Выбрать главу

Без гэтага а н т ы наогул было б немагчыма ніякае развіццё, ніякае спасціжэнне. Усе рэчы нагадвалі б «чорны квадрат» Казіміра Малевіча, у якім змест і форма супадаюць, а рэчаіснасць — «рэч у сабе» Імануіла Канта.

*

У мініяцюр свая паэтыка, свае асаблівасці і свае задачы, якіх не вырашыць буйной форме.

У мікрасвеце мініяцюр не менш таямніц і магчымасцяў, чым у макрасвеце іншых жанраў. У мініяцюры пачынае «гучаць», істотнець не толькі асобнае слова, але і асобная літара, гук. Гук — «электрон» верша.

Мініяцюра прадбачыць паэму: як зерне больш колас, чым сцябло, такі яна больш мікрапаэма, чым мікраверш.

*

Гаворым пра нашы Хатыні, пра нашы страты...

Але мова лічбаў не тая мова, каб на ёй гаварыць пра гэта. Ахвяры не вымяраюцца лічбамі, арыфметычнае мысленне тут нямое, тут — парог, тут мусіць браць слова іншая мова, якой мы яшчэ не валодаем, мусіць гучаць «голас бязмоўя».

*

Метафара — транскрыпцыя: яна перадае на «тутэйшай» мове «тамтэйшае». Калі выходзіць на пярэдні план, тады творчасць ператвараецца ў метафаратворчасць, у тое, што Герман Гесэ назваў «Das Glasperlenspiel» («Гульня шкляных перлаў»), а рэчаіснасць — у матэрыял для гэтай гульні.

Метафарычны верш ілюзорны, праз яго нічога не відаць, відзён толькі ён сам, ён не адкрывае, а засланяе — як шыбіна, на якой мароз намаляваў свае ўзоры.

*

Месцазнаходжанне сэнсу — адсутнасць гэтага месца: яно ў пастаянным змяшчэнні, у сустрэчы з невядомасцю.

*

Старажытныя аўгуры ў палёце птушак бачылі далейшае, чым палёт, па паводзінах жывых істот меркавалі пра перамогу і паражэнне, пра чалавечыя лёсы.

Мы дзівімся занадта пільна, а таму занадта абмежавана.

Мікраскоп у столькі разоў абмяжоўвае, у колькі разоў павялічвае,— гавораць і практыкі і тэарэтыкі.

*

У вершы яднаюцца веданне і няведанне: веданне—дыскрэтнае, няведанне — хвалевае, веданне — форма, няведанне — змест, веданне — цагліны, няведанне — тое, што іх змацоўвае.

*

Наша спадчына ўсё яшчэ існуе сама па сабе, не асветленая нашай супольнай увагай і разуменнем. Збольшага мы ведаем, дзе што ляжыць, што маем, але гэта не тая ступень ведання, якая становіцца фактам і фактарам свядомасці.

Перачытваў Францішка Багушэвіча, і зноў адчуліся ў ім тыя глыбіні і сэнсы, якія ўсё яшчэ застаюцца непрачытаныя. Падумалася: вось каб раптам літаратары і літаратуразнаўцы, усе, хто ўмее чытаць, пісаць, думаць, выказаліся пра яго (і пра іншых нашых папярэднікаў) — хаця б на адну старонку, на паўстаронкі, адным-двума сказамі — такая «анталогія» стала б з'явай нашага супольнага жыцця.

Не аформленае, не занатаванае, не змацаванае ўзаемадзеяннем мае схільнасць рассейвацца, знікаць, расцярушвацца.

Спадчына не ў мінулым, а з мінулага: яна — вектар, які паказвае дарогу, яна — аблічча ўчалавечанага часу.

*

Вершы можна было б класіфікаваць, як класіфікуюць сродкі руху: фурманкі, веласіпеды, матацыклы, аўтамабілі, самалёты...

Цяпер як неабходнасць, як заклік космасу ўзнікаюць новыя лятальныя апараты.

Адтуль, з праменнага поля сэнсу, пасылаюцца і лунаюць над чалавецтвам праекты і новай вершатворчасці.

Верш як трансмутацыйны апарат, у якім мажлівы палёт у неабсяжнасць.

*

Паэзія атаясамілася з гаварэннем. Яна загіпнатызавалася, яна шмат гаворыць, але мала кажа. Калі ёй нагадваюць: абудзіся, ты нешта іншае, чым сабе ўяўляеш,— яна пярэчыць, яна адбіваецца рукамі і нагамі, яна зноў гаворыць усё тое ж: я паэзія, я паэзія...

Ёсць раман-даследаванне, ёсць драма-даследаванне, верш таксама — даследаванне, даследаванне «тонкай» рэчаіснасці. Аднак пра гэта ён не хоча памятаць.

*

Не ведаю больш ёмістага, больш пранікнёнага азначэння, хто такі пясняр, паэт, творца, чым тое, якое выснаваў Янка Купала ў сваёй славутай паэме «На куццю»:

А трэці быў і раб, і цар,

I слаб, і дуж ва ўсякім дзеле,

Як вечнасць, молад быў і стар;

Меў гуслі — на грудзях віселі.

У ім, у песняры, супадаюць краі, пераўзыходзяцца падзелы: толькі раб — ён не мае ўлады, толькі цар — ён не мае глебы, толькі слаб — ён не можа выйсці са свайго стану, толькі дуж — ён не мае патрэбы выходзіць з яго, толькі молад — ён жыве ўпершыню, толькі стар — ён ужо пражыты...

А гуслі вісяць на грудзях песняра, у самым цэнтры, на супадзенні краёў, і сам ён — выйсце ў іншы час і ў іншую долю.