ПУНКЦІРЫ
*
Стаяць на балоце
стагі
з аснежанымі вярхамі –
тутэйшыя горы.
*
Рэчка замерзла.
Мост
здзіўляецца лёду:
адкуль ты ўзяўся?!.
*
На непарушным снезе
лёгкі заечы след
і чалавечы —
цяжкі.
*
Ялінка на сметніку.
Вось і ўвесь Новы год!..
Вось і ўсё наваселле!..
*
Зімовае сонца.
Імкнуцца ўстаць
са снежнай пасцелі
цені.
*
Зіхоткая поўня –
акно,
з якога
глядзіць у душу нябыт.
*
Парушаны мур:
чырванее жар —
цэгла ў бязмежжы
сцюжы.
*
Снежная горка.
Дзеці
злётваюць долу —
ці, можа,
увышыню?!.
*
Чакаем таксоўку ўначы:
чарга
пасунулася на адно месца —
і то весялей.
*
Зімовыя прыцемкі:
снег настае,
растае наваколле.
*
Вісяць між пупышак
замерзлыя кроплі —
таксама
вясны чакаюць?
*
Абудзіўся сярод суровых
зімовых палеткаў:
куды пацячэш,
ручай?!.
*
Які пахмурлівы небакрай!..
Адтуль
вясна надыходзіць.
*
Чырвоны дом на гары —
уволю
я ў ім нагутарыўся б
з цішынёй.
*
Бягуць ручаіны
у полі —
звівы
жвавай гаворкі.
*
Бярэзіна
і без лістоты,
шпакоўня
і без шпака —
пытанні, узнятыя ўгору:
ці не забыўся
пра іх сакавік.
*
Беляць у садзе вясновым
камлі —
галіны
самі пабеляцца неўзабаве.
*
Вісіць і не падае
у паветры
зялёны дождж:
ніцыя вербы зазелянелі.
*
Не бойся цячы, ручай,
у яры і ў ямы:
рака
цябе не забудзе.
*
Вясновы самотны вечар.
Гуляе дзяўчынка
у хованкі з маладзіком.
*
Ля лазні
бярозы ў набраклых пупышках
і дзед-прадавец
з вязкай леташніх венікаў:
не спазніўся?!.
*
Гром загрымеў —
і адразу
аціхлі ўсе галасы,
нябёсы гавораць!
*
Першыя кроплі дажджу:
на плітах
азбука кропак.
*
Ладкуюць гнёзды гракі:
абламанае вецце
зноўку
вяртаецца дрэвам.
*
Здалечыні,
праз начную імглу,
агеньчыкі замігцелі:
адзіны ва ўсім наваколлі дом,
што не спіць, —
бальніца.
*
Вішня наўскрай дарогі,
спяшайся
першаю расцвісці —
у пчол
абранніцай будзеш.