Паэма парушанай мяжы
На стол насцелем карту —
не абрус.
Мінулае адсутнічала.
Страты
загойваліся самі.
У хаўрус
нас аб'яднаюць нетры
інтэрната.
Час рухаўся то ўраз,
то пакрысе.
Каб гартавацца,
варта быць са сталі.
У вокнах дом:
у ім жылі мы ўсе.
А па-за домам дрэвы падрасталі.
Пакоі ўсцяж:
тут вучымся і спім
і сілу падначальваем бяссіллю.
А не хапіла,
з вокнамі,
усім —
нас,
чатырох,
у цёмным пасялілі.
Чатыры ложкі,
тумбачкі ля сцен,
стол пасярод
ды крэслы,
ды ў зеніце
гарэла блякла лямпачка:
ўзамен
адсутных сонцаў.
Скажуць: «Пажывіце».
Адмежавала новае жытло
нас раптам
ад знаёмага наўколля.
І разам з намі ў поцемкі ўвайшло,
чым самі не былі яшчэ ніколі.
Што разумелі —
мучылася.
Свет
быў па за намі,
быццам чыйсьці досвед.
Як з ім з'яднацца?
Кімсьці неўпрыкмет —
ці дзень, ці ноч —
над намі вёўся дослед.
Казаў настаўнік:
«Зло й дабро — адно.
Каб не памерці —
мусім мець дзве веры».
А думка
апускалася на дно
і адчыняла
ў невядомасць дзверы.
Знікалі межы:
думаем?
ці спім?
ці снім сябе?
Той самы —
не мінае,
не настае:
у нас — ён,
мы — у ім:
час, што прыкмет і воблікаў
не мае.
Здзяйсняючы
таемную імшу —
прашамацяць то шоргаты,
то ўзмахі, —
нас працямнялі,
джалячы душу,
нібы рэнтгены —
ўражваючы —
жахі.
Ляжаў на ложку,
быццам нежывы,
адлучаны —
было нібы чужое —
не варухнуцца —
з ног да галавы —
ад цела
невядомаю мяжою.
Што з намі адбываецца?
Плюсы
змяняліся на мінусы.
Спадсподу,
прабіўшыся,
гучалі галасы:
адны — пра з'езд,
другія — пра свабоду.
О колькі ў свеце белым
адрасоў,
размешчаных усцяж,
па небасхіле!..
Мы думкай зазіралі ў вокны слоў,
а іх,
каб іх не чулі мы,
глушылі.
Калі мы ў згодзе —
мы — учатырох.
Калі ў нязгодзе —
нас чатыры чвэрці.
Сціраў змрок межы,
ды ніяк не мог
мяжу,
што ўсіх адрознівала,
сцерці.
Вачамі іншых бачыў,
хто я сам.
З завучаных здабыткаў,
быццам з клеткі,
я вырываўся.
Абяцалі снам,
што будуць бачыць праўду толькі,
сведкі.
Душа жадала
шчасця і пакут,
каб вырвацца
з надзённасці жабрачай
у новы час.
Ды сведчылі:
я — тут, —
ці дзень, ці ноч,
чыесьці справаздачы.
У невядомасць творачы
прарыў,
гарачай думкай
набракалі словы:
такіх яшчэ ніхто не гаварыў...
У цемры — час,
а цёмнае — часова.
Казаў настаўнік:
«Зло, а перамнож —
і з'явіцца дабро.
Сусвет адзіны:
мы — ў ім,
і ў нас — ён».
Усміхаўся нож,
чакаючы прызначанай гадзіны.
Сталелі дрэвы ў карані і ў ствол.
Навошта знацца
з доляю нявартай?
Учатырох —
пасланая на стол —
сцярожка нахіляліся над карткай.
Так многа межаў!..
Вастрыё нажа
паказвала магчымасці.
Прыязна
нас клікаў свет.
Ды ёсць адна мяжа:
пакуль не перайшлі яе —
мы вязні.
Кароткае задоўжвалася.
Ўрок,
прыдуманы знарок,
каб не ляцела
душа, як птушка,
паглыбляў у змрок.
На сцены наштурхаўвалася цела.
Скіроўваўся ў сябе і зрок,
і слых.
У будучыню клікаў голас чыйсьці
і патанаў у воплесках.
Па ўсіх
тужыла недасягнутае выйсце.
Канчаўся з'езд.
Пад зрэбнаю карой
бруіліся разбуджаныя сокі.
Змянялася адна пара другой.
Мы — не другія.
Мы здзяйснялі ўцёкі.
Туды, туды —
дзе ззяе небасхіл,
дзе беды
раствараюцца без следу,
дзе сіла не адлучана ад сіл,
жыццё — ад жыццяў,
дзе не хлусяць веды...