*
І чорны рак на місцы белай
Злавіў блакіту каласы.
І ў падрабязнасцях збуцвелых
Адно застуда і хлусы.
Ды вось знянацканы званок:
«Мы пагібоша, акі обры!»
Як Цэзар некалі, да ног
Заслонай атуліся! Добра!
Памры, мой родны. А акрэсліць
Цябе розгляды паспрабуюць —
Ты скажаш, песцячыся ў крэсле:
«Я той, якога не турбуюць».
Мае паходы
Людзьмі напранутыя коні,
Спаткаўшы мора, ў тупат дольні
Назад шыбуюць, страх прадоння
Дзіцячай водры неадольней.
Ды Вера, поўная абіраў,
Спазнае зноўку Ермака —
Край, дзе замёр журлівы вырай,
І здасца даўні замак А.
Нябыту ўсплёск за гранню Веры
Адкінуў люстранню мяне,
Памор'я скрушныя прамеры.
Кісцень разбойлівы прамне.
*
Кратае сінія дрэвы кіпцюр
Ціхай, зіркастай вады.
Вецер кідае цур і няцур,
Ціха стаяць невады.
Дыхае мглістасцю ява,
Дзесьці без гора-прычыны
Выраслі ўпору хлопец смуглявы,
Поруч дзяўчына.
Дрыготка шорсткая асокаў,
Ракі патайныя размовы,
А хтосьці бледны і высокі
Стаіць, аднолькавы з дубровай.
Месяцавае святло
Сін, сын сінечы,
сей спрадвечныя сны і сілы
на сёлы і сад.
Цураючыся дня, царуй,
чарай блакітнага віна ча
руй землежыхара, што, быццам
хваля, падае адной нагою
услед другой. Мае крокі,
крокі смяротнага, — чароды хваляў.
Я купаю смяротныя мае валасы
у блакітнай вільзе тваёй злівы
і раптам усклікваю, руй
нуючы чары: плошча,
апісаная простай лініяй, што лучыць
Зямлю і сонца, у 317 дзён,
раўняецца плошчы прастакутніка,
адзін бок якога — папярочнік
Зямлі, а другі — шлях, што праходзіць
святло за год. І вось у маім
розуме ўзыходзіш ты, святаісная
лічба 317, сярод аблокаў
няверачых у яе. Струна la
робіць 435 ваганняў у секунду.
Удар сэрца — 70 разоў у хвіліну,
у 317 разоў буйней.
Пятрарка напісаў 317 санетаў
у гонар каханай.
Па германскім законе 1914 года
у флоце павінна быць 317 суднаў.
Паход Раждзественскага (Цусіма)
быў праз 317 гадоў пасля
марскога паходу Медыны
Сідоніі ў 1588 годзе.
Ангельцы ў 1588 і японцы ў 1905 годзе.
Германская імперыя ў 1871 годзе
заснавана праз 317X6
пасля рымскай імперыі
у 31 годзе да Н. Хрыстова.
Жаніцьба
Пушкіна
была праз
317 дзён пасля
заручын.
*
Вясновага Карана
Вясёлы багаслоў,
Мой ясакар зледзьрана
Чакаў святла паслоў.
Як сонца рыбалоў,
У засветную сінюю тоню
Закінуўшы мярэжы,
Ён ловіць рык валоў,
І хмару ловіць соню,
І навальніцы водар свежы.
О ясакар зялёны,
Рыбак, бадай, паставай,
Ты стойма ўраспасцёр
Зялёныя абоймы.
І вось вясновы бог
(Здзіўлены асяцёр)
Ляжыць на кожнай лодцы
Вільготнага ліста.
І вусны просьба: «Неба дай»
Зялёна растуліла.
У моцы ловаў бога
Вялікі Ясакар
Ударам рога
Ударыць аб абшар
Спіртэчай сіняй сілы.
Голад
Чаму зайцы і лосі па лесе скачуць,
Прочкі ўцякаючы?
Людзі з'елі кару асіны,
Ялінаў зялёныя парасці...
Жанчыны і дзеці блукаюць па лесе,
Збіраюць лісты бярозы
Для варыва, шніткі, баршчу,
Яловыя макаўкі і срэбраны мох, —
Ежа лясная.
Дзеці, разведчыкі лесу,
Шастаюць па гаях,
Смажаць у вогнішчы вусеняў тлустых,
Капусту заечую, чарвякоў белуноў
Альбо павукоў вялізных — яны саладзей за арэхі.
Ловяць кратоў, яшчарак шэрых,
Гадаў шыплівых страляюць з лука,
Хлябцы пякуць з лебяды.
За матылькамі ад голаду бегаюць:
Цэлую торбу набралі,
Будзе ў іх сёння матыльковая страва —
Матулька зварыць.
На зайца, што скача па лесе ласкавым скокам,
Дзеці, быццам у сне,
Як на светлага свету мрою,
Захопленыя, глядзяць вачамі вялізнымі,
Святымі ад голаду,
Праўдзе не вераць.
Але ён уцякае мрояю жвавай,
Кончыкам вуха чарнеючы.
Наўздагон яму страла паляцела,
Ды позна — уежны абед паскакаў.
А дзеці, зачараваныя, стаяць...
«Матылёк, вунь, глядзі, паляцеў...»
Лаві і бяжы! А там вунь блакітны!..
Пахмура ў лесе. Воўк прыцёгся здалёк
На тое месца, дзе летась
Ён з'еў ягня.
Доўга круціўся, нібы дзіцячы ваўчок,
Усё абнюхваў месца:
Нічога не засталося —
Парупіліся мурашы, — апроч капытка сухога.
Змаркочаны, камлюкаватыя рэбры падцяў
І ўцёк за лясы.
Там цецерукоў чырванабровых, сівых глушцоў,
Што паснулі пад снегам, будзе лапай
Цяжкай душыць, абсыпаны пырскамі снегу...
Лісічка, агнёўка пушыстая,
На пень камячком умасцілася
І разважала пра будучыню...
Хіба сабакам стаць?
Людзям на службу пайсці?
Сетак напята многа —
Кладзіся ў любую...
Не, небяспечная справа.
З'ядзяць рыжую ліску,
Як з'елі сабак!
Сабакі ў вёсцы не брэшуць...
І стала лісіца пуховымі лапкамі мыцца.
Узвеяўшы ўгору вогненны ветразь хваста,
Вавёрка сказала, вуркочучы:
«Дзе ж мае жалуды і арэхі? —
З'елі людзі!»
Ціха, празрыста, ужо вечарэла,
Шалёстаннем ціхім з асінай
Сасна цалавалася.
Можа, назаўтра ссякуць людзі іх на сняданак.