Выбрать главу
Прашчур
Мяшок з цюленяў магутных на целе Паляўнічага, шырока ліюцца рыбінай скуры скамечаныя апоны. У чучале сухога асяцёра стрэлы З арлінымі пёркамі, драты тонкія й стрункія З каменем, крэменем, зубчастым на носе, і з параю пёрын арліных ахвосцем. Суровыя магутныя вочы, дзікія, жорсткія валасы ў паляўнічага. І лук у руцэ, са стралою напагатове, сцярожка выцягнуты наперад, Падобна воку бога ў сненні, гатовы рынуцца спеўнаю смерцю: дззі!.. На грубых дошках і рамянях ногі.
* Людзі, конадні, гады Уцякаюць наўсягды, Быццам бруйвіны вады. Ў гнуткай люстрані прыроды Зоркі — невад, мы — чароды Рыбанельгі, рыбальгі, Цемры прывіды — багі.

ЗНОМЫ

*

Аблокі плывуць над зямлёй, не належачы ёй і не залежачы ад яе, але з іх раптам ліецца на зямлю дождж альбо абрушваюцца маланкі.

Высотны жыхар — арол — велічна лунае ў нябёсах, не ведаючы сабе раўні, але раптам зрываецца ўніз, па здабычу, бо бачыць усё, што там адбываецца.

Так і з паэзіяй, так і з мастацтвам, так і з філасофіяй: яны павінны лётаць высока і займацца «высокімі» рэчамі, але ў той жа час павінны лучыцца з зямлёю «дажджом», «маланкай» і нават «арлінай драпежнасцю».

*

Чалавек бачыць і разумее не сябе, а сваё, не сябе, а свае абалонкі — тое, што ўжо ад яго адпластавалася, адасобілася, але яшчэ не адчужылася. Гэтыя яго абалонкі, гэтыя пакінутыя целы становяцца сферамі навукі, мастацтва, філасофіі, тэхнічна-прыкладной дзейнасці чалавека: з імі ён супрацоўнічае і дзякуючы ім усё глыбей пранікае ў рэчаіснасць, якая таму і можа ўспрымацца і пазнавацца, што яна такім чынам становіцца асвойтанай.

А звонку гэты працэс падобны на хвалевы рух кругоў, калі ўпадзе ў ваду камень.

*

Дзіўна, але часта паставы нашых папярэднікаў нам бачацца лепш, выразней, чым паставы сучаснікаў, і нават нястача біяграфічных і творчых звестак як бы спрыяе гэтаму.

Ці не таму гэта, што недасяжнае абвастрае наш зрок і слых, адтульвае перад імі перспектыву, і ці не таму, што сутнасць рэчаў ужо не засціцца персанальнымі прысутнасцямі?

*

У сваіх крайніх — самавольных — праявах метафара выкарыстоўвае прыём чорнай магіі: сілком «сшывае» адно з адным тое, што само не жадае «сшывацца», «шлюбуе» адно з адным тое, што само не жадае «шлюбавацца».

Метафара занадта наўмысная, каб быць ісціннай, занадта ўмелая, каб быць шчырай, і тая паэзія, дзе самамэтнічае метафара, становіцца звярынцам, дзе ёсць самыя разнастайныя істоты, але няма ні ўнутранай прасторы, ні свабоды.

*

Спазнай самога сябе... Але як нельга прымусіць нанава гарэць тое, што ўжо згарэла,— попел, як нельга яшчэ раз набыць рэч, якую маеш, так нельга спазнаць тое, чым ты ёсць, і гэта таму, што яно, гэтае тое, ужо спазнанае: у сферы сутнасці быць і ведаць — адно і тое ж.