Выбрать главу

Рукатворнае жыва-творыцца, духа-творыцца і такім чынам перастае быць толькі пабудовай, толькі памяшканнем, толькі структурай.

Вытворчасць тым і адрозніваецца ад творчасці, што яна спараджае структуры, памяшканні, пабудовы — неасвечанае.

*

Няспелыя яблыкі нельга адасобіць ад дрэва: яны яшчэ драўляныя. Гэтаксама і творы: «няспелыя» — яны не могуць займець сваёй самастойнасці, не могуць адлучыцца ад паперы.

Для «спелых» — папера нежытло, а прыстанак; у іх новае бытаванне, іншая прапіска.

*

Выказванне таму і магчыма, што ёсць невыказнае. Інакш усё можна было б выказаць адразу, нібы вычарпаць радовішча.

Паміж невыказным і выказваннем утвараецца ток мовы.

Моваў шмат, прамова адна: невыказнае. Гэта на ёй «гаварылі» да слыннага вавілонскага непаразумення.

Мова, перад тым як агучыцца, праходзіць патаемныя фазы развіцця, уцеляснення. Гаварэнне — верхняя, «уцеляснёная» мова.

Парушанае бязмоўе ўтварае мову.

*

Час — люстэрка, якое дазваляе ўбачыць сябе як некага. Але — сябе мінулага.

*

Доследы біятронікаў выяўляюць, што ўсё існае ў прыродзе — лісты, дрэвы, асобныя клеткі і цэлыя планеты — мае свой энергетычны каркас.

Энергетычнае дрэва творчасці, з якога тады-сяды, у нейчыя рукі, спадаюць «ньютанаўскія» яблыкі.

*

Мастак не ўласнасць: ён не належыць ні сабе, ні каму-небудзь іншаму. Ён як прыроднае радовішча.

Гэтая перасцярога адносіцца і да яго самога, да яго таленту: не марнуй, не рабуй, не крадзі...

*

Паміж чалавекам і светам існуе невядомая пераменлівая велічыня. Часам яна зацемненая — і тады свет хаваецца ад чалавечага зроку ў адчужэнне і няўцямнасць, часам прасветленая — і тады свет адкрываецца, «откровенничает». З матэрыі гэтай невядомай пераменлівай велічыні і творацца вобразы. Вобразнае бачанне — «прыблізнае» бачанне.

*

Усё жывое расце знутры: дрэва з зярняці, квецень з дрэва, плод з квецені, зерне з плода...

Кірунак слова, як і зярняці,— знутры.

*

Мове ўласціва нейкая няправільнасць, з-за чаго яе немагчыма дарэшты ахапіць сістэмай. «Правільная» мова схематычная: яе перастаюць вымаўляць. «Няправільнасць», альбо «недасканаласць» мовы — яе рухавік, умова яе бытавання, дзверы, адчыненыя ў свет.

*

Два полюсы творчасці: натхненне і засяроджанне, выйсце па-за сябе і ўвыйсце ў сябе, экстатычны і медытатыўны, ультрагукавы і інфрагукавы.

Да першага полюса схіляліся Цётка і Купала, да другога — Багдановіч і Колас.

*

Жанр вынікае са стылю, стыль, кандэнсуючыся, акрэсліваецца ў жанр.

*

Не выходзячы ўсё нанова на «поле Курукшэтра» («Бхагавадгіта»), не апынаючыся сам-насам перад сваім лёсам, перад усё новай невядомасцю, губім у сабе космас магчымасцяў.

*

Мастацтва — ма(г)стацтва.

*

Адзінства адбываецца тады, калі выяўляецца падзел, размежаванне. Касуючы размежаванне, касуем і само адзінства. Яно не ёсць, яно адбываецца.

*

Шурпатасці не заганы. У іх зародкі наступнага — большага — вымярэння. Усе значныя ідэі, усе адкрыцці вынікалі менавіта з шурпатасцяў.

У шурпатасцях (стылю, мовы, творчасці) ёсць нейкая свая, своеасаблівая перавага. Яны нібы руда, у якой яшчэ нешта ёсць, апроч ачышчанай матэрыі.

*

Аснова мовы — маўчанне, гучанне — уток.

*

Паміж берагамі нараджэння і смерці, пытання і адказу, пачатку і канца тая пространь, якую нельга запоўніць ніякай іншай матэрыяй, як толькі матэрыяй свайго жыцця.

*

У часы, калі душа затлумлівалася, пачынаў турбавацца пра многія справы, хапацца за розныя намеры. Няўжо яны — усе гэтыя турботы і жаданні — толькі вынік не дастаткова яснай свядомасці?!

*

Што там, у нас саміх, у глыбінях нашай свядомасці: якія містэрыі адбываюцца, якія рэкі цякуць, якія віры віруюць?.. Незразумелая патаемная сувязь паміж жыццём чалавека і тымі глыбінямі, пра якія часам сведчаць сны. I, магчыма, якраз у гэтым сакрэт мастакоўскай самабытнасці - каб характар творчасці адпавядаў характару тваіх сноў.

*

Традыцыя наследуе супрацьстаючы і супрацьдзейнічаючы. Без гэтага супра ць яна апынаецца толькі перайманнем, і самае большае, чаго яна можа дасягнуць,— паўтарыць папярэдняе.