Што сталася
і не —
як спарышы.
Цяжар
будучыя крылы.
Калі змаўкалі ў свеце і ў душы
усе гаворкі —
цемра гаварыла.
І ведаў я:
вясною ці зімой —
з усіх абмежаванняў,
нібы з ямін,
расці належыць.
Сутнасці самой
усе здаём
усё жыццё
экзамен.
Што цяжыла,
спадзе, нібы рызман.
Я паўтару,
што ўведаю,
ўсім чвэрцям:
не сведчы крыва,
не ўваходзь у зман,
не прысягай багам, —
каб не памерці.
Нас,
распазнаных джаламі жуды,
нацэленых на подзвіг невядомы,
расселяць па адным —
каго — куды.
А мне парадзяць:
«Ты ідзі дадому
Бы хто кране
патайную струну —
з душою загавораць парушэнні.
Ў чатыры столкі
карту я згарну,
нож пакладу,
ўсміхнуўшыся,
ў кішэню.
Не рупячыся,
колькі дзе гадзін,
жыццём з'яднаны,
быццам рэкі з морам,
з тым часам,
што не дзеліцца,
адзін
пайду па апусцелым калідоры.
Кім стаў ужо?
Кім яшчэ мушу стаць?
Нязведаная будучыня кліча.
І будуць доўга ў вокнах пагасаць –
смуткуючы —
знаёмыя абліччы.
Паэма чырвоных вяровак
Жаўцела лотаць.
Вецер ею пах,
і хваляваў,
і вабіў у вандроўкі,
і абяцаў, што там...
А на слупах
вагаліся чырвоныя вяроўкі.
Замкнёны ў год
зламаўся краявід
і паказаў таемнае.
На зломе
увасабляўся тварамі нябыт
і ўсё наўкол,
кім ёсць яно,
знаёміў.
На часткі — шмат:
распалася шкала.
Чаго хто варт? —
пыталіся тавары.
Наступнасць адступалася.
З-за шкла
глядзелі перакуленыя твары.
Далёкае і блізкае
ўпрытык
і ломячы сустрэчаю
значэнні,
сыходзіліся:
позірк не прывык
і вынаходзіў розум
тлумачэнні.
Рос недарод.
Стаяў квадратны год:
стагоддзі абаперліся —
падрубы.
На ўсіх пляцах
аб'яўлены ўзыход
вёў патаемна
у глыбіні згубы.
Мяне спынялі:
нельга нацянькі.
Аблытаны чырвонымі
сцяжкамі,
я жыў нідзе,
нікому.
Пацукі
адважна верашчалі за мяшкамі.
Сціскалася прастора,
як сіло.
Час абяцаў:
не пашкадуе плёну.
Употайкі —
пакуль не рассвіло —
усе наўкол
закопвалі імёны.
Каб разам быць:
відушчы ці сляпы —
ніхто не можа
мець з жыцця карысці.
А рассвіце —
падымуцца слупы.
Мы пра нябёсы
марылі калісьці.
Свае імёны:
аддзялялі — кроў.
Ёсць я і ты.
Але ты плачаш з жалю.
Парадкавыя твары
ў нумароў.
Чаго хто варт —
па іх распазнавалі.
Не тоячы ні радасці,
ні слёз,
ты мной жыла.
І лотаць — для адвару.
Ёсць ты і я,
а паміж намі — лбе,
і ў лесу
пераменлівыя твары.
Акрэсліваўся ўчынкамі.
Цякло
жыццё далей.
Я прыпыняўся нечым.
І краявід накрэсліваў
на шкло:
каб ён застаўся —
вечнае нявечыў.
Страх краўся ўслед.
Хаваў, як запавет,
імя свае ўнутры сябе.
Вяснова
мне не цвісці, як лотаці.
Паэт
агучваў перакуленыя словы.
Пакінуты
разгляду і суду:
пад нумарамі
вартасці і вады,—
я з сутнасцю
аднойчы супаду.
А пацукі захоплівалі ўладу.
Ашукваецца розум
спадцішка.
Пасылкі назапашаны
ў каморах.
Хто ні ішоў —
твар унутры мяшка:
павыгрызаны дзіркі
ў некаторых.
Пытаўся:
хто вы?
Быў адказ:
мільён.
Знадворны плот
з унутранага плота
ўзнікаў і паўтараўся.
Плен — палон,
калі ён аддзяляе
ад палёту.
Хто вёў — спыняў.
Пад позіркам касым
дзялілася, што ёсць,
на шмат і мала.
А што было ўнутры —
на дзіва ўсім,—
нібыта не было яго,
маўчала.
Наўкол казалі:
«Радуемся дню».
Не ведалі:
пахмуры альбо зыркі,
ён у вяроўках —
нібы ўвышыню,
скруціўшыся,
выцягваліся дзіркі.
Шукаў цябе.
Мо адгукнешся, мо?..
Мяшкі — каб ашукаць:
ад недароду.
І сам змаўкаў:
мо спраўдзіцца само?..
Ратунак абяцалі перашкоды.
Не гэткія,
ці ўспомнімся:
свае.
Адбіткі з твару —
можна кратаць:
блізка.
Каб разам быць —
душа не пазнае.
Дзе ты,
дзе я —
знаходзілі па спіску.
Цікавіліся:
нумар — для арэн.
І цікавалі:
радуюся сховам.
І быў адзіны змест
у перамен:
як апынуцца ў целе
пацуковым.
Упісаныя ў пляц,
нібы ў квадрат,
у век наступны
слаліся пасылкі.
Утоптваючы грунт,
ішоў атрад.
Патыліцы прадбачылі
памылкі.
Я мыюся
слатою і жарствой.
Зламаны год —
ці змыюцца пячаткі,
накрэсленыя ім?
Я ўжо не той,
кім краявіду
бачыўся спачатку.
Сам перашкодай стаўшы
насланню,
я перашкоду
адсланю вачыма,
каб хоць здалёк
убачыць светлыню —
дзе апынуся некалі —
айчыны.
Страх адступаўся.
Вецер ёю пах:
каб мелі шчасце
ўваскрасаць і лётаць,
усходзіла
ў дзіравых чарапах,
паволі распускаючыся,
лотаць.