Нібы аплявуха, пляма ўлепліваецца ў аблічча прадметаў, даводзячы ім, што яны не такія ўжо і нявінныя, і, нібы лямант, апелюе да тых, хто чуе, што на самой справе звыклая ўсім рэчаіснасць не лемантар, дзе ўсё вядома і проста, а праблема, якая вымагае вырашэння.
Гонар, як горан: ён асвятляе і грэе чалавека і дапамагае яму захаваць яго сапраўднае аблічча, яго чалавечы ранг у той час, калі абставіны намагаюцца раскласці яго на атамы і малекулы, утаптаць у гразь, але тады, калі чалавек, як Богу, дазваляе гонару ўгрунтоўвацца ў нораў і ў розум і, як Бога, слухаецца яго, гонар «іграе» на чалавеку і «прайграе» яго.
Гонар горнецца ўгору і гэтым сваім «горненнем», быццам нарогам, пераарганізоўвае рэчаіснасць на нізкую і высокую, «гарную» і пагарджаную, ігнараваную і вітаную і, атрымліваючы ад адной часткі пераарганізаванай рэчаіснасці гарантаваную ўзнагароду, атрымлівае ад другой грона гарантаванай непрыязнасці і пагроз.
Нібы месяц маладзік ці ветах, гонар мае рогі, і яны, сведчачы аб яго «месяцовасці», разам з тым сведчаць аб яго непаўнаце.
Ад гонару — гора, але ў ім выгранёў- ваюцца грані грандыёзных намераў, гонар — загана, але ў ёй назапашваецца энергетычная гранула духу.
Купіна выпукваецца з балота, нібы купал патанулай бажніцы.
Сярод аднастайнай застойнай і тупіковай масы, у якой купаецца купіна, яна акупунктурная кропка якасці, і калі на яе наступаюць, калі на яе націскаюць, гэта адчувае і на гэта адгукаецца ўвесь асяродак.
Купіна скупая: яна не дазваляе, каб тая унікальнасць, якую яна назапашвала і на-коплівала, размывалася і танула ў ніякай стыхіі.
Купіну акупоўваюць пукі сітніку, пукі асакі. Купіне адрасуюцца шматлікія кепікі і кпіны, але тым не менш усё, што мае сабе цану, пнецца на адзінае месца, дзе спаўна акупаецца іхняе колішняе паніжэнне,— на купіну.
Жолуд валодае надзвычайнай дужасцю, якая, як з шолудзяў, дазваляе яму вылузвацца з дужак усемагчымых абмежаванняў і нават з самога сябе.
З галіны векавечнага дуба — з галіны самой векавечнасці — жолуд падае ў дол, каб потым, адольваючы прыцягненне долу, цягнуцца да жаданага — да «жалуданага» — узроўню.
Жолуд луджаны: нібы палудай, ён атулены жоўта-рудой абалонкай; яна сцеражэ яго ад жуды сустрэчы з заўчаснаю рэчаіснасцю, і ў ёй доўжыцца яго засяроджанае вандраванне ў часе.
Жолуд — адменная ежа: і калі голад, і калі лад.
Пра таго, хто не ўмее паводзіцца ў жыцці, кажуць, што ён няўдалы, што ён недалужны; што да жолуда, дык ён заўжды ўдалы, заўжды «далужны».
З ВЯЛІМІРА ХЛЕБНІКАВА