*
Творчасць — сустрэча з невядомым. Як толькі невядомае замяняецца вядомым, яна немінуча ператвараецца ў імітацыю.
*
«Салоўка» беларускай паэзіі, «шпачок»... Не ведаеш, чаго больш у гэтых словах,— яўнай пахвалы ці патайнай іроніі. «Пярнатая» паэзія, як бы яна ні выкшталцоўвалася, як бы ні апявала колішнія падзеі і сённяшні дзень, не можа выказаць менавіта чалавечага зместу паэзіі — таго, што вылучае чалавека з царства прыроды і з'яўляецца толькі яго прэрагатывай. Чалавек — не прырода, а мяжа прыроды, і ўсё самае значнае і галоўнае адбываецца якраз на гэтай мяжы.
Не птушыных галасоў бракуе нашай паэзіі, а проста — чалавечага голасу.
*
У вершы, як у магічным люстэрку, відаць тая барацьба, якая адбываецца (альбо не адбываецца) у паэце паміж яго ўсёчалавечым і асабовым «я».
Калі ў вершы гаворыць «асоба» — яе голас чуваць для яе самой, калі гаворыць «барацьба» — яе слухае ўсё наваколле, калі гаворыць «пераможца» — ён, нават не намагаючыся, каб яго чулі, чуцён усім.
*
Цела — плынь, якая захоплівае і нясе ў сваё «мора» чалавечыя памкненні, намеры, думкі, самога чалавека, хоць адзінае, што чалавеку неабходна зрабіць у жыцці,— гэта перайсці з аднаго берага на другі.
*
Веды — таксама ежа, разумовая, але ежа, і яна таксама можа быць не на карысць чалавеку, яна таксама можа шкодзіць, і ад яе таксама неабходна час ад часу разгружацца — пасціць.
*
Як птушка, што, седзячы на галіне дрэва, спявае свае песні, упала б на дол непрытомная, калі б ёй быў дадзены чалавечы розум, гэтак упаў бы непрытомны і чалавек, калі б яму, у яго цяперашнім «варыянце», быў дадзены розум касмічны.
Мы нічога не можам атрымаць звыш сябе, звыш сваёй меры: мы — у космасе, космас — у нас, але мы бесперастанна абмяжоўваем і дэфармуем яго сабою, і мусіць мінаць жыццё за жыццём, разбіваючы зацвярдзелыя формы, пакуль свядомасць здолее ўспрымаць Тое, Што Ёсць, не ўпадаючы ў непрытомнасць. Бо і сон — непрытомнасць, і смерць — непрытомнасць.
*
Каб вырашыць праблему, неабходна ўвайсці ўнутр яе, і каб адолець перашкоду, неабходна паглыбіцца ў яе сарцавіну. Там не ляжаць «ключы ад Сезама», але само гэтае ўваходжанне становіцца вырашэннем праблемы, і само гэтае паглыбленне становіцца пераадоленнем перашкоды, бо і праблема, і перашкода не што іншае, як сведчанне, што жыццёвы шлях чалавека са сферы сінтэзу пераключыўся ў сферу, дзе тэза супрацьстаіць антытэзе і дзе чалавек мае шмат «сябе».
*
Карані не трэба чапаць, ісціны ў іх няма: там адно толькі пануе змрок і вызмейваецца жах.
Ісціна каранёў па-за імі, над імі — у кветцы.
*
Пакуль чалавек жыве, ён усё яшчэ няпоўны, незавершаны, дарэшты не ўвасоблены, ён яшчэ не зусім творца і не зусім твор. Аднак дзякуючы гэтаму «не зусім» і магчыма далейшае ўвасабленне, магчымы пераход недасканалага ў дасканалае, магчыма творчасць.
*
Шлях, які мы праходзім, застаецца не па-за намі, а становіцца намі самімі — адкладваецца і акумулюецца ў нас, нібы ў колцах дрэва пражытыя ім гады, і толькі таму ён пройдзены, і толькі таму мы здольныя і вольныя ісці далей.
*
Думка ідзе ўслед за жыццём, жыццё — услед за думкай, але гэта не рух па крузе, гэта рухусім кругам — у новую якасць, у новае вымярэнне.
Слова бесперастанна становіцца целам, і гэтаксама — бесперастанна і ўзаемна — цела становіцца словам.
*
Жыццёвыя вартасці існуюць і жыццядзейнічаюць на пэўнай «адлегласці» ад чалавека, адкрываючыся адно толькі звычайнаму зроку. Набліжаючы іх, трацім іх: ні каханую, ні маці ў мікраскоп убачыць нельга.
*
Спяшаемся, але ўсё роўна не паспяваем зрабіць і дасягнуць усяго, чаго б хацелі, дый тое, што робім і чаго дасягаем, носіць на сабе адзнакі гэтага нашага спеху, часавасці. Але галоўнае — мы не «паспяваемся» самі: мы рухаемся з раніцы ў дзень, з дня ў ноч, з маленства ў сталасць, са сталасці ў старасць, і асноўныя пытанні наша-га існавання не вырашаюцца, а адступаюць, «адтэрміноўваюцца», і наш рух нагадвае перамяшчэнне па геаметрычнай паверхні, дзе кожны наступны пункт па-свойму мадэлюе тую самую сітуацыю, якая ўзнікла ў папярэдніх пунктах.