але настае гадзіна — і дзіда ўбіваецца ў дзірван, каб зрабіцца пярэдаднем і прад- вобразам таго дрэва, пад якім знойдуць паразуменне ўсе людзі.
Дуга шчыльна прышчыпваецца да аглобляў і туга прытульваецца да гужоў, і нават калі воз будзе нагружаны з верхам і будзе з натугай цягнуцца канём, дужасць, якая рухаецца, і дужасць, укладзеная ў нерухомасць, злучаны ўжо дугой у непарыўную дружбу.