*
Творца не мае біяграфіі. Біяграфію мае аўтар.
*
Калі для «колькаснага» мыслення чым больш нечага, тым яго на самой справе больш, то для «якаснага» наадварот: два менш за адзін, тры менш за два, і дзесяць крокаў — гэта толькі адна дзесятая частка таго кроку, якім дасягаецца мэта, і дзесяць каханняў — адна дзесятая аднаго.
*
Моц, імкнучыся да дасканаласці, мусіць стаць не большай моцай, а нечым іншым, чым моц, і розум не большым розумам, а нечым іншым, чым розум.
*
Паміж тым, што магчыма, і тым, што немагчыма, існуе пэўны зазор, пэўная адлегласць. Гэтая нічыйная зямля — вотчына мастацтва. Тут яно знаходзіць сябе, тут яно ні ад кога не залежыць і таму належыць усім.
*
Чалавек не толькі насяляе рэчаіснасць, але і сам з'яўляецца ёю: яна яго вонкавае цела. I яна можа дазволіць, а можа і не дазволіць увасобіцца яго намерам і думкам, бо ўвасабляюцца яны ў яе.
*
Калі мастацтва — мастацтва, тады яно і палітыка, калі мастацтва — палітыка, тады яно перастае быць і палітыкай, і мастацтвам.
*
Час ад часу чалавек адчувае, што яго жыццё толькі пярэдадзень іншага жыцця, у якое ён пастаянна ўступае і пастаянна не можа ўступіць.
Уся няпростасць у тым, што яно, гэтае жыццё, знаходзіцца за мяжою самога часу, яно не «сённяшняе», а «пазасённяшняе», і каб дасягнуць яго, неабходна самому станавіцца «пазасённяшнім».
Жыццё — у магчымасці жыцця, чалавек — у магчымасці чалавека: ён ёсць настолькі, наколькі становіцца тым, кім можа стаць.
*
Самасвядомасць не тое, што я ўсведамляю сябе сабой, а тое, што ўсведамляе мяне мной.
*
Чалавек упісаны сваім абліччам — унутраным і вонкавым — у ісціну, і ад таго, як ён упісаны, якое ў яго аблічча, залежыць, што ён скажа пра ісціну, што яна сама скажа пра сябе.
Іншым чынам яна не можа ні праявіцца, ні ўвідавочніцца.
*
Калі Хрыста цягнуць, як коўдру, на сябе, даказваючы, што іхняя вера самая правільная, ён — мінулы; калі цягнуцца да яго — ён будучы, і, такім чынам, вернікі і веравызнанні самі апынаюцца альбо мінулымі, альбо будучымі.
*
Рэчы — спадчына, што перадаецца ад чалавека да чалавека, і адначасова спадкаемцы, што наследуюць людзей.
*
Чалавечыя цывілізацыі — не дарога, якая ведае, куды вядзе, і якая не пакідае нікога ў мінулым, а сляды самотнага падарожніка: між імі адлегласць, і з'ядноўваюцца яны між сабой не нацянькі, не суцэльнай лініяй, а праз таго, хто ідзе і не пакідае аб сабе іншых сведчанняў, апроч слядоў.
*
Мастак глядзіць у мастацтва, як у люстэрка, і распазнае ў ім свае сутнасныя рысы. Гэтае распазнаванне адбываецца як удзел у тым, што само ўдзяляе мастаку сваю ўвагу. Тое, што здольна распазнаваць, выяўляючыся, становіцца тым, што, у сваю чаргу, здольна быць распазнаным.
*
Пакуль чалавек ёсць тым, кім ён ёсць, ён пытаецца і адказвае, кім ён ёсць. Ён мусіць пытацца і адказваць, каб мець сябе ў часе і з'яўляць у свеце. Гэтыя пытанні і адказы ніколі не канчатковыя: яны пастаянна ўзнаўляюцца, і ўчора яны не менш істотныя, чым заўтра, як, нягледзячы на тое, кім ён мае і з'яўляе сябе, «учорашні» чалавек для сябе не менш істотны, чым «заўтрашні»; і разам з тым заўсёды канчатковыя — як канстанты яго знаходжання ў часе і ў свеце.
*
Эвалюцыя адбываецца ў кірунку, у якім я магу ўсё больш і — наадварот — усё больш не магу. За абсягамі акрэсленай рэчаіснасці настойліва вымалёўваецца абсяг, дзе ўсё і нішто азначаюць адно і тое ж.
*
Структура часу, як і структура ДНК, уяўляе двайную спіраль: адна вядзе ў будучыню, другая - у мінулае, адна - уверх, другая - уніз. Гэтая двайная спіраль відаць і на старажытных сімвалах: кадуцэй Гермеса абвіваецца дзвюма вужакамі.
*
Вада і агонь, якія пярэчаць адно аднаму, мірацца на чалавеку: і вада ачышчае яго, і агонь таксама.
*
Вечнасць — не доўгі час, інакш яе насельнікамі былі б адно камяні і бронза, а новая якасць жыцця і часу, і творыцца яна жывымі людзьмі.
*
Калі палітыка — мастацтва магчымага, то само мастацтва — мастацтва немагчымага.
*
Як сляды на снезе не падобныя на таго, хто іх пакідае, так і той, хто іх пакідае, не падобны на таго, чыім следам ён з'яўляецца сам,- на сваю сутнасць.
*