Мастацтва Адраджэння таму і ўзвышаецца на цэлую галаву над іншымі эпохамі, бо гэтая галава належала новаму чалавеку.
*
Як шмат у літаратуры такой літаратуры, якая патурае чалавечым недахопам, слабасцям, заганам, жывіць і актывізуе іх.
Калі б раптам чалавецтва знайшло ў сабе моц вызваліцца ад усіх гэтых немачаў і заганаў і ўзнялося на прыступку вышэй у сваім станаўленні, што засталося б ад літаратуры?!
Літаратура, якая толькі тым і займаецца, што фіксуе, сцвярджае, услаўляе існуючае становішча рэчаў, кепская памочніца чалавеку.
Сцвярджаючы рэчаіснасць, зацвярджаем яе: робім занадта цвёрдай, занадта каменнай — няздатнай да развіцця, непранікальнай для зроку і думкі.
*
Вершы — своеасаблівыя клеткі, у якіх знаходзяцца незлічоныя паэтавы двайнікі. Яны любяць быць навідавоку, яны любяць быць надворнымі — каб іх разглядалі, каб іх слухалі, каб пра іх гаварылі. I свабоду яны апяваюць, не жадаючы пакідаць гэтае сваё жытло.
*
Апрача агульнага рытму-памеру, у вершы існуюць і надаюць яму адметны выгляд мікра-рытмы — галасы слоў, якія яго «насяляюць».
Рытму, які не чуе гэтых галасоў, словы нічога не здолеюць сказаць.
*
Дабро і зло сумесныя, сумешчаныя — як скрыжаванне і раздарожжа. Калі чалавек кіруецца ў бок дабра, ён адначасова кіруецца і ў процілеглы бок: да аднаго — насустрач, да другога — насупраць.
*
Узор рэлятыўнай прыроды часу: з пункту гледжання каменя ўсё, што ёсць, ужо было, з пункту гледжання промня ўсё, што ёсць,— будзе, з пункту гледжання чалавека ўсё, што ёсць,— ёсць.
*
Тыя падзеі і ўзрушэнні, якія выклікаюць так шмат спадзяванняў і пярэчанняў, з цягам часу аб'ектывізуюцца, становяцца своеасаблівымі археалагічнымі пластамі, у якіх усё «на месцы».
Мы ходзім па падзеях і лёсах, спрабуем іх разгадаць — уваскрасіць, яны для нас таямніца. Аднак, уваскрошаныя, вернутыя ў сучаснасць, умову, яны забываюць сябе, не памятаюць сваёй таямніцы, не могуць растлумачыць, чаму тое, што ёсць, можа быць тым, чаго няма.
Таямніца — прысутнасць у адсутнасці. Падзеі і рэчы не валодаюць ёю, яна модус чалавечай свядомасці, якая ва ўсім бачыць свой след, сваё месцазнаходжанне, бачыць сабой, але не бачыць сябе.
*
Праз рознасць патэнцыялаў свядомасці звычайнай і надзвычайнай (прадбачання, інтуіцыі, натхнення) узнікае ток, што рухае думку, што жывіць творчасць.
*
Будучыня належыць не часу, а чалавеку, яна чалавечая заваёва. I вымяраецца яна не часам, а чалавекам, «чалавечым фактарам» — ступенню тоеснасці быцця чалавека і яго свядомасці.
Будучыня не т а м і не т у т. Будучыня — у нас, а мы ў дарозе да саміх сябе.
*
Чытачы чакаюць ад паэта не новых вершаў, а новага слова. Вершаў шмат, не стае с л о в а.
*
Калі чалавек атаясамліваецца са званнем, пасадай, заняткам, функцыяй, тады ён самаабмяжоўваецца, застойваецца, бо ні званне, ні занятак не здольныя эвалюцыяніраваць. Яны заклапочаныя ў адным — у самазахаванні і самасцвярджэнні, у захаванні і сцвярджэнні існуючага парадку рэчаў.
Адзінай самай небяспечнай інстанцыяй для гэтага «рэчаўнага» парадку з'яўляецца чалавек: гэта ён адмаўляецца прызнаваць над сабою ўладу вонкавых абставін, гэта ў ім заключаюцца ўсе змены і прагрэсы, гэта яго натхняе свабода, і сам ён найбольш рэалізаваны, найбольш «чалавечы» тады, калі ён найбольш нічый і ніякі, калі, паводле слоў украінскага філосафа Рыгора Скаварады, свет яго ловіць, але не можа злавіць.
*
Крытыка — лоцман, і калі яна кампліментарная, то «карабель», які яе слухаецца, перастае арыентавацца ў прасторы, перастае разумець, хто ён і дзе ён.
*
Як сляпы памятае пра тое, што цяпер для яго не існуе,— пра свет вобразаў, глухі — пра свет гукаў, так і мастацтва памятае пра іншую сапраўднасць, якой не існуе для надзённай свядомасці.
Яно — наш страчаны зрок, яно — наш страчаны слых, і яно — абяцанне, што мы ўсё адно калі-небудзь станем «слушнымі» і «відушчымі».
*
Чалавек не можа ні сама-жыць, ні сама-памерці, ні сама-перайначыцца. Усё гэта магчыма толькі ў кірунку да нечага, і чым далей яно, гэтае нешта, тым больш істотны і змястоўны чалавечы спосаб жыцця, тым больш чалавек — чалавек.
Каб ісці далей, чалавек мусіць ісці не сабой, а з сябе — удакладняцца, удасканальвацца, станавіцца наступней-шым; гэта – шлях ва ўсё большую свабоду, усё большую адказнасць і ўсё большую неабсяжнасць, на якім нават нягоды і перашкоды па-свойму спрыяюць чалавеку.