*
Сланы біліся біўнямі так,
Што здаваліся белым каменем
Пад мастаковай рукою.
Алені спляталіся рогамі так,
Што здавалася, іх яднаў
стараблівы шлюб
З узаемнымі захапленнямі
і ўзаемнай нявернасцю.
Рэкі ўліваліся ў мора так,
Што здавалася:
Рука аднаго душыць горла другога.
*
У неба ўцяліся кінжалы —
Два ясакары: гнуцца аж...
І, расхінуўшыся, ляжала
Нябожчыцай зямля наўсцяж.
І замак белы, ўкляты ў пустку
Сутоння, тоіць сны свае.
Да залатога пяску спуску
Вось шумна човен прыстае.
І панна пройдзе пры сустрэчы,
Абдыме косамі сваімі
І рукі пакладзе на плечы,
І ўсмешка адзавецца імем.
Ён павядзецца ў вабы зморы,
Ягоны зрэбны ўбор ёй люб.
А раніцой пярэйме мора
Яго шчаслівы ціхі труп.
*
Магутна-снежная краса,
Дзе ў сны адплюшчваюцца вочы,
Твая паўночная каса
З'явілася мне ў час сурочы.
Сваім узорам чорным вабіць
З уцехі сплецены вянок —
Яго груган пакінуў, мабыць,
Чый шлях з самоты ўзяў выток.
Абсяг заняўшы, гэты снег
Ці не таму бялютка-весні,
Каб чалавеку чалавек
Быў гук нябёс, быў чутны песняй?
*
З цялёхканнем-свістам
Птушкі прастору пажалі.
Лістом трапятлівым
Яны не кружлялі.
І як высокае крыло
Начнога птаха навальніцы,
Бухмата воблака брыло,
Сутонне сцелючы на ніцы.
Цягліся нерушы і рушы
За цёмна-зоймістым крылом.
Ўцякач навукі крывадушша,
Скакаў я змроку напралом.
*
Калі паміраюць коні — дыхаюць,
Калі паміраюць травы — сохнуць,
Калі паміраюць сонцы — яны згасаюць,
Калі паміраюць людзі — спяваюць песні.
*
Сягоння зноўку я пайду
Туды, на круг, на рух, на зовы,
І войска песень павяду
Ў міжбой з прыбоем кірмашовым.
Маркотнае
А стану сам сабе ліхі —
Я ў залатое сонца рыну,
Злучу святое і грахі,
Адзенуся ў крыло-драбіну.
Я ўмёр, я ўмёр, па латах кроў
Памкнула веннаю Нявою.
Ачнуўся я, інакш, ізноў
Вас аглядзеўшы вокам воя.
Курган
На што ўпадуць татараў зіры —
Нядужа клалася дадолу.
Імкне сібір ва ўлонь Сібіры,
Жанчын развопраўшы дагола.
Курганны вой у сцігвах скону
Сціскаў жалезны твар Габрая.
Вакол свіст суслікаў, ліст клёнаў.
Курганны дзень цячэ да краю.
Цыган каня крадзе. Трывожыць
Нюхлівых лісаў неба карта.
Ляжыць суровы запарожац
Пад курганом стагоддзяў варты.
*
Сядзіба ноччу, чынгісхань!
Шуміце, сінія бярозы!
Зара начная, заратустры!
А неба сіняе, мацарць!
Сутонне воблака, будзь Гоя!
Ты ноччу, воблака, раопсь!
Ды смерчы ўсмешак прашугалі,
Іх рогат — крыкаў кіпцюры,
Цямнілі ката цвінтары,
Я азіраў нямыя жалі.
І вас я выклікаў, нямыкіх,
Вярнуў тапеліц з рэк сіла.
Іх незабудка ў зніцмах крыку
Начному ветразю цвіла.
Яшчэ лінула суткі вось,
Ідзе начная аграмада,
Мне снілася дзяўчо-ласось
У хвалях спеўных вадаспаду.
Хай хвоі бурай абмамаены
І хмары рухвяцца — Батыі,
І словы йдуць — маўчанняў Каіны,
І тыя падаюць святыя.
І цяжкай хадой на каменны свой баль
З дружынай блакітны ішоў Газдрубал.
*
Вецер — нямеча
Са спеўным чалом.
Няцерпіны меча
Хутчэй быць мячом.
Людзі галубяць дзень смерці,
Быццам любімы цмен-квет.
У струны вялікіх, паверце,
Грае Усход неўпрыкмет.
Мажліва, нам новую гордасць
Чароўца зіхатлівых гор дасць,
І, многіх людзей праваднік,
Я розум надзену, як белы ляднік.